Пастаўскі Айбаліт


Напісаць пра Канстанціна Уладзіміравіча Дзіковіча параілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама. Маўляў, гэта адзін з тых нямногіх прадпрымальнікаў, якія будуюць свой бізнес не па прынцыпе «купіў-прадаў», а займаюцца аказаннем паслуг. Ён — уласнік ветэрынарнай лячэбніцы «Сёма» па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры і невялікай гандлёвай кропкі на рынку «Гарызонт».

Калі я прыйшла на сустрэчу да Канстанціна, ён прымаў тавар — сухі корм для хатніх гадаванцаў. Побач круцілася шэранькая кошачка. Пытаюся: «Ваша?» Адказвае: «Не, проста я яе падкормліваю». Жывёл ён любіў заўсёды, таму і падаў дакументы ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, дзе і атрымаў спецыяльнасць ветурача. Кажа, што не шкадуе пра гэта:

— Мне падабаецца мая прафесія. Заўсёды імкнуся павышаць кваліфікацыю, чытаю спецыялізаваную літаратуру. Вітаю закона­праект «Аб абыходжанні з жывёламі», які праду­гледж­вае абавязковае чыпіраванне. Гэта дасць магчымасць не толькі знайсці гадаванцаў, якія згубіліся, але і не дазволіць безадказным уладальнікам беспакарана выкідваць іх на вуліцу. У самога дома два гадаванцы — кот Мустафа і сабака Сёма.

Працоўную дзейнасць К. Дзіковіч пачынаў у раённай ветэрынарнай станцыі, затым сем гадоў адпрацаваў галоўным ветэрынарным урачом у адной з гаспадарак раёна, але зарплата была невысокай, таму і вырашыў заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

— Пачынаў з зоамагазіна, а два гады таму атрымаў ліцэнзію на медыцынскую дзейнасць і адкрыў ветэрынарную лячэбніцу. Асноўны ўпор у ёй зроблены на лячэнні жывёл, таксама наладжаны невялікі гандаль. Больш шырокі асартымент зоатавараў як для хатніх гадаванцаў, так і для буйной рагатай жывёлы прадстаўлены на рынку, — расказваў К. Дзіковіч. — Паслугамі ветлячэбніцы карыстаюцца жыхары нашага і суседніх раёнаў, а таксама Мінска, якіх прывабліваюць цэны на розныя аперацыі жывёле — яны ў тры разы ніжэйшыя за сталічныя.

З чым толькі ні сутыкаўся за сваю практыку ветурач! Вельмі шкодзяць справе пастаноўка дыягназу і лячэнне зусім недасведчанымі людзьмі. Асабліва гэтаму «спрыяе» інтэрнэт, дзе ў адкрытым доступе знахо­дзіцца самая разнастайная інфармацыя. Але ж карыстацца ёй трэба з розумам. Да прыкладу, узбуджальнікамі каросты з’яўляюцца альбо грыбкі, альбо кляшчы. Адпаведна, і лечацца гэтыя два віды хваробы па-рознаму. Таму самастойна пастаўлены дыягназ вельмі часта аказваецца няпра­вільным, і такое лячэнне прыводзіць да запушчанай стадыі хваробы, якую вылечыць значна складаней, чым на першапачатковым этапе. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка — лячэнне жывёл гарэлкай.

— Рабіць так ні ў якім разе нельга, — папярэджвае ветурач. — Бо гэта нагрузка на печань і дадатковая інтаксікацыя. Падазраяце харчовае атручэнне ў жывёлы — дайце таблетку актываванага вугалю. Калі на працягу сутак не наступіць паляпшэнне, то звярніцеся да спецыяліста.

Таксама не пажадана карыстацца прэпаратамі, якія прадухіляюць ахвоту ў жывёл. Імі прадпрымальнік прынцыпова не гандлюе, паколькі няправільна падабраная доза (яе вызначыць можна, толькі даследаваўшы гарманальны фон) можа прывесці да гарманальнага збою, фарміравання кіст і пухлін. Не хочаце, каб у вашага гадаванца было патомства — лепш за ўсё зрабіць кастрацыю або стэрылізацыю. Насуперак існуючай думцы гэтыя аперацыі не скарачаюць жыццё жывёле. Адзіны нюанс, які варта ўлічваць пасля кастрацыі, гэта кармленне. Катам трэба даваць альбо звычайную ежу, альбо пераводзіць на спецыялізаваны корм. Калі гэтага не зрабіць, то высокая верагоднасць развіцця мочакаменнай хваробы.

Падчас размовы Канстанцін Дзіковіч даў многа карысных парад па кармленні і доглядзе жывёлы. На жаль, пералічыць у адной публікацыі іх немагчыма. Таму, калі ў вас ёсць пытанні, звяртайцеся да пастаўскага Айбаліта і атрымлівайце слушныя адказы, а таксама кваліфікаваную дапамогу вашым гадаванцам.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.