Вопыт супраць маладосці. “Атлант” (Паставы) — “ Узлёт” (Орша) — 0:3, 1:3

Спорт

1 дзень. 0:3 (13:25; 16:25; 18:25).

2 дзень 1:3 (22:25; 16:25; 25:22; 17:25).

Яшчэ два з палавінай гады назад пастаўчане ў сваім чэмпіёнскім сезоне без асаблівых намаганняў перамагалі маладых аршанцаў. Аднак неўзабаве госці завяршылі складаны перыяд змены пакаленняў, фінішавалі ў наступным нацыянальным першынстве ўслед за намі, выйгралі “бронзу”, а потым у Паставах — і  пераходны турнір чатырох за права гуляць у эліце беларускага валейбола, куды яны не перайшлі толькі па фінансавых прычынах. Наша каманда сур’ёзна баялася свайго грознага саперніка, які напярэдадні ў кантрольным матчы адолеў  галоўную каманду вобласці — “Марка” (Віцебск).

У першай сустрэчы аршанцы з трыма валейба­лістамі ростам вышэй за 2 метры і з былым распасоўшчыкам сталічнага БДУ Юрыем Старавойтавым сапраўды згулялі моцна. Прабіць іх абарончы блок было вельмі няпроста, а ўдары пастаўчан у яго абыход часта аказваліся недакладнымі. Толькі ў сярэдзіне другой партыі ў гаспадароў пайшла гульня, стаў вынікова атакаваць лідар — кандыдат у майстры спорту Віталь Варанец. Аднак у патрэбны момант госці прыбавілі, адарваліся адразу на 8 ачкоў і без праблем святкавалі чарговую перамогу. З няўдачы ў першым матчы пастаўчане зрабілі правільныя высновы, супакоіліся і ў паўторнай сустрэчы згулялі адзін з лепшых сваіх паядынкаў.

Хоць наша каманда і гуляла ў асноўным мала­дзёжным складам, але аршанцам стала няпроста на пляцоўцы. Зноў у пастаўчан удала атакаваў з розных пазіцый В. Варанец. Яго падтрымалі маладыя ігракі Дзмітрый Аксёненка, Ігар Гінько і Павел Дзеравянка. Гаспадары ледзь не здзейснілі сапраўдны цуд, калі ў канцоўцы трэцяй партыі адыгралі шэсць мячоў, выйгралі яе і скарацілі розніцу ў ліку. На жаль, шматвопытныя госці не далі саперніку развіць поспех. Тым не менш за самаадданую, прыгожую гульню гледачы праводзілі пастаўчан з пляцоўкі працяглымі апладысментамі.

У гэтым туры вельмі ўпарта праходзілі гульні ў Гродне, дзе мясцовы “АСДЮШАР-Камунальнік” падзяліў ачкі (лік быў 2:3 і 3:2) з лідарам — камандай Жлобіна. Аднак іх адрыў ад аршанцаў, якія ідуць другімі, скараціўся да 3 ачкоў, гродзенцы завяршылі першы круг трэцімі. Сустрэча дзвюх сталічных каманд — “Ваеннай акадэміі” і РДВАР — была перанесена. З імі пастаўчане згуляюць дома ў наступным месяцы, першыя гульні з армейцамі прызначаны на 16-17 студзеня.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.