У любую кропку Беларусі і Расіі


Адказ на пытанне, дзе шукаць яркія ўражанні, казачныя пейзажы, помнікі архітэктуры, дзіўную флору і фаўну, ведаюць у фізкультурна-спартыўным клубе дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», дзе з верасня гэтага года актыўна пачалі развіваць турыстычную дзейнасць.

Для жадаючых падарожнічаць і адкрываць новыя месцы і славутасці тут дзей­нічаюць больш за пяцьдзясят маршрутаў культурна-пазнавальнай, гістарычнай, экалагічнай і рэлігійнай тэматыкі. Найбольш папулярныя — Мінск, гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», Полацк, Гервяты, Мосар, Міхалішкі.

— Распрацоўкай маршрутаў у свой час займалася таварыства з дадатковай адказнасцю «Цэнтр турысцкіх паслуг», якое ўзначальваў Ягор Шушкевіч. Зараз гэтымі напрацоўкамі карыстаемся мы, удасканальваем, дадаём новыя маршруты, — расказвала інструктар-метадыст па турызме ФСК Наталія Карнілава. — Напрыклад, спецыяльна для дзяцей, якія адпачываюць у АДРАЦ «Ветразь», распрацавалі экскурсію «Савецкае мінулае ваенных гарадкоў», падчас якой расказваем пра воінскія часці, што дыслацыраваліся на Пастаўшчыне, знаёмім з рознымі помнікамі, наведваем музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам па вул. Гагарына і іншыя аб’екты. Трэба бачыць тое захапленне, якое адчуваюць дзеці, калі даведваюцца, што раней на месцы санаторыя, дзе яны адпачываюць, размяшчалася воінская часць.

Дарэчы, фізкультурна-спартыўны клуб і раней займаўся турыстычнай дзейнасцю: сумесная работа з АДРАЦ «Ветразь» вя­дзецца ўжо на працягу двух гадоў. Для кожнай змены адпачывальнікаў арганізоўваюцца экскурсіі па райцэнтры і за яго межамі. Нароўні з прыез­джымі імі цікавяцца і жыхары раёна.

— Мы вельмі ўдзячны работнікам Дома рамёстваў і краязнаўчага музея, якія заўсёды адкрытыя для супрацоўніцтва, праводзяць займальныя экскурсіі. А чаго вартая экспазіцыя ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў! Яна ні ў чым не саступае еўрапейскім аналагам, — працягвала Н. Карнілава.

Зараз наладзілі супрацоўніцтва са школамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі горада. Усе экскурсійныя туры каштуюць нядорага. Гэтаму ў першую чаргу спрыяе наяўнасць уласнага аўтобуса на 47 пасадачных месцаў (не трэба арандаваць транспарт, а гэта вялікі плюс). Паездкі плануюцца загадзя, але пры жаданні заказчыка іх дату можна змяніць. Сярод школьнікаў карыстаецца папулярнасцю экскурсійны тур у Бярэзінскі біясферны запаведнік. Аднымі з першых сёлетняй восенню там пабывалі навучэнцы СШ №1.

— Нам спадабалася ўсё: і камфартабельны аўтобус, і арганізацыя паездкі, і насычаная экскурсія, падчас якой не было ні адной вольнай хвіліны. У праграму ўваходзілі экскурсія па экалагічнай сцежцы, гульні, конкурсы, віктарыны, наведванне музея і вальераў з дзікімі жывёламі і іншае, — дзеліцца ўражаннямі класны кіраўнік 4 «Г» класа Алена Пятроўна Казакова. — Як настаўнік магу сказаць, што падача матэрыялу вельмі даступная, а пазнавальная і гульнявая праграмы набліжаны да школьнай. Многія дзеці ўпершыню ўбачылі тыя віды раслін, дрэў і жывёл, якія мы вывучаем на ўроках. Воклічы захаплення раздаваліся не толькі пры відзе жывёл, але і грыбоў. Неверагодна ўразіла назіральная вышка вышынёй з трохпавярховы дом. Яшчэ адзін станоўчы момант — дзеці былі не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі таго, што адбывалася.

А вось паездка ў Белавежскую пушчу, якая запланавана на 19 снежня, з-за працяглай дарогі — толькі ў адзін бок трэба дабірацца 9 гадзін — больш разлічана на дарослых. Але пераадолець такую адлегласць варта. Па-першае, гэта бясцэнны падарунак тым, хто любіць некранутую прыроду, бо тут можна ўбачыць векавы лес, якому няма роўных у Еўропе па колькасці відаў раслін і жывёл. Па-другое, выпадае шанс апынуцца ў зімовай казцы, пабываць у гасцях у Дзеда Мароза і Снягуркі, атрымаць ад іх падарунак, а таксама наведаць музей прыроды, вальеры з жывёламі і многае іншае. Пры групе ў 45 чалавек кошт паездкі для дарослага складае 600 тысяч, для дзіцяці — 500 тысяч беларускіх рублёў.

Зараз у ФСК асвойваюць новы цікавы маршрут — сядзібна-паркавы комплекс «Дукорскі маёнтак». Ён пачаў працаваць сёлета ў чэрвені і актыўна набірае папулярнасць сярод турыстаў. Першая група пастаўчан, якую склалі навучэнцы сярэдняй школы №4, наведала Дукору 28 лістапада, наступная паездка адбу­дзецца 11 снежня. А вось 22 і 23 снежня школьнікі райцэнтра наведаюць галоўную ёлку краіны у Палацы Рэспублікі.

Таксама супрацоўнічаюць з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама. Ён аказвае экскурсійныя паслугі, пастаўчане — транспартныя. Абмяркоўваецца магчымасць арганізацыі сумесных шматдзённых тураў у Санкт-Пецярбург, Пушкінскія Горы. Ідэй цікавых шмат, але на іх рэалізацыю патрэбны грошы, іх і імкнуцца зарабіць.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.