Патрабуе ўдасканалення

Местная власть

Рашэннем райвыканкама №106 ад 25 студзеня 2011 года былі зацверджаны мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы ў арганізацыях раёна на 2011—2015 гады. Тое, як яны выконваюцца, разгледжана на лістападаўскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. У яго рабоце прыняў удзел галоўны дзяржаўны інспектар Глыбоцкай міжраённай інспекцыі працы У. Пляшак.

Як далажыла галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ж. В. Цуканава, у 2011—2014 гадах лічбавыя паказчыкі мерапрыемстваў былі выкананы ў поўным аб’ёме. Працягваецца комплексная і сістэмная работа і сёлета. У бягучым годзе на выкананне мерапрыемстваў па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасці, паляпшэнні ўмоў работы зрасходавана каля 20 мільярдаў рублёў. Абсталявана і перааснашчана 18 куткоў і 1 кабінет па ахове працы, адрамантавана і ўведзена ў эксплуатацыю 13 санітарна-бытавых памяшканняў, палепшана або прыведзена ў адпаведнасць з санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі 91 рабочае месца са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы для 143 чалавек.

Пад пастаянным кантролем знаходзіцца ўкараненне ў арганізацыях сістэмы кіравання аховай працы ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзяржаўнага стандарта СТБ18001-2009. Такія сістэмы ўкаранёны ў 120 арганізацыях, у тым ліку сёлета — у 17-ці. Аднак работа па зніжэнні ўзроўню вытворчага траўматызму, паляпшэнні ўмоў і аховы працы патрабуе далейшага ўдасканалення. Прызнана недастатковай работа  кіраўнікоў Пастаўскага лясгаса, СВК “Андроны”, філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17”, дзе сёлета дапушчаны няшчасныя выпадкі на вытворчасці, а таксама СП “Дунілавічы-агра” (у гэтай гаспадарцы з колькасцю працуючых 220 чалавек на працягу паўгода не запоўнена вакантная пасада спецыяліста па ахове працы).

У прынятым рашэнні запатрабавана ад кіраўнікоў прадпрыемстваў раёна ўсіх форм уласнасці ў тэрмін да 24 снежня бягучага года забяспечыць выкананне запланаваных на 2015-ы мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў і аховы працы, а таксама прыняць належныя меры па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №1, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2014 года №5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.

 Калі дом аджыў сваё…

На лістападаўскім пасяджэнні раённага выканаўчага камі­тэта таксама разгледжана пытанне “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці дамоў у сельскай мясцовасці, якія пустуюць або струхнелі”.

Рэаліі сённяшняга дня такія, што колькасць сельскага насельніцтва ўсё больш скарачаецца. Маладыя людзі з’язджаюць у гарады, а зямны шлях пажылых завяршаецца. У выніку дамы, у якіх некалі віравала жыццё, пусцеюць і без гаспадарскага догляду паступова трухнеюць. Прыдамавыя тэрыторыі зарастаюць бур’яном, псуюць выгляд населенага пункта, наганяючы самоту. Такой карціны не павінна быць. Калі дом аджыў сваё, калі ён не мае гаспадароў, яго трэба знесці — разабраць і выкарыстаць на дровы або… пахаваць пад зямлю.

Пра гэта і ішла размова на пасяджэнні райвыканкама. Па абазначанай тэме праінфармаваў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі М. К. Доўмант. Затым былі заслуханы тлумачэнні шэрага старшынь сельскіх Саветаў. Адзначана, што з мэтай выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і струхнелых дамоў у сельскай мясцовасці”, выда­дзенага 23 лютага 2012 года, на Пастаўшчыне знесена 128 такіх дамоў, з раённага бюджэту на гэтыя мэты выдаткавана 349 мільёнаў рублёў. Пасля зносу дамоў пераразмеркавана зямельных участкаў агульнай плошчай 80 гектараў.

Кіраўнік раённай вертыкалі В. С. Гутараў, які вёў пасяджэнне райвыканкама, і старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў зазначылі, што ўсе гэтыя лічбы маглі б быць вышэйшымі, калі б старшыні сельскіх Саветаў праявілі больш ініцыятывы і настойлівасці і запатрабавалі актывізаваць работу.

З лета 2012 года ў раёне працуе міжведамасная ка­місія па абследаванні дамоў з мэтай іх уключэння ў рэгістр пустуючых дамоў. За 11 месяцаў бягучага года ў рэгістр уключаны 34 такія дамы. У тым ліку ў Камайскім сельсавеце — 11, Курапольскім — 7, Казлоўшчынскім — 5. У той жа час у Валкоўскім і Дунілавіцкім — ніводнага. Варапаеўскім і Дунілавіцкім сельвыканкамамі не выкарыстаны грошы, выдзеленыя на знос дамоў.

Работа па зносе пустуючых і трухлявых дамоў павінна весціся не сезонна, а круглы год. З разуменнем павінны аднесціся да гэтай справы і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца. Бо ў канчатковым выніку гэта з’яўляецца навядзеннем парадку на зямлі.

Па абмеркаваным пытанні прынята рашэнне, выкананне якога паспрыяе як удасканаленню ўліку пустуючых або струхнелых дамоў у сельскай мясцовасці, так і іх зносу.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.