«Тэхніку люблю з дзяцінства»

Местная власть

“Амкадору”, на якім працуе Павел Цыунель, 10 гадоў, а выглядае нібыта новы. І ўсё таму, што механізатар беражэ пагрузчык, сочыць за яго станам.

— Тэхніку люблю з дзяцінства, — гаварыў Павел Вацлававіч. —  Усё маё жыццё з ёй звязана. Пасля заканчэння Відзаўскага прафтэхвучылішча крыху папрацаваў у адной з гаспадарак Браслаўскага раёна. Затым была служба ў арміі, яе праходзіў ва ўкраінскім Хмяльніцку. А калі вярнуўся дадому, паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт).

Але вучоба Паўла не захапіла, цікавей было працаваць непасрэдна на тэхніцы. Таму на другім курсе студэнцтва закончылася. Уладкаваўся ў Пастаўскі райбыткамбінат трактарыстам. Неўзабаве пазнаёміўся з будучай жонкай. Ірына — пастаўчанка. Да яе і перабраўся ад бацькоў з Браслаўшчыны. У мінулым годзе Павел і Ірына адзначылі сярэбранае вяселле. Пабудаваны дом, ля яго пасаджаны яблынькі, дарослыя ўжо дзеці. Дачка пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка працуе ў Мінску. Сын вучыцца на трэцім курсе акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

— У ДРБУ-132 перайшоў 21 год таму, — расказваў. — Арганізацыя пастаянна была сярод мацнейшых у раёне. Дзе кіраўнік — гаспадар, там і справы ладзяцца. Пачынаў на старэнькім пагрузчыку на аснове “Беларуса”, праз некаторы час даверылі новы “Амкадор”. Работы ў той час хапала. Асноўны  занятак цяпер  — пагрузка пяску, гравію ў кар’еры “Данеўцы”, пасылаюць на асфальтабетонны завод у Боцвіны. “Амкадоры” незаменныя пры пагрузцы розных цяжкіх матэрыялаў. Віктар Галубоўскі, Павел Козіч, Станіслаў Крывец —  таксама машыністы пагрузчыкаў. Усе — прафесіяналы.

Напісаць менавіта пра П. В. Цыунеля парэкамендаваў начальнік філіяла “Пастаўскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне-132” Станіслаў Альфрэдавіч Рагіня, ён адзначаў акуратнасць, адказнасць, добрасумленнасць, надзейнасць механізатара. Кіраваць пагрузчыкам унушальных памераў з вялікім каўшом складана, ад машыніста патрабуюцца дакладнасць рухаў, высокія прафе­сійныя навыкі. Імі Павел Вацлававіч Цыунель валодае дасканала.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.