Урачыстае і хвалюючае


Больш за дзве тысячы гадоў у ноч з 24 на 25 снежня хрысціяне вітаюць прыход Езуса Хрыста на Зямлю. І кожны раз гэта свята па-свойму ўрачыстае і хвалюючае. Пра тое, як рыхтуюцца да Божага Нараджэння і як адзначаюць яго, карэспандэнту “Пастаўскага краю” Анне Анішкевіч расказваюць пастаўчане:

Павел Антонавіч КАЗЛОЎСКІ: “Божаму Нараджэнню папярэднічае Адвэнт — час падрыхтоўкі і радаснага чакання. У касцёле ладзяцца адвэнтавыя рэкалекцыі — гэта магчымасць пакаяцца за дрэнныя думкі і ўчынкі, прыступіць да споведзі, паяднацца з Богам. Люблю рараты, падчас якіх узгадваем Марыю. Удзельнічалі ў іх як дарослыя, так і мноства дзяцей рознага ўзросту: школьнікі прыходзілі адразу з ранцамі, дашкольнікі — за руку з бацькамі. Глядзеў на дзетак, іх бацькоў —  і радаваўся, што яны знаходзілі час для ўдзелу ў раратняй імшы. Мая дачка з ­сям’ёй жыве ў Стаўрапольскім краі. На жаль, там няма касцёла, і вера гасне”.

Юлія Вячаславаўна КЛІМЮК: “За вігілійны стол садзімся ў бабулі Эмы Аляксандраўны Ліпатавай. Збіраецца нас шмат: тата, мама, я, мае стрыечныя браты і сёстры Саша, Алёна, Ігар і Оля з пяці­гадовай Палінкай. Бабуля ўспамінае свае дзяцінства і маладосць. Яны былі цяжкімі, а справіцца з усімі праблемамі дапамагала вера ў Бога. Бабуля яе перадала і нам. Абавязкова паедзем на начную Імшу. Мама будзе граць на скрыпцы і спяваць у хоры. Саша — служыць пры алтары міністрантам. 25 снежня пасля Імшы ў касцёле на абед зноў паедзем да бабулі. Такая ў нас сямейная традыцыя”.

Марыя Іванаўна ГІНЬКО: “Гэта будзе 2015-ы дзень нараджэння Хрыста і 77-ы — мой. З гадамі пакідаюць сілы, пагаршаецца здароўе. Таму на святы еду ў госці да сына ў Гродна. Радуюся, што ён мае дружную сям’ю, жыве ў дастатку. А мне памятаецца Божае Нараджэнне 1945 года ў невялічкай зямлянцы.Тата вярнуўся з фронту незадоўга да Каляд. Ёлачку паставілі на вуліцы ля ўвахода ў зямлянку, замест цацак завязалі матузкі тканіны ад мамінай старой хусткі. Стол быў бедны. Замест аплаткі дзяліліся хлебам з мякіны. А потым тата заспяваў на польскай мове: “Сёння ў Бэтлеем дзіўная навіна — Прачыста Дзева нарадзіла сына…” І мы падхапілі. Мама плакала, тулячыся да татавага пляча і абдымаючы нас, дзяцей. Шчасцю не было межаў!”

Тадэвуш Маркавіч ШАКОЛА: “Успамінаю дзяцінства, калі жылі ў вёсцы. Там было іншае адчуванне свята. З гаспадаркай упраўляліся загадзя, тата прыносіў у хату духмянае сена, якое заўсёды клалі на стол пад бялюткі саматканы абрус. На вуліцы патрэскваў моцны мароз, іскрыўся снег, а мы з сястрой прыліпалі да аконнай шыбы насамі і пазіралі на неба, чакаючы з’яўлення на ім першай зоркі. Убачыўшы, крычалі: “Заззяла, заззяла!” — і куляй несліся да стала. Мама даставала з печы кашу, тата запальваў свечку, чытаў Евангелле, браў у рукі аплатку. Дарослыя адломлівалі па маленькім кавалачку, нам пакідалі па большым. Затым прымаліся за посныя стравы, якія падаваліся толькі на вігілійны стол. Смаката, што здаецца,  праглынеш язык. Перахрысціўшыся, беглі да ёлкі, дзе чакалі сюрпрызы-падарункі”.

Ганна Феліксаўна ЧАРНЯЎСКАЯ: “Як жа люблю Пастэрку! (Так называецца начная Імша перад Божым Нараджэннем — рэд.) Гэта слова паходзіць ад лацінскага pastor (пастух). Менавіта пастушкі першымі пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі — іх жывёла. У перыяд Божага Нараджэння батлейку можна ўбачыць у кожным храме: у яслях ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотай і любоўю схіляюцца яго Маці Марыя і Святы Юзаф. Побач — вол з аслянём, а крыху воддаль з пашанаю кленчаць сціпла апранутыя пастушкі. Радуюся, калі бачу каля яселек сем’і: бацькі, дзеці — разам і дружна. Хочацца, каб Святая Сям’я была для іх узорам, аберагала і ўмацоўвала. Мой сын жыве ў Амерыцы. Таму  на свята заўсёды запрашаю да сябе адзінокую суседку. Мы з ёй вельмі любім спяваць прыгожыя калядныя песні”.

Андрэй Эдуардавіч ТРАЦЯК: “Каляды — свята сямейнае. З жонкай Вікторыяй, дзесяцігадовай дачкой Дзіянай і амаль трохгадовым сынам Андрэем накіроўваемся да мамы Ганны Казіміраўны. Тут жа бываюць і дзве мае сястры. Вера ў нашай радні перадаецца з пакалення ў пакаленне. Нам — ад дзядулі Казіміра Шведа. Яго, напэўна, памятаюць многія парафіяне пастаўскага касцёла, бо дзядуля быў закрыстыянам, доўгія гады аддана служыў пры алтары. На жаль, ужо другое Божае Нараджэнне будзем адзначаць без яго. Спадзяюся, што душа дзядулі знайшла вечны спакой у небе”.

Таццяна Іосіфаўна ЛАПУШЫНСКАЯ: “Заўтра — вігілійны вечар. У пакоі запахне свежай ялінкай (у нашай сям’і прынята ставіць лясную прыгажуню менавіта 24 снежня, а аздабляюць яе дзеці на свой густ), буду рыхтаваць посныя стравы: традыцыйныя клёцкі з макам, вінегрэт, селядцы “пад шубай”, аўсяны кісель, салату з грыбамі і многае іншае. За стол сядзем каля 18 гадзін. Муж прачытае ўрывак з Евангелля, падзелімся аплаткай, скажам адно аднаму добрыя словы, папросім прабачэння за нястрыманасць, няўважлівасць, абмяняемся падарункамі і бу­дзем збірацца на пастэрку ў касцёл. Падыдзем да яселек з маленькім Езусам, даверым яму свае справы і, узрушаныя, вернемся дадому. Хрыстос нарадзіўся!”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.