У СШ №4 адбылося ўрачыстае пасвячэнне школьнікаў у юныя паранічнікі (+фота)

Образование

Сёлетні Дзень ведаў у СШ № 4 быў асабліва ўрачыстым — у школе адкрылі ваенна-патрыятычны клас. З гэтай нагоды прыязджала шмат ганаровых гасцей — камандаванне Смаргонскай пагранічнай групы, ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Паставы”, прадстаўнікі раённай вертыкалі і нават ваенны духавы аркестр. 20 лістапада ўсе яны зноў сабраліся ў школе, каб прыняць удзел ва ўрачыстым пасвячэнні школьнікаў у юныя пагранічнікі.

У перапоўненай  школьнай актавай зале ў ліку іншых прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, начальнік Смаргонскай пагранічнай групы палкоўнік А. І. Маркевіч, начальнік аддзела пагранічнай службы “Паставы” А. Б. Зелюкоў, іншыя ваеннаслужачыя.

А першымі на сцэну строем выйшлі першакласнікі. Пад гучныя апладысменты яны выканалі салдацкую песню-танец. Расце годная змена юным пагранічнікам!

— У нашай школе невыпадкова з’явіўся такі незвычайны клас, — пачалі праграму вядучыя. — У мікрараёне пятага гарадка вырасла не адно пакаленне ваеннаслужачых розных родаў войскаў: танкістаў, ракетчыкаў, пагра­нічнікаў.  Ганарова і адказна працягваць іх справу. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы сумеснай зладжанай рабоце кіраўніцтва школы, раёна, Смаргонскай пагранічнай групы, бацькоў.

Ім у той дзень гучала шмат слоў удзячнасці.

А вось і галоўныя віноўнікі свята. Яны выходзяць у форме, чаканячы крок. Гэта — будучыя абаронцы Айчыны.

“Я, грамадзянін Рэспулікі Беларусь, абавязваюся верна і самааддана рыхтаваць сябе да службы Радзіме, быць праўдзівым і сумленным таварышам, прыкладам у вучобе і паводзінах, выхоў­ваць у сабе самыя лепшыя чалавечыя якасці, жыць, тварыць і працаваць заўсёды, паўсюль у імя славы нашай Радзімы”, — прамовіў кожны з 18 юных пагранічнікаў (сярод іх і пяць дзяўчат).

Першым да школьнікаў звярнуўся палкоўнік Аляксандр Іванавіч Маркевіч.

— З моманту адкрыцця класа прайшло няшмат часу, — заўважыў ён. — А   змянілася многае. Ад іншых вас адрознівае не толькі форма, але і выпраўка, адточаны крок, цвёрды погляд. Сёння вы далі клятву не нам, а найперш — сабе. У тым, што гатовыя быць патрыётамі, дапамагаць родным, блізкім, не здзяйсняць непрыстойных учынкаў, з’яўляцца тымі, на каго могуць разлічваць сябры, кіраўніцтва школы. Памятайце, што поспех залежыць найперш ад старання. Мы ж са свайго боку будзем і надалей садзейнічаць вашаму навучанню. Жадаю быць дысцыплінаванымі, радаваць поспехамі ў вучобе, займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Да віншаванняў далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў:

— Гэта падзея ў маштабах школы гістарычная. У такой урачыстай абстаноўцы вучні пастаўскай школы робяць такі сур’­ёзны крок упершыню. Унікальнасць іх навучання ў тым, што яны будуць праходзіць ваенную падрыхтоўку. А значыць, мець дадатковыя магчымасці, каб паступіць у прэстыжныя сілавыя ВНУ краіны, і ў прыватнасці ў Інстытут пагранічнай службы. Туды бяруць самых лепшых, падрыхтаваных юнакоў, якія валодаюць адпаведнымі маральнымі і дзелавымі якасцямі. Пастаўчанам ёсць з каго браць прыклад. Зусім побач з нашым раёнам праходзіць Дзяржаўная граніца. Службу нясуць афіцэры, салдаты. Раўняйцеся на іх. Няхай здзяйсняецца задуманае, мэтанакіраванасці вам, добрых адзнак.

Шмат добрых слоў у адрас вучняў прагучала ад дырэктара школы Вячаслава Часлававіча Пякарскага, старшыні бацькоўскага камітэта 8 “А” класа Алены Станіславаўны Руткевіч. “Можа, не кожны вучань стане пагранічнікам. Але пры такой падтрымцы, увазе кожны абавязкова будзе патрыётам”, — выказала сваё меркаванне Алена Станіславаўна.

Юныя пагранічнікі са сцэны расказалі ў вершах, як праходзіць іх навучальны працэс. А ён змяніўся. Працуе гурток ваенна-патрыятычнага профілю, уведзены дадатковыя факультатыўныя заняткі па матэматыцы і гісторыі Беларусі. Праводзяцца выязныя заняткі ў вайсковай часці 2044. Дзякуючы ініцыятыве і дапамозе камандавання Смаргонскай пагранічнай групы напрыканцы кастрычніка была арганізавана экскурсія да ваеннаслужачых пагранічнага паста “Ярэва”. Цяпер запланавана экскурсія ў Смаргонскую пагранічную групу. Работу з юнымі абаронцамі Айчыны вядзе маёр запасу Сяргей Іванавіч Машкоў.

Тое, што яны ўжо дастаткова шмат ведаюць і ўмеюць, паказалі прысутным у зале. Хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі зборку і разборку аўтаматаў Калашнікава (у тым ліку і з завязанымі вачыма), страявыя прыёмы са зброяй і без яе. Колькі гэта выклікала апладысментаў!

Напрыканцы мерапрыемства, падрыхтаванага намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце  А. В. Сцяпанавай, вучні 9 “А” класа паказалі гумарыстычную сцэнку. Прагучалі патрыятычныя песні ў выкананні Дар’і Румянцавай, Анастасіі Брысь і іншых. Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства канцэртам духавога аркестра.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.