Танна і якасна


Апаратчык пуха-пёравых вырабаў Вера Уладзіміраўна Вештарт.

Нядаўна стала сведкай гутаркі дзвюх жанчын, якія абмяркоўвалі мыццё пухавікоў. «У машыне мыю, затым некалькі разоў палашчу, але ўсё адно ніяк не атрымліваецца дамагчыся жаданага эфекту: пасля сушкі пухавік у разводах», — гаварыла адна. Субяседніца параіла ёй скарыстацца паслугамі пральні, маўляў, мыюць хутка, якасна і нядорага.

Пры сустрэчы пытаюся ў дырэктара КУП «Пастаўскі райбыткамбінат» Ларысы Віктараўны Федарэнка, у чым сакрэт і ці шмат заказаў у пральні.

— У нас вялікія па аб’ёме машыны, таму пухавікі добра выпалоскваюцца. Дамагчыся такога выніку ў машыне з максімальнай загрузкай бялізны, скажам, тры з паловай кілаграмы, немагчыма. Вось па гэтай прычыне той, хто аднойчы скарыстаўся нашымі паслугамі, становіцца пастаянным кліентам, — адказвала Л. Федарэнка. — У аб’ёме рэалізацыі бытавых паслуг насельніцтву паслугі пральні займаюць адно з вядучых месцаў і складаюць 31,8%. За дзесяць месяцаў бягучага года планавае заданне выканана на 101,7%, тэмп росту ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 130%. Вялікая заслуга ў гэтым прыёмшчыцы заказаў Галіны Віктараўны Чыгір, якая прыйшла ў пральню сёлета ў сакавіку. Яна ветлівая і тактычная, даходліва тлумачыць, умее зацікавіць.

Для Галіны Віктараўны работа з людзьмі не ў навіну, да гэтага яна працавала спачатку цырульнікам, затым прадаўцом. Кажа, што менавіта гэты фактар (жывыя і пастаянныя зносіны) ёй больш за ўсё да душы. Спадабаўся і невялікі дружны калектыў. Аператарам праль­­ных машын тут працуе Алена Ва­сільеўна Возняк, апаратчыкам чысткі пуха-пёравых вырабаў — Вера Уладзіміраўна Вештарт, прасавальшчыцамі шчыруюць Зоя Генрыкаўна Лушчык і Марына Антонаўна Янэль. Сумеснымі намаганнямі жанчыны добраўпарадкавалі тэрыторыю, зрабілі касметычны рамонт памяшкання.

Прасавальшчыцы Зоя Генрыкаўна Лушчык і Марына Антонаўна Янэль за работай.
Заказ прымае Галіна Віктараўна Чыгір.

— Попыт на паслугі — сезонны. Зараз найбольшай папулярнасцю карыстаецца мыццё пухавікоў. Пры гэтым многія людзі першапачаткова хочуць здаць іх у хімчыстку. Але навошта плаціць больш і чакаць даўжэй, калі вынік адзін і той жа? Гэта і спрабую данесці нашым кліентам. Кошт мыцця пухавіка залежыць ад вагі і складае 29500 за кілаграм (гэтыя вырабы важаць да двух кілаграмаў), забраць рэч можна, самае вялікае, праз тыдзень. Хімчыстка каштуе 200 тысяч, і гэта паслуга аказваецца ў Мала­дзечне, чакаць прыйдзецца мінімум паўтара месяца, — расказвала Г. Чыгір. — Кожны ў калектыве стараецца, напэўна, таму ў кліентаў няма прэтэнзій да якасці мыцця, і гэта радуе.

Памыць у пральні можна не толькі пухавікі, але і пасцельную бялізну, розную вопратку, ватовыя коўдры, пледы, мэблевыя і аўтамабільныя чахлы, невялікія сінтэтычныя дываны і іншае, а таксама здаць у чыстку пуха-пёравыя вырабы, заказаць для іх насыпкі. Расцэнкі больш чым дэмакратычныя — яны рэгулююцца нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Напрыклад, адзін кілаграм пасцельнай бялізны тут памыюць усяго за 7700 рублёў. Кліенты пральні — жыхары райцэнтра, прадпрыемствы горада і воінскія часці. Акрамя гэтага, сюды прывозяць бялізну, якую жыхары раёна здаюць у мыццё на дзевяці комплексных прыёмных пунктах і ў Варапаеўскім і Лынтупскім Дамах быту. Спецыяльна для тых, хто хоча кантраляваць увесь працэс, увялі новую паслугу — самаабслугоўванне. Цяпер кожны можа прыйсці ў пральню і самастойна памыць свае рэчы.

— Ёсць чым пахваліцца, але, на жаль, сутыкаемся і з пэўнымі цяжкасцямі. Перш за ўсё, гэта знос абсталявання, якое мае патрэбу ў абнаўленні, — працягвала размову Ларыса Віктараўна Федарэнка. — Дзякуй райвыканкаму запастаянную падтрымку. Таксама штогод сродкі на набыццё сыравіны і матэрыялаў выдзяляе ўпраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці.

У планах — набыццё прасавальнага катка, наступныя на чарзе — пральныя машыны.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.