Вынікі работы ацэнены станоўча

Экономика

У мінулую пятніцу падведзены вынікі работы Пастаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў за 2015 год. Удзел у рабоце сходу прыняў старшыня абласнога камітэта прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзімір Уладзіміравіч Мядзелец, а таксама лідары пярвічных арганізацый і прафгруп.

Пра работу, якая праводзіцца ў раённай арганізацыі, расказала яе старшыня — дырэктар Пастаўскага ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская.

— Наша арганізацыя аб’ядноўвае 11 пярвічных арганізацый і 13 прафгруп агульнай колькасцю 534 чалавекі. Нам удалося нямала зрабіць для павышэння эфектыўнасці работы прафсаюза, умацавання яго аўтарытэту, — адзначыла яна. — Выконваючы сваю асноўную функцыю па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў, прафсаюзныя арганізацыі выкарыстоўваюць правераны на практыцы інстытут сацыяльнага партнёрства. Адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці — заключэнне калектыўных дагавораў, якія забяспечваюць пашырэнне правоў і гарантый работнікаў, у тым ліку і членаў прафсаюзаў. На сённяшні дзень яны заключаны ў 89% арганізацый. Праводзіцца мэтанакіраваная работа па ўнясенні ў дагаворы дапаўненняў, якія ўключаюць дадатковыя льготы, гарантыі і кампенсацыі. Напрыклад, прадастаўляюцца аплатныя сацыяльныя водпускі пры рэгістрацыі шлюбу, рэгістрацыі шлюбу дзяцей, для арганізацыі пахавання блізкай радні, аплачваюцца сесіі студэнтам-завочнікам пры атрыманні імі першай вышэйшай адукацыі.

Пастаўская прафсаюзная арганізацыя работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў удзельнічае ва ўсіх значных акцыях і мерапрыемствах, якія праводзяць Беларуская федэрацыя прафсаюзаў, абласны камітэт  — а гэта конкурс “Лепшы прафсаюзны лідар”, агляд-конкурс на лепшую арганізацыю прафработы ў “пярвічках”, спартыўныя міжраённыя спаборніцтвы і інш. Праяўляе сябе і ў дабрачыннасці — на Пастаўшчыне ладзяцца акцыі “Прафсаюзы —  дзецям”, “Збяры партфель у школу”, напярэдадні Новага года дзецям раздаюць салодкія падарункі, у іншыя святы паказваюць тэатралізаваныя прадстаўленні… Больш за 11 мільёнаў рублёў выдаткавана на аздараўленне дзяцей членаў прафсаюза. Арганізацыя таксама стала адным са спонсараў раённага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў “Шлях да поспеху”.

Дзякуючы падтрымцы прафсаюзаў штогод арганізуюцца экскурсіі ў Мінск, Санкт-Пецярбург, розныя рэгіёны Віцебшчыны. Набываюцца білеты на фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, канцэрты зорак беларускай і расійскай эстрады ў раённым Доме культуры, у тым ліку і для ветэранаў. Для іх таксама праводзіцца падпіска на газету “Беларускі час”, ладзяцца святочныя мерапрыемствы.

Ацэньваючы дзейнасць пастаўчан, Уладзімір Уладзіміравіч Мядзелец адзначыў:

—            Эканамічныя ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць, няпростыя, таму вялікая работа, праведзеная прафсаюзным актывам, заслугоўвае яшчэ большых слоў удзячнасці. Аднак якімі б станоўчымі ні былі вынікі, трэба крочыць да новых вяршынь. Прафсаюз валодае вялізным патэнцыялам. З прыходам новага кіраўніка Беларускай федэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Сяргеевіча Орды з’явіліся свежыя ідэі, новыя падыходы да работы, і гэта не можа не радаваць. Плённай працы садзейнічае і рашэнне Прэзідэнта нашай краіны аб тым, што ўсе праекты заканадаўчых актаў павінны праходзіць экспертызу ў Федэрацыі прафсаюзаў. Мы, па сутнасці, валодаем правам вета на любы з іх.

У. У. Мядзелец таксама нагадаў пра шматлікія задачы, якія ставіліся на нядаўнім з’ездзе Беларускай федэрацыі прафсаюзаў: найперш аб стварэнні пярвічных арганізацый у кожным працоўным калектыве, заключэнні большай колькасці калектыўных дагавораў, расказаў пра эфектыўнасць сумесных пасяджэнняў прадстаўнікоў прафсаюза і работні­каў розных міністэрстваў.

Напрыканцы У. У. Мядзелец падзякаваў прысутным прафсаюзным лідарам за добрасумленную працу на месцах, а старшыні раённай арганізацыі Д. І. Пякарскай уручыў Ганаровую грамату. Таксама прыгадаў, што летась Дзіяна Іванаўна атрымала дыплом фіналіста конкурсу на суісканне прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2015 года ў галіне працы — а гэта вельмі высокая ацэнка работы на рэспубліканскім узроўні.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.