Хоць і нарыхтавалі больш, чым летась

Экономика

Механізатары-льнаводы Аляксандр Аліноўскі, Алег Вайткевіч, Віктар Пузан, Раман Кузьміч (УП ЖКГ), Іван Загурскі, Валерый Пяткевіч, Дзмітрый Кузняцоў.

Сёлета пры падтрымцы старшыні аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарснёва адноўлена традыцыя ўшаноўвання лепшых ільнаводаў Віцебшчыны. Нядаўна падведзены вынікі іх работы за 2015 год. Найлепшыя яны ў майстроў паўночнага шоўку Дубровенскага, Глыбоцкага і Верхнядзвінскага раёнаў. А як папрацаваў механізаваны атрад і ў цэлым калектыў нашага льнозавода? Пра гэта карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыў з дырэктарам прадпрыемства П. І. СКУРКО.

— Мы вырошчвалі лён на 1800 гектарах і па пасяўной плошчы займалі трэцяе месца ў вобласці, — адзначыў Пётр Іванавіч. — Нарыхтавалі 3684 тоны трасты сярэднім нумарам 1,08 — на 1033 тоны больш, чым летась. У гэтым вялікая заслуга спецыялістаў, у цэлым атрада па вырошчванні льну. Пераважная большасць механізатараў валодае ўсімі неабходнымі навыкамі па выкананні комплексу работ, звязаных з сяўбой, доглядам і ўборкай даўгунцу. Важным з’яўляецца тое, што на заключным этапе давядзення трасты да парадку практычна не было прастояў з-за няспраўнасці тэхнікі і парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Стараліся ўсе, а найвышэйшай выпрацоўкі на церабленні льну і прасаванні трасты дабіліся Віктар Пузан, Алег Вайткевіч і Аляксандр Аліноўскі. Іх праца адзначана Падзякамі старшыні раённага выканаўчага камітэта.

Мы ў сваю чаргу таксама заахвоцілі тых, хто аказаў найбольшую дапамогу ва ўборцы. Гэта калектывы філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17”, ААТ “Кураполле-агра”, УП “Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна”, а таксама механізатары  Васілій Корнышаў, Леанід Мацук і Раман Кузьміч, якія пастаянна працуюць у ААТ “Кураполле-агра”, транспартным аддзеле райспажыўтаварыства і УП ЖКГ.

— Пётр Іванавіч, ад працы  льнаводаў у полі залежаць вынікі работы на асноўнай і дапаможнай вытворчасцях. Якія яны?

— За дзесяць месяцаў атрымана таварнай прадукцыі на 15 мільярдаў рублёў, што складае 182% да адпаведнага перыяду мінулага года. Вытворчасць валакна ўзрасла на 24% і склала 1354 тоны. Па-ранейшаму карыстаюцца попытам вяроўка, стужка часаная, вацін і іншыя вырабы падсобнай вытворчасці. Гэта дазволіла ў паўтара раза павялічыць выручку  ад рэалізацыі прадукцыі. Усяго з улікам уласнай сыравіны і атрыманай у  ільнасеяльных гаспадарках  з ураджаю 2015 года нарыхтавана 4500 тон трасты. За кастрычнік на старой і новай вытворчасцях яе перапрацавана 626 тон сярэднім нумарам 1,07. Але калі б новая лінія працавала на поўную магутнасць, то канчатковыя вынікі былі б намнога лепшыя, як і ў цэлым наша фінансавае становішча.

Увогуле, хацеў бы сказаць, што, нягле­дзячы на рост нарыхтовак трасты ў гэтым годзе, для поўнай загрузкі прадпрыемства трэба мець не менш за 10 тысяч тон якаснай сыравіны. Выйсці на такія аб’ёмы можна пры ўмове лепшай работы як нашага механізаванага атрада, так і гаспадарак Пастаўскага і суседніх раёнаў, якія ўваходзяць у сыравінную зону прадпрыемства.

— Якія канкрэтныя захады прымаюцца для таго, каб ажыццявіць намечанае?

— Лён — вельмі працаёмкая культура, патрабуе шмат намаганняў. Яго ўра­джай пачынаецца з зямлі. Падабраць участкі з кіслотнасцю глебы 5,5 —6,0 — вельмі складаная  справа. Цяжкасць яшчэ і ў тым, што на адно і тое ж поле льнаводы могуць вярнуцца не раней як праз 6—7 гадоў. Не менш важна на кожным этапе вырошчвання паўночнага шоўку строга прытрымлівацца тэхналогіі, не ўпусціць аптымальных тэрмінаў цераблення. Многае значыць і надвор’е. Сёлета, напрыклад, з-за засушлівага лета частка пасеваў не пайшла ў рост, а адсутнасць вільгаці не лепшым чынам паўплывала на вылежку саломкі.

У наступным годзе аб’ёмы, а значыць і нагрузка на механізаваны атрад яшчэ больш узрастуць. Плануем вырошчваць даўгунец на 2000 гектараў. На большай плошчы ўжо праведзена зяблевае ворыва. Амаль на 1600 гектарах унесены гліфасаты супраць пырніку і на 1200 гектарах — калійныя ўдабрэнні. Завяршаецца ачыстка насення льну. Яго будзем мець пад поўную патрэбнасць — 250 тон, у тым ліку ёсць насенне суперэліты і эліты, замежнай селекцыі. У падрыхтоўцы насеннага матэрыялу гатовы аказаць дапамогу льнасеяльным гаспадаркам.

Словам, клопатаў хапае. Ёсць і шэраг праблем, вырашэнне якіх залежыць не толькі ад нас. Хочацца спа­дзявацца, што ў новым годзе  вынікі нашай работы будуць лепшымі.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.