У ролі даганяючых

Спорт

“Атлант” (Паставы) — “АСДЮШАР-Камунальнік” (Гродна) — 0:3, 0:3

1 дзень. 0:3 (20:25; 23:25; 22:25)

2 дзень. 0:3 (17:25; 17:25; 9:25)

У папярэднім чэмпіянаце краіны маладыя гродзенцы не выступалі, аднак сёлета яны будуць аднымі з асноўных прэтэндэнтаў на медалі, у чым пастаўчане і іх прыхільнікі пераканаліся пасля першых двух дамашніх матчаў сезона. Спачатку для гаспадароў усё на пляцоўцы складвалася ўдала. Перад першым тэхнічным перапынкам іх перавага над гасцямі стала адчувальнай — 8:3. Аднак гродзенцы хутка сталі падаваць моцныя сілавыя падачы, з якімі наша каманда не справілася, не змагла арганізаваць надзейны прыём і аддала гульнявую ініцыятыву саперніку.

У складзе гродзенцаў іх шматвопытны капітан і асноўны распасоўшчык Сяргей Аплевіч згуляў, як заўсёды, па-майстэрску, арганізоўваў імклівыя, часта падманныя перадачы, з якіх было цяжка прамахнуцца. Пастаўчане не паспявалі ставіць двайны блок, падачы ў іх не атрымліваліся, і яны апынуліся ў ролі даганяючых. Праўда, у сярэдзіне другой партыі гаспадары змаглі ліквідаваць буйны адрыў ад саперніка ў 6 ачкоў і нават выйшлі наперад — 21:20. Некалькі разоў удаліся атакі першым тэмпам у выкананні Віталя Варанца, па тры разы запар камбінацыі прыгожымі ўдарамі завяршылі дыяганальныя Дзмітрый Аксёненка і Дзяніс Захарэвіч.

На жаль, на канцоўку гэтай і наступнай партыі сіл у нашых хлопцаў не хапіла, бо ў рашаючы момант трэнер гродзенцаў, майстар спорту Андрэй Пухоўскі браў тайм-аўт, падказваў падапечным, якую камбінацыю разыграць. У выніку госці выйгралі ва ўпартай барацьбе першую сустрэчу і адразу ад радасці сталі на пляцоўцы танцаваць. Такі вынік цалкам аб’ектыўны, бо гродзенцы пераўзыходзілі наш “Атлант” не толькі ў росце, але і ў галоўным: у арганізацыі камаднай гульні, а ў нас з гэтым праблемы, бо асноўны пасуючы Арцём Кароль вучыцца ў Полацкім дзяржуніверсітэце і не можа трэніравацца з камандай.

У паўторным матчы ў пастаўчан адразу разладзіўся прыём, яны сталі памыляцца пры завяршэнні атак. Паколькі гульня ў нашай каманды неўзабаве зусім разла­дзілася, галоўны трэнер Г. Г. Савосін паспрабаваў серыяй замен яе “ажывіць”. На пляцоўцы стала гуляць болей рэзервістаў, але маладыя пастаўчане не змаглі стрымаць напор саперніка, які адчуў сапраўдны кураж і без праблем давёў паўторную сустрэчу да перамогі. У гэтым туры аднаасобны лідар — каманда Жлобіна — на выездзе двойчы была мацней з лікам 3:1 і 3:0 над “Ваеннай акадэміяй” (Мінск). Разам з гродзенцамі другое месца дзеляць аршанцы, якія дома адолелі сталічны РДВАР з лікам 3:0 і 3:1. Пастаўчан цяпер чакае выезд на гульні ў Жлобін, а першы круг яны завершаць 19-20 снежня матчамі дома з аршанскім “Узлётам”.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.