Упэўнены крок наперад (+фота)


Свой адлік прадпрыемства вядзе са снежня 1980 года. Напачатку яно было адзіным на ўсёй савецкай прасторы, хто займаўся выпускам камплектаў абсталявання па чарчэнні і рысаванні. Сёння асноўным прадметам дзейнасці ААТ “Паставымэбля” з’яўляецца вытворчасць вучэбнага абсталявання, школьнай і бытавой мэблі, рэалізацыя гатовай прадукцыі, адходаў вытворчасці і неліквідаў, іншае. Пра гэта — у інтэрв’ю з кіраўніком прадпрыемства Сяргеем Рычардавічам Зямчонкам.

— Сяргей Рычардавіч, дата быццам бы і не круглая, а праз два дні — урачыстасці…

— Так, і дата не круглая, і час у плане фінансавай стабільнасці не зусім спрыяльны, тым не менш падзею нельга абысці ўвагай. А прычына ў тым, што трэба пахваліць людзей, бо яны гэта заслужылі, ды і пра гісторыю ўспомніць — а яе ж таксама стваралі і ствараюць нашы працаўнікі.

— Вы сказалі пра не зусім спрыяльны час. Што мелі на ўвазе?

— На ўвазе меў крызіс. Іншы раз думаю, што ён нібыта і карысны для вытворчасці: выяўляюцца недахопы, і наверх “вылазяць” усе болькі. Бачна, у каго вытворчасць наладжана і дзейнічае як адзін дасканалы механізм і хто ў пастаянным імкненні ісці наперад, а хто расслабіўся. Перажыўшы гэты крытычны час, першым удасца захаваць дасягнуты ўзровень, у тым ліку і кадры, і нават прырасці добрымі спецыялістамі, тымі, якія з-за нестабільнасці на іншых прадпрыемствах вымушаны будуць іх пакінуць.

Пасля крызісу аслабленым прадпрыемствам, безумоўна, вельмі цяжка бу­дзе “стартануць”. Мы, спадзяюся, акажамся ў кагорце мацнейшых: як бы складана ні было, аб’ёмы вытворчасці захавалі, і асноўны касцяк працуючых, як я называю, наш залаты фонд, застанецца.

— Калі ласка, пацвердзіце сказанае лічбамі.

— Яны абнадзейваюць. За тры кварталы года выпушчана таварнай прадукцыі ў фактычных цэнах на 36870 млн рублёў, што складае 103,9% да ўзроўню 2014 года. Выраблена мэблі на суму 36 483 млн рублёў (104,8% да ўзроўню 2014 года). Гатовай прадукцыі ў адпускных цэнах без падатку на дабаўлены кошт адгружана на 35083 млн рублёў (107,1%). Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме рэалізаванай склала 38,3%, рост рознічнага тавараабароту ў фактычных цэнах  — 147,7%, рост прадукцыйнасці працы — 105,1%, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг — 6,4%, рэнтабельнасць продажу — 5,1%.

Нам удалося спрацаваць з прыбыткам, павысіць заработную плату работнікам, нарасціць аб’ёмы  вытворчасці і ў асноўным выканаць, а па асобных пазіцыях перавыканаць прагнозныя паказчыкі, зацверджаныя ў бізнес-плане і даведзеныя вышэйстаячымі органамі кіравання.

— Як удалося забяспечыць рост рознічнага тавараабароту?

— Стараецца служба маркетынгу, актыўна вядзецца пошук кліентаў за межамі Беларусі. У Расію, Латвію, Казахстан адгружана прадукцыі на 145 тысяч долараў ЗША.

Асвойваем і ўнутраны рынак. Адкрылі фірменны магазін у Віцебску, і з першага года — рэалізацыя на паў­мільярда. Разлічваем на значную рэалізацыю ў Астраўцы — наша прадукцыя ўжо і зараз запатрабавана ў пасёлку атамшчыкаў, а ў далейшым попыт на яе будзе яшчэ большы. Ахвотна купляюць нашу мэблю і ў іншых рэ­гіёнах краіны.

— Напэўна, заваяванню рынкаў збыту садзейнічаюць і  выставы?

— Безумоўна. Абавязковымі для нас сталі Маскоўская міжнародная спецыя­лізаваная выстава-кірмаш і Мінская выстава, адкуль штогод прывозім узнагароды — як правіла, за сучасны стыль, высокую якасць, шырокі асартымент. Паспяховым быў удзел у ХVI лесабудаўнічай выставе “Драўлянае і каркаснае домабудаванне. Лазня”. Дамоў вярнуліся з дыпломамі.

Звычайна пасля выстаў назіраецца ажыятаж: нашу мэблю ацэньваюць за якасць, не менш важны фактар і цана. Вось і пасля Маскоўскай выставы вядзецца актыўная перапіска, расіяне прапануюць свае паслугі быць нашымі дылерамі ў іх краіне. А нам гэта выгадна. Заключаны дагаворы з дзвюма гандлёвымі сеткамі з Бранскай і Смаленскай абласцей (у кожнай па 20 спецыялізаваных магазінаў).

— Адным словам, ні хвіліны спакою…

— Так. Першае правіла бізнесу, пра якое я пачуў ад іншых і сам часта паўтараю, сцвярджае: бяжыш — ідзеш у нагу з усімі, збавіў крок або спыніўся — ты ўжо нашмат адстаў, таму што ўсе астатнія бягуць. Бізнес — вечнае спаборніцтва, і ў гэтым марафоне сёлета мы адчуваем сябе ўпэўнена.

Радуе, што часцей сталі перамагаць у тэндарах, што ўдаецца дзякуючы зніжэнню сабекошту. Калі б стаялі на месцы, нічога не мелі б. Прывяду толькі адзін прыклад. Яшчэ некалькі гадоў таму вучнёўскае крэсла, якое і дагэтуль практычна не змяніла сваёй канструкцыі, прадавалі за 14-15 долараў. Але правялі мадэрнізацыю вытворчасці, знізілі энерга- і працазатраты, а аб’ёмы нарасцілі. У выніку цяпер тое крэсла патаннела напалову. Тое ж самае можна сказаць і пра іншыя віды прадукцыі, што ўрэшце дазваляе адчуваць сябе больш упэўнена. Такі ўзровень стараемся падтрымліваць пастаянна.

Калектывам прымаюцца ўсе магчымыя меры па зніжэнні затрат на вытворчасць прадукцыі: акрамя вышэйназванага, гэта ўдасканаленне канструкцый асобных яе відаў і як вынік — змяншэнне затрат на сыравіну і матэрыялы; пошукі новых пастаўшчыкоў; больш рацыянальнае выкарыстанне матэрыялаў дзякуючы прымяненню сучаснага абсталявання і г. д.

— Сяргей Рычардавіч, а ў чыіх галовах нараджаюцца асноўныя ідэі?

— Напэўна, ва ўсім свеце так: спажыўцы ўбачылі новую прадукцыю, яна ім спадабалася — і яе сталі купляць. Іншыя вытворцы стараюцца не адставаць, пачынаюць рабіць штосьці падобнае, дадаюць элементы навізны, штосьці сваё, удасканальваюць. І мы ў гэтым плане не выключэнне. Дзеля гэтага і ездзім на ўсемагчымыя выставы.

І яшчэ наконт ідэй. У мяне моцная каманда. Гэта начальнік планава-фінансавага аддзела А. М. Пурлан, галоўны інжынер Г. Г. Кліпа, намеснік дырэктара па маркетынгу і збыце С. С. Латэцкі, дызайнер А. В. Смільгінь, інжынер-тэхнолаг Н. Б. Торапава, майстры, тэхнолагі. У нас калектыўная праца: мяккай мэбляй займаюцца адны людзі, яны і вопыт вывучаюць, і ўкараняюць новыя мадэлі, корпуснай — другія, масівам — трэція і г. д.

— А як ацэньваеце непасрэдных выканаўцаў?

— Напярэдадні сабраліся ўсе службы, абмеркавалі прапановы па кожным участку. Працавітых, адказных работнікаў шмат, і мы імі ганарымся. Газетная плошча не дазволіць назваць прозвішчы ўсіх, спынюся на некаторых. Гэта шліфавальшчыца па дрэве А. І. Бурак, аддзелачніца вырабаў з драўніны Т. В. Коваль, сталяры І. І. Гушча, М. Г. Балай, электразваршчык В. А. Міснік, рэзчык металу Ю. С. Шылін, станочнікі Ю. В. Шылей, В. Л. Шчановіч, Д. А. Чарэнка і Э. П. Дземяшонак, абліцоўшчык кантаў мэблі І. В. Дубовік, закройшчык А. І. Андрэева, слесар-рамонтнік А. С. Ніта, токар В. І. Сідаровіч, вадзіцель В. Я. Малькевіч, трактарыст А. А. Гутар, вартаўнікі В. І. Петух, В. Ч. Рамбальская і іншыя.

Ёсць годная маладая змена і сярод інжынерна-тэхнічных работнікаў, і сярод прадстаўнікоў рабочых спецыяльнасцей.

— Над чым працуеце сёння?

— У прадпрыемства ёсць мэта — быць лідарам у вытворчасці спецыялізаванай мэблі для дашкольных, школьных і іншых навучальных устаноў, і на сённяшні дзень яна займае 70% у аб’ёме ўсёй вытворчасці. Другі кірунак — мэбля бытавая: кухонная, садовая, для спальні, прыхожай, лазні, вось-вось запусцім у вытворчасць  корпусную мэблю для залы (сценку).

Хочацца абнавіць крэслы на металакаркасе. Пазнаёміліся з прадстаўнікамі бізнесу з Германіі. Сваю вытворчасць яны размясцілі ў Польшчы, але там не спраўляюцца з аб’ёмамі. Укладваць сродкі ў наша прадпрыемства немцы не плануюць, але чарцяжы  і фатаграфіі прадукцыі прадаставілі і параілі заняцца нам самім. Асвойваем, праўда, бачым, што якасць пакуль не еўрапейская. Але калі пастараемся і зробім добра, то і заказы пойдуць. Думаю так: крэсла зробім, і калі яно будзе адпавядаць нямецкім стандартам, то рынкі збыту знойдзем самі.

— Раённая газета пастаянна сочыць за развіццём прадпрыемства. І сёння нават самы кароткі аналіз засведчыць: крок наперад зроблены…

— Безумоўна. Завод я ўзначаліў у 2005-ым. У той час больш увагі сталі надаваць новым тэхналогіям і новаму абсталяванню, што і дазволіла зрабіць крок наперад. Удзячны Фонду аказання са­дзейнічання занятасці насельніцтва за прадастаўленыя ў той час ільготныя крэдыты. Спачатку куплялі простыя станкі, пазней пайшлі на больш маштабную мадэрнізацыю — цэлыя цэнтры, і ў гэтай сувязі дзякую банкам  і абласному інвестфонду. Можна сказаць, корпусны цэх поў­насцю абноўлены. Прыступілі да мадэр­нізацыі цэха металаапрацоўкі, у перспектыве — аддзелачны цэх. Зрэшты, працэс гэты бясконцы: што ўчора было перадавым, заўтра ўстарэе. Такая сусветная практыка, і нікуды ад гэтага не дзецца, інакш можна сысці з дыстанцыі.

— Вашы пажаданні калектыву?

Каб вытрымалі  выпрабаванне крызісам — а што менавіта так і будзе, я не сумняваюся. Людзі правільна ацэньваюць сітуацыю і разумеюць пастаўленыя задачы. Шчыра жадаю сямейнага дабрабыту, здароўя, удачы і каб з радасцю ішлі на работу (у нас створаны належныя ўмовы для працы), а пасля змены — дамоў. Гэта і ёсць шчасце. Усіх віншую з 35-годдзем прадпрыемства, Калядамі і Новым годам — пра гэта яшчэ раз скажу на ўрачыстым сходзе, які правядзём у аўторак, 29 снежня. Мае найлепшыя віншаванні і пажаданні ветэранам завода.

Галіна Пішч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.