Пастаўчане супраціўляліся ўпарта

Спорт

ЦАР (Жлобін) — “Атлант” (Паставы) – 3:0, 3:0

Па просьбе саперніка і лідара першынства пастаўчане пагадзіліся гэтыя выязныя матчы згуляць на тыдзень пазней, што  дало ім магчымасць крыху больш адпачыць і лепш падрыхтавацца да няпростых сустрэч. У Жлобіне госці, як і летась, гулялі ў асноўным маладзёжным складам, але зрабілі важныя перастаноўкі на пляцоўцы. На пазіцыю дыяганальнага ў атацы перайшоў Віталь Варанец, што ўзмацніла атакуючы патэнцыял пастаўчан. Свабодным абаронцам лібера на­дзейна адгуляў навучэнец прафтэхкале­джа Валерый Казека. Жлобінцы ў першай партыі нават не чакалі, што сапернік акажа ім такое ўпартае супраціўленне.

Пастаўчане былі вельмі блізкія да перамогі ў гэтай партыі, але ў рашаючы момант на задняй лініі выхаванцы Жлобінскага цэнтра алімпійскага рэзерву згулялі бездакорна. Пасля гэтага гаспадары загулялі яшчэ мацней, без асаблівых праблем давялі першую сустрэчу да перамогі. Паўторны паядынак праходзіў у яшчэ больш упартай барацьбе, бо ў параўнанні з мінулым сезонам пастаўчане ўзмацнілі сваю гульню. Праўда, па ўзроўні каманднага ўзаемадзеяння наша каманда яшчэ саступае леташняму чэмпіёну Беларусі, у якога лепш пастаўлена гульня на блоку і над сеткай. Госці стараліся, але зноў сапернік згуляў у канцоўках мацней і атрымаў чарговую перамогу ў першынстве, адарваўшыся ад  аршанцаў, якія ідуць другімі, на 6 ачкоў.

Менавіта з аршанскім “Узлётам” у гэтыя выхадныя пастаўчане правядуць на сваёй пляцоўцы заключныя паядынкі першага круга і чакаюць падтрымкі ад сваіх прыхільнікаў. Першая гульня на ФАКу пачнецца ў суботу ў 18 гадзін, а ў нядзелю, 20 снежня, стартавы свісток на паўторны матч прагучыць у 11.00. Перад гэтым у туры № 4 аршанцы двойчы перамаглі каманду “Ваенная акадэмія” (Мінск) з лікам партый 3:0. Больш упарта праходзілі гульні ў беларускай сталіцы, дзе спачатку гро­дзенскі “АСДЮШАР-Камунальнік” з лікам 3:1 адолеў выхаванцаў рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Аднак у паўторнай сустрэчы мінчане з лікам 3:2 узялі рэванш у гродзенцаў і падняліся на 4-ты радок турнірнай табліцы. Яны апераджаюць пастаўчан і сваіх землякоў-армейцаў толькі на 2 балы.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.