Выбралі вёску на жыхарства


Людзі ў жыцці ўладкоўваюцца па-рознаму: хтосьці імкнецца ў горад, камусьці даспадобы прырода і вясковая цішыня. Мае рэспандэнты жыхарамі сельскай мясцовасці сталі ў розны час і па розных прычынах. Як ім жывецца ў вёсцы? На гэта пытанне адказваюць:

Валянцін Антонавіч ПАШКЕВІЧ, в. Дунілавічы:

— Вучыўся ў Мінскім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Практыку праходзіў на аўтарамонтным заводзе ў Кірсанаве (Расія). Па размеркаванні мог трапіць ажно ва Улан-Удэ або Волагду. Але хварэў бацька, і я разумеў, што маме лягчэй, калі я буду недалёка. Прыехаў у Пастаўскі райкам партыі і папрасіўся куды-небудзь працаўладкаваць. Накіравалі інжынерам у былы калгас “Ударнік”. Неўзабаве ажаніўся. 1 верасня 1971 года пераехалі ў Дунілавічы. Узначальваў мясцовы калгас, працаваў старшынёй сельскага Савета. Пасады займаў адказныя, цяжкасцей хапала. Магчымасці перабрацца ў горад былі, але мы з жонкай не ўяўлялі сябе па-за вёскай. Тут свежае паветра, выйшаў з хаты — і адразу зямля пад нагамі, кругом свае людзі, з якімі адпрацаваў шмат гадоў. Цяпер трымаем невялічкую гаспадарку, хапае часу на кнігі і перыёдыку. Летам на канікулах бавяцца ўнукі, побач з нашым домам возера, цудоўная прырода. Ніколькі не шкадую, што не стаў гараджанінам.

Зоя Іосіфаўна КУРЦЭВІЧ, в. Стары Двор:

— Нарадзілася ў Міёрскім раёне. Як і большасць маіх равеснікаў, марыла пра гарадское жыццё. Вучылася на вячэрнім аддзяленні Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума і працавала ў “Віцебскграмадзянпраекце”. У чэрвені 1980 года некалькі чалавек ад арга­нізацыі накіравалі ў былы саўгас “Пастаўскі” на нарыхтоўку сена, галінак лазы. У поле нас на грузавым аўтамабілі вазіў сімпатычны вадзіцель Валодзя. На чацвёрты дзень нашага знаёмства ён прапанаваў мне выйсці за яго замуж. Тры тыдні шэфскай дапамогі праляцелі імгненна. Паехала ў Віцебск з цвёрдым намерам пакінуць абласны цэнтр. У верасні згулялі вяселле. А вясной, калі атрымала дыплом, прыехала да мужа. У Старым Двары была магчымасць атрымаць кватэру, і мы перабраліся сюды. Потым купілі домік, адрамантавалі, нядаўна падвялі газ і жывём як у горадзе. Толькі трымаем вялікую гаспадарку, з якой маем свае прадукты харчавання, забяспечваем імі дачку і сына, якія абуладкаваліся ў гарадах.

Сяргей Анатольевіч МАМАЕЎ,

 юрыст ААТ “Парыж-агра”:

— Асінагарадок — мая радзіма. Сярэднюю школу закончыў у Казлоўшчыне. Затым паступіў у Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж. Калі паўстала пытанне размеркавання, папрасіўся ў родныя мясціны. У ААТ “Парыж-агра” працую трэці год. Пакуль сваёй сям’і не маю, таму жыву з бацькамі. Мама — лабарант мясцовай гаспадаркі, бацька — вадзіцель рыбгаса “Навінкі”. Ёсць старэйшы брат, які захапляецца пчоламі. Для іх тут прастора. У Парыжы цудоўныя мясціны. Мяне ўсё задавальняе. Адчуваю падтрымку з боку спецыялістаў гаспадаркі і асабіста дырэктара Аляксандра Рамуальдавіча Барташэвіча. Дзякуй ім за гэта. Дапамагаю бацькам, у вольны час люблю рыбачыць, падарожнічаць з сябрамі. А вяртаешся ў Парыж — і дыхаецца лёгка, і прыгажосць — вачэй не адвесці.

Святлана і Дзяніс АВІЗІЧ, г. Паставы:

— Мы пакуль што жывём у інтэрнаце прафтэхкале­джа, тут жа працуем, падрастае сынок Павел. А плануем перабрацца ў Юнькі. Там пачалі будаўніцтва ўласнага дома. Сёлета залілі фундамент. Зіму прастаіць — і будзем працягваць. Вясной хочам пасадзіць сад — пакуль дом узвядзём, дрэўцы стануць даваць плады. Абое выраслі ў сельскай мясцовасці, таму не ўяўляем, як можна жыць “на асфальце”, у шматпавярхоўцы. Любім прастор, свежае паветра, цішыню. Магчыма, і гаспадарку завядзём.

Падрыхтавала Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.