У іх ёсць чаму павучыцца

Общество

Калі я наведалася ў аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН, большасць яго пакояў пуставала. “Нашы пастаяльцы знаходзяцца на сустрэчы з бібліятэкарам, — патлумачыла загадчыца Вольга Алегаўна Гінько. — Ён прыходзіць да нас раз у тыдзень, прыносіць разнастайныя кнігі, чытае іх, паказвае. Усім гэта вельмі цікава!”

Такая форма работы — адна з дзясяткаў, якія практыкуюцца ў аддзяленні. Для маладых інвалідаў яно даўно стала домам неабмежаваных магчымасцей, дзе кожны можа рэалізаваць сябе, прычым не толькі ў вучобе і творчасці.

Аддзяленне адкрылася 11 гадоў назад. Праўда, спачатку тут аказвалася толькі псіхалагічная дапамога. З 2008-га пачалася работа з маладымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, і гэты кірунак стаў адным з галоўных. Сёння колькасць наведвальнікаў налічвае больш за тры дзясяткі. Сярод іх — інваліды першай і другой груп з рознымі дыягназамі.

Работай невялікага, але зла­джанага калектыву кіруе Вольга Алегаўна Гінько.

— Калі я прыйшла сюды працаваць дзесяць гадоў назад, першыя дні было няпроста, — прызнавалася загадчыца. — Я сама маці, і сэрца разрывалася на часткі за дзяцей, за іх бацькоў, на лёс якіх выпала такое цяжкае выпрабаванне. Але хутка зразумела, што спачуванне — пачуццё, якое маладым інвалідам патрэбна менш за ўсё. Важна іншае — каб яны адчувалі сябе патрэбнымі, не былі абдзелены пяшчотай, увагай, каб як мага часцей на іх тварах была ўсмешка. Дзеля гэтага мы рабілі і робім усё ад нас залежнае. Колькі свят, праектаў арганізуем! І часам самі здзіўляемся, як многа могуць і ўмеюць гэтыя людзі. Галоўнае — верыць у іх, укладваць у работу максімум фізічных і найперш  душэўных сіл.

Акрамя маладых інвалідаў, аддзяленне наведваюць дзеці з няпоўных, нядобранадзейных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, а таксама дваццаць чалавек пажылога ўзросту. Асабліва вялікая ўвага надаецца арганізацыі занятасці. Працуюць амаль два дзясяткі гурткоў і клубаў. Іх назвы кажуць самі за сябе: “Гаспадыня”, “Кветка”, “Фізкульт-ура”, “Змайстрымка”, “Інтэр”, “Майстрыха”, “Рукадзельніца”, “Аматараў гульняў”, “У нагу з часам”, “Планета гульняў”, “Геймер”, “Эрудыт”, “Эўрыка”, “Натхненне”, “У гармоніі з сабой”… Ладзяцца карэкцыйна-развіваючыя заняткі.

Сёлета ў аддзяленні адкрыта яшчэ і тэатральная студыя “Асарці”, работай якой кіруе Н. І. Койра.

— Мы вучымся правільна, выразна гаварыць, быць вядучымі, ставім казкі, робім музычныя застаўкі, пантамімы, — расказвала Наталля Іванаўна. — Тое, што маладыя людзі любяць сцэну, атрымліваюць ад выступленняў шэраг станоўчых эмоцый, пацвердзіў праект “Паглядзі, што я магу”, арганізаваны пазалетась. Нашы пастаяльцы выступілі ў дзевяці сельсаветах раёна. Наогул, свят у нас шмат. Кожны дзень нараджэння — гэта салодкі стол, агульны вясёлы настрой. У яго арганізацыі, як і ў шматлікіх іншых пытаннях, дапамагаюць бацькі маладых лю­дзей, за што ім вялікае дзякуй.

З мінулага года аддзяленне прадастаўляе магчымасць прайсці сацыяльную адаптацыю па розных спецыяльнасцях. Тэрмін працаўладкавання — год, столькі ж часу выплачваецца заработная плата. Летась такую адаптацыю прайшлі два  інваліды другой групы па спецыяльнасцях “Швачка” і “Работнік зялёнага будаўніцтва”. Сёлета праходзіць яшчэ адзін — па спецыяльнасці “Вытворца сувенірнай прадукцыі”.

Спецыялісты ажыццяўляюць патранат інвалідаў на даму, аказваюць ім дапамогу ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў, афармленні групы інваліднасці, прахо­джанні медыцынскай камісіі, набыцці мэблі і тавараў, атрыманні дзяржаўнай дапамогі і ў іншых пытаннях.

Кожны год у аддзяленні з’яўляюцца новыя віды паслуг. Сярод такіх — “Гасцініца выхаднога дня”. Ёй могуць карыстацца сем’і, якія маюць інвалідаў першай і другой груп. Па-ранейшаму запатрабаваны сацыяльная пральня, іншыя віды паслуг.

— Адным штосьці зрабіць было б складана, — упэўнена Вольга Алегаўна Гінько. — Многа значыць тое, што нашы ініцыятывы падтрымліваюць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто, дырэктар Пастаўскага ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская. Актыўна супрацоўнічаем з цэнтральнай раённай бальніцай, РАУС, СШ №5, раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой. Падтрымліваюць нас і спонсары.

Кіраўніком многіх творчых праектаў у аддзяленні з’яўляецца яго спецыяліст А. Б. Мураўская, якая таксама з’яўляецца старшынёй раённых арганізацый ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” і ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Ала Баляславаўна расказала і пра тое, якая работа па сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі праводзіцца ў раёне.

Сёння на Пастаўшчыне пражывае 1885 інвалідаў, з іх 111 — дзеці, 42 — калясачнікі. Дзякуючы вышэйназваным раённым арганізацыям яны маюць магчымасць праходзіць рэабілітацыю ў Віцебскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, атрымліваюць артапедычныя пры­лады — хадункі, крэслы-каляскі, палкі для скандынаўскай хадзьбы (яны ёсць і ў пункце пракату Пастаўскага ТЦСАН) і інш.  Са сродкаў фонду сацыяльнай абароны гэтай катэгорыі насельніцтва аказваецца матэрыяльная дапамога.

Вядзецца работа па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. На сённяшні дзень яго элементамі абсталявана 276 аб’ектаў сацыяльнага прызначэння — усе аптэкі, установы аховы здароўя, аддзяленні паштовай сувязі і іншыя.

— Для сацыяльнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі неабходна зладжанае ўзаемадзеянне шматлікіх структур — устаноў аховы здароўя, адукацыі і іншых. Вельмі многае вызначаюць фінансы. Я шчыра ўдзячна ўсім, хто не застаецца ў баку ад чужой бяды — а гэта швейная фабрыка “Беларусачка”, магазіны “Домік”, “Стыліус”, ТАА “Мітара” і іншыя. Дырэктар ТАА «Вытворча-мэблевы цэнтр»  К. П. Савіцкі кожны год дастаўляе інвалідам бясплатна на дом дровы, пастаянна падтрымліваюць і прадпрымальнікі з рынку “Гарызонт”. Складана пералічыць усіх, хто дапамагае ажыццяўляць нашы планы.

А іх і ў аддзяленні, і ў раённых арганізацыях нямала. 9 снежня маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі паедуць на творчы конкурс у Віцебск, крыху пазней — на ўжо традыцыйную калядную сустрэчу з пастаяльцамі Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. У студзені плануецца арганізаваць паездку ў Мінск — наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны і дэльфінарый.

…У кабінеце загадчыцы ад­дзялення звяртае на сябе ўвагу вялікае чырвонае папяровае сэрца, упрыгожанае малюнкамі рознакаляровых матылькоў. У цэнтры — віншаванне да дня нараджэння. Почырк дзіцячы, але, як аказалася, напісана дарослай рукой. «Гэта зрабіла адна з наведвальніц, — расказала В. А. Гінько. — Яны ўмеюць здзіўляць. І не толькі творчасцю, але і філасофскімі адносінамі да жыцця, аптымізмам, якому мы можам толькі павучыцца».

Іна СНЯЖКОВА.

Ад рэдакцыі: У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў па-ранейшаму працуе “тэлефон даверу”, дзе кожны можа ананімна і бясплатна атрымаць псіхалагічную дапамогу. З нядаўняга часу яго нумар такі: 2-40-67. Звязацца з вышэйназваным аддзяленнем, а таксама з раённымі арганізацыямі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” і ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” можна па тэлефоне 2-40-70.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.