Шахматны калейдаскоп

Спорт

У напружанай барацьбе прайшлі гульні трэцяга этапа міжраённых спаборніцтваў па хуткіх шахматах сярод школьнікаў. Турніры традыцыйна праводзяцца ў Глыбокім у сем тураў па швейцарскай сістэме. На гэты раз ніхто з удзельнікаў не пазбегнуў горычы паражэнняў. Яўны лідар і фаварыт турніраў Жэня Ліпская з СШ №1 (на першых двух этапах набрала максімальныя 14 ачкоў) цяпер заваявала 5,5 ачка з 7 магчымых і заняла другое месца. А вось у агульным заліку дзяўчынка пакуль недасягальная для сапернікаў і мае ў актыве 19,5 ачка.

Нашы хлопчыкі такімі дасягненнямі пахваліцца не могуць. У іх зноў не заладзілася гульня. Лепшы вынік паказаў Матфей Іваноў (СШ №2), які фінішаваў у канцы першай дзясяткі мацнейшых.

* * *

Не змяніўся рэгламент правядзення чэмпіянату раёна па хуткіх шахматах. Спачатку будзе праведзена восем адборачных турніраў, па выніках якіх восем мацнейшых у красавіку 2016 года разыграюць па кругавой сістэме званне чэмпіёна. Каб згуляць у фінальнай частцы спаборніцтваў, неабходна набраць максімальна высокі каэфі­цыент у трох любых турнірах. Нагадаю, што першы адборачны турнір даволі ўпэўнена выйграла Жэня Ліпская (СШ №1). Другім фінішаваў Уладзімір Пляшак (Глыбоцкая міжраённая інспекцыя працы), трэцім — Віктар Шастакоў (ФК “Атлант”).

Другі адборачны турнір вызначаўся масавасцю і яшчэ большай непрадказальнасцю. Толькі яўны фаварыт Аляксандр Сямёнаў  (ЦБП №230 філіяла ААТ “ААБ “Беларусбанк” за тур да заканчэння забяспечыў сабе першынство. Пераможца набраў 6 ачкоў з 7 магчымых, нікому не прайграў і двойчы згуляў унічыю з Д. Крупадзёравым (ААТ “Паставымэбля”) і Ю. Катовічам (Андронаўская БШ). Другое месца зноў заняў Уладзімір Пляшак. Трэці прызёр вызначыўся ў гульні апошняга тура паміж Віктарам Шастаковым і аўтарам гэтых радкоў. На гэты раз барацьбы не атрымалася, бо даволі ўпэўнена перамог ветэран шахмат В. Шастакоў. Трэці тур адбудзецца 27 снежня.

* * *

13 снежня ў Докшыцах адбыўся прадстаўнічы абласны турнір на прызы мясцовага спарткамітэта. Напружаная барацьба разгарнулася ў асабістым заліку. На фінішнай прамой перад апошнім турам адразу 6 шахматыстаў рэальна прэтэндавалі на прызавыя месцы. Перамог М. Юла з Браслава. У прызёрах таксама С. Валодзькін і А. Жытковіч (абодва з Докшыц).

Гонар нашага раёна абараняў адзіны прадстаўнік — хірург Андрэй Паўлаў.  Пры даволі вялікай шчыльнасці вынікаў ён набраў 3,5 ачка і размясціўся ў верхняй частцы выніковай табліцы.

Ю. КАТОВІЧ,

няштатны карэспандэнт.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.