У горад завітала лясная прыгажуня


У мінулую  пятніцу на плошчы імя Леніна ў Паставах устаноўлена галоўная ёлка горада. Вырасла зялёная прыгажуня ў Камайскім доследным лясніцтве. Яе вышыня  — амаль 18 метраў, вага — 2,5 тоны, узрост — каля 70 гадоў.

Гэту елку мы прыкмецілі даўно, —  расказваў начальнік ад­дзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Доўмант. —  Але пад’ехаць да яе было складана. Сёлета лета і восень выдаліся засушлівымі, глеба падсохла. Таму толькі ў адным месцы прыйшлося зрабіць падсыпку, каб бесперашкодна праехалі  МАЗ з велікагрузным прычэпам, кран і іншая тэхніка. Амаль чатыры гадзіны спатрэбіліся для таго, каб  спілаваць, пагрузіць і ў суправаджэнні аўтамашыны Дзяржаўтаінспекцыі транспарціраваць у горад вялізнае дрэва.

Вальшчык Часлаў Танана.
Вадзіцель Генадзій Врублевіч і машыніст аўтакрана Аляксандр Александроў.

У няпростым працэсе амаль у поўным складзе была задзейнічана брыгада лесарубаў УП ЖКГ на чале з майстрам Юрыем Аўсюком. Права спілаваць  елку выпала  вальшчыку Чаславу Танане. Зрабіў ён гэта як сапраўдны прафесіянал. Шмат клопатаў дасталася машыністу аўтакрана Аляксандру Александрову. Ён таксама па-майстэрску, з высокай адказнасцю ўпраўляўся з незвычайным грузам. Без пашко­джанняў даставіў елку ў горад вадзіцель Генадзій Врублевіч. А інакш і не магло быць, бо на яго рахунку гэта сёмая па ліку лясная прыгажуня. Затым лесарубы і транспартнікі перадалі эстафету рабочым брыгады электрыкаў. Яны ўстанавілі на вершаліне традыцыйную чырвоную зорку, упрыгожылі ёлку рознакаляровымі гірляндамі, шарамі. На працягу месяца галоўны сімвал навагодняга свята будзе радаваць гараджан і гасцей, дарослых і дзяцей. Неўзабаве навагоднія ёлкі будуць устаноўлены і ў мікрараёнах горада.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.