Паставілі на захоўванне, час рамантаваць

Сельское хозяйство

Такое можна было ўбачыць на машынным двары сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Андроны”

Карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыць  з намеснікам начальніка аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерыем МУРЗАМ.

— Валерый Сцяпанавіч, сёлета атрымана самая высокая за ўсю гісторыю раёна ўраджайнасць зерневых і зернебабовых. Зроблены нядрэнны за­дзел на наступны год. На 15500 гектарах пасеяны азімыя зерневыя і рапс. Больш чым на 13000 гектараў праведзена зяблевае ворыва. Як вы ацэньваеце работу машынна-трактарных паркаў гаспадарак?

— У цэлым колькасць сельскагаспадарчай тэхнікі ў раёне і прафесійнае майстэрства механізатараў дазваляюць  праводзіць большасць работ у лепшыя тэрміны. Без уліку спісаных машын, у якіх закончыўся тэрмін амартызацыі, на пачатак лістапада ў  гаспадарках налічваліся 452 трактары, у тым ліку 71 энерганасычаны, 110 зерне-, 34 корма- і 19 ільноўборачных камбайнаў, 90 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 44 пагрузчыкі, 47 прэс-падборшчыкаў, 52 раскідвальнікі мінеральных угнаенняў і іншая тэхніка. Пераважная большасць яе эксплуатуецца на працягу 5-10 гадоў, а таму і патрабуе рамонту. У якіх аб’­ёмах і што канкрэтна трэба зрабіць,  вызначана ў раённай праграме аднаўлення сельгасмашын ў 2015—2016 гадах, якая складзена на падставе заявак інжынерных службаў сельгасарганізацый. Для таго, каб адрамантаваць трактары, усе віды камбайнаў, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, зернеачышчальныя сушыльныя комплексы, патрабуецца амаль 27 мільярдаў рублёў. Зацверджана таксама заданне па здачы ў рамонт вузлоў, агрэгатаў і паўнакамплектных машын на спецыяльныя прадпрыемствы вобласці. Вызначаны колькасць і кошт дызельнага біяпаліва і бензіну, якія патрэбны для выканання работ у наступным годзе.

— Арганізацыі рамонту папярэднічала пастаноўка тэхнікі на захоўванне. Як справіліся з работай на месцах?

— Агульнымі патрабаваннямі для ўсіх арганізацый аграпрамысловага комплексу з’яўляюцца Правілы захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, зацверджаныя Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання ў 2009 годзе. Разам са спецыялістамі раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду іх выкананне  правяралі на працягу кастрычніка-лістапада. Першачарговая ўвага звярталася на тэрміны пастаноўкі на захоўванне зерне- і кормаўборачнай тэхнікі, пасяўных і глебаапрацоўчых машын. З гэтай работай трэба было ўправіцца да 1 лістапада. У пераважнай большасці гаспадарак так і зрабілі. Тэхніка была своечасова ачышчана і памыта, расстаўлена па марках і відах, змешчана на падстаўкі, рабочыя органы захаваны ад карозіі, а колы — ад уздзеяння сонечных промняў. На самаходных машынах надзейна загерметызавалі рухавікі. Папярэдне была праведзена дасканалая дэфектоўка тэхнікі і агрэгатаў, выяўлены няспраўнасці і паломкі.  Адказна падышлі да выканання гэтых і іншых патрабаванняў ДАСТу інжынерныя службы і механізатары ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”, філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”, СП “Дунілавічы-агра” і шэрага  іншых.

У той жа час па некалькі разоў даводзілася наведвацца ў СВК “Андроны”, ААТ “Янавіца-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, мягунскае і мулярскае аддзяленні ААТ “Камайскі-агра”, сельгас­аддзяленне АБП “Рассвет Пастаўскі” і некаторыя іншыя, каб навесці парадак на машынных дварах, арганізаваць як след работу па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне. На вялікі жаль, месцамі і па сённяшні дзень не ўсё зроблена так, як павінна быць.

— Валерый Сцяпанавіч, не сакрэт, што з-за адсутнасці грашовых сродкаў месцамі рамонт тэхнікі ідзе марудна, у некаторых гаспадарках яго адкладваюць на наступны год.

— Гэта не зусім так. Практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, зыходзячы з рэальных магчымасцей, рамантуюць трактары. У ААТ “Хацілы-агра”, “Вярэнькі-агра”, “Парыж-агра”, філіяле “Нафтазаводмантаж-агра” і некаторых іншых прыступілі да рамонту плугоў,чызеляў, камбінаваных пасяўных агрэгатаў і іншых сельгасмашын. Уся тэхніка, якая будзе задзейнічана на веснавых палявых работах, павінна быць пастаўлена на лінейку гатоўнасці да 1 сакавіка 2016 года. З афармленнем актаў яе будуць прымаць спецыяльныя камісіі, створаныя ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Практыка папярэдніх гадоў пацвярджае, што поспех на сяўбе забяспечваецца там, дзе высокая гатоўнасць тэхнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.