Прыклад мужнасці і аптымізму

Общество

3 снежня ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, адзначаўся Дзень інвалідаў. Гэта, безумоўна, не свята, а найперш — заклік чарговы раз завастрыць увагу грамадскасці на шматлікіх праблемах людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А таксама выдатная нагода ім дапамагчы, падтрымаць.

Напярэдадні гэтай даты ў раённым Доме культуры прайшла акцыя міласэрнасці “Святло душы”. Яе ганаровым госцем стаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку К. К. Ламчаноўскі.

Мерапрыемства аб’яднала людзей з абмежаванымі магчымасцямі самага рознага ўзросту. Перад пачаткам канцэртнай праграмы іх чакала нямала сюрпрызаў яшчэ ў фае. Нечаканым падарункам стала дэгустацыя прадукцыі Пастаўскага малочнага завода і рай­спажыўтаварыства. Госці маглі ўдосталь паласавацца сырамі, сокам, кісламалочнымі, мяснымі, хлебабулачнымі вырабамі, квашанымі капустай, агуркамі ды іншай гароднінай. А колькі тут было творчасці! Яркія экспазіцыі падрыхтавалі пастаяльцы Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната і наведвальнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН. Работы былі выкананы ў самых розных тэхніках — нельга было не спыніць погляду на вышыўках, вырабах з паперы, тканіны, дрэва, нітак…

Добры настрой у фае ствараў сямейны ансамбль Пачкоўскіх з Гуты. Як і ў ранейшыя гады, тут можна было атрымаць кансультацыі псіхолага, урача, спецыяліста па пенсіённых пытаннях, прысутнічалі і прадстаўнікі раённай арга­нізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

І вось усе сабраліся ў глядзельнай зале. Першыя словы прывітання гучалі ад намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыя Мікалаевіча Кісялёва.

— Мне вельмі прыемна сустракацца з вамі як цяпер, на ўрачыстасці, так і ў будныя дні, — адзначыў ён. — Многіх прысутных ведаю асабіста. Не перастаю здзіўляцца і захапляцца вашым апты­мізмам, мэтанакіраванасцю. Вы — прыклад таго, як трэба пераадольваць цяжкасці, жыць насуперак абставінам. І кожнаму патрэбны дапамога, падтрымка ў вырашэнні бытавых праблем, пытанняў, звязаныя з лячэннем, перамяшчэннем па горадзе. Раённая выканаўчая ўлада гэта разумее і ўсяляк стараецца дапамагчы. Для больш чым 1800 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, якія пражываюць на Пастаўшчыне, робіцца нямала для таго, каб яны камфортна адчувалі сябе ў грамадстве. Аднак многа работы яшчэ наперадзе.

Юрый Мікалаевіч скіраваў увагу і на тое, што нядаўна ў райцэнтры адкрылася новае аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Пастаўскага ТЦСАН, скарыстацца паслугамі якога могуць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці ўсім работнікам сацыяльнай службы, якія не толькі прафесійным падыходам, але і добрымі, спагадлівымі адносінамі падтрымліваюць гэту ўразлівую катэгорыю грамадзян.

— Сёння ўсе бачылі выставы ў фае, — працягваў Ю. М. Кісялёў. — Іх аўтары сваёй творчасцю даказваюць, што нават могуць канкурыраваць з людзьмі, у якіх няма праблем са здароўем, быць для іх станоўчым прыкладам. На жаль, у сучасным грамадстве ёсць такія, хто не прыкладвае ніякіх намаганняў, каб жыць паўнавартасным жыццём, радавацца кожнаму новаму дню. Вы — узор мужнасці, маральнай стойкасці, нязломнасці. Няхай заўсёды аберагае вас анёл-ахоўнік, паляпшаецца здароўе, а побач будуць людзі з адкрытымі сэрцамі.

Падчас мерапрыемства Ю. М. Кісялёў уручыў Падзякі старшыні райвыканкама С. П. Кішко, А. Г. Пачкоўскаму, Г. К. Протас, якія, нягледзячы на пэўныя цяжкасці са здароўем, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, шмат сіл і часу прысвячаюць творчасці. Дзе яны сябе толькі ні праявілі! Станіслаў Пятровіч Кішко  неаднойчы станавіўся прызёрам раённых песенных конкурсаў, абласных аглядаў-конкурсаў, з’яўляецца пераможцам песенных “спаборніцтваў”,  што праводзіць абласная арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, атрымаў шмат дыпломаў (у тым ліку і вышэйшай ступені) на многіх музычных фестывалях.

Нямала дасягненняў мае і Аляксандр Генадзьевіч Пачкоўскі — ён стварыў сямейны ансамбль народных інструментаў “Гуцкія музыкі”, які заняў першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе “Клопат”, стаў лаўрэатам рэспубліканскага сацыяльна-культурнага праекта Беларускага таварыства інвалідаў па зроку “Art VISION” (і гэта далёка не ўсе перамогі). Ганна Кірылаўна Протас актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах па абароне правоў і інтарэсаў інвалідаў, з’яўляецца прызёрам абласнога свята-конкурсу мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Сонечнае святло для ўсіх”… Ніхто не сумняваецца, што спіс узнагарод у гэтых таленавітых лю­дзей штогод будзе толькі папаўняцца.

Наступным на сцэну вядучая Таццяна Кухальская запрасіла старшыню Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Канстанціна Канстанцінавіча Ламчаноўскага.

— Міжнародны дзень інвалідаў — добрая магчымасць падвесці вынікі работы, — гаварыў ён. — Сёлета ў вобласці ладзіўся шэраг мерапрыемстваў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі — як медыцынскага кірунку, так і спартыўнага, творчага — шматлікія выставы, фестывалі, конкурсы… Асаблівая ўвага на праблемы інвалідаў па зроку акцэнтавалася падчас ужо традыцыйнага месячніка “Чалавек з белай палачкай”, які праходзіў па ўсёй Беларусі і ў Віцебскай вобласці ў прыватнасці. Наша арганізацыя заўсёды цесна супрацоўнічае з дзяржаўнай уладай, упраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў, мясцовымі тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дзякуючы іх падтрымцы і можам увасабляць у жыццё многія свае задумы.

Канстанцін Канстанцінавіч таксама нагадаў пра Указ Прэзідэнта краіны аб падпісанні Беларуссю Канвенцыі аб правах інвалідаў, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН у снежні 2006 года. Асноўная мэта гэтага дакумента — у заахвочванні, абароне і забеспячэнні поўнага і роўнага ажыццяўлення ўсімі івалідамі правоў і свабод чалавека. У Беларусі будзе распрацавана адпаведная праграма, скіраваная на вырашэнне праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. “Будзем сустракацца часцей і працаваць з яшчэ большай актыўнасцю”, — упэўнены Канстанцін Ламчаноўскі.

Пасля завяршэння выступлення ён абмяняўся сувенірамі з дырэктарам Пастаўскага ТЦСАН Дзіянай Іванаўнай Пякарскай, якая ў сваю чаргу падзякавала госцю з Віцебска за плённае супрацоўніцтва, спонсарскую дапамогу і ўвагу да пастаўчан з боку абласной арганізацыі.

Усіх чакаў канцэрт. Кранальныя песні пад гармонік выканала віцябчанка Антаніна Фяленка, таксама спявалі Станіслаў Кішко, Надзея Лапушынская. Выступілі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дуні­лавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў — Алеся Мілко, Вольга Фамінова, Яўген Ландышка, Віктар Муха, Святлана Яленская, Аляксандр Быдзан. У яркіх касцюмах яны выканалі і беларускую польку, заслужыўшы гэтым у свой адрас асабліва шмат апладысментаў. Завяршылася ўрачыстасць выступленнем заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Паазер’е”.

3 снежня мерапрыемства да Дня інвалідаў прайшло і ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН. Яго наведвальнікі атрымалі ў падарунак шмат пазітыву, добры настрой. Думаецца, ён яшчэ доўга будзе ў сэрцах гэтых асаблівых людзей з асабліва далікатнай і шчырай душой.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.