Яе крэда — вучыцца


Што абавязкова будзе юрыстам, суддзя раённага суда Наталля Фёдараўна Жукава вырашыла яшчэ ў дзяцінстве, хоць вырасла ў сям’і ваеннаслужачых і сярод родных не было ніводнага прадстаўніка прававой сферы. Гадоў з 10 дзяўчынка зачытвалася кніжкамі з дэтэктыўнымі сюжэтамі, у якіх следчыя разблытвалі складаныя крымінальныя справы, а міліцыянеры, рызыкуючы жыццём, лавілі небяспечных злачынцаў. Героі гэтых твораў здаваліся ёй суперлюдзьмі, умацоўваючы мару быць падобнай на іх.

Закончыўшы пастаўскую СШ №3, Наталля паступіла на завочнае ад­дзяленне юрфака Гуманітарна-экана­міч­нага недзяржаўнага інс­тытута ў Мінску. І ўжо з другога курса пачала працаваць па спецыяльнасці — юрыс­консультам на Пастаўскім кансервавым заводзе. У 2000 годзе, пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі, перайшла ў суд кансультантам. Пазней была залічана ў рэзерв кадраў, а затым паспяхова здала кваліфікацыйны экзамен на пасаду суддзі, якую займае з 2008 года. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо нямала часу, яна і сёння выдатна памятае сваю першую справу, якую давялося разглядаць.

— Гэта быў адміністрацыйны матэрыял па артыкуле 17.3, частка 3 у адносінах да жанчыны, што знаходзілася ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, — расказвала Наталля Фёдараўна. — Яго мне ўручыў старшыня суда Пастаўскага раёна Анатолій Віктаравіч Карытка ў першы дзень работы суддзёй пасля віншаванняў калектыву. Вельмі хвалявалася, калі вяла судовы працэс. Адна справа прысутнічаць на пасяджэннях у калег і назіраць за тым, як выносяць рашэнне яны. І зусім іншая — самой прыняць канчатковае рашэнне, паставіць пад ім уласны подпіс. Гэта вельмі адказны крок. Тут трэба быць справядлівай, улічыць усе “за” і “супраць”.

Нават сёння, праз столькі гадоў работы, выносячы прыгавор падсуднаму, яна хвалюецца, бо разумее: нярэдка росчыркам пяра вырашае далейшы лёс чалавека. А іх, лёсаў, за судовую практыку было нямала. Толькі за першае паўгоддзе 2015 года Н. Ф. Жукава разгледзела 19 крымінальных, 101 грамадзянскую і 146 адміністрацыйных спраў. Пры тым што ў апошні час у краіне назіраецца тэндэнцыя да змяншэння іх колькасці ў судах. І хоць нагрузка на суддзяў крыху знізілася, работы па-ранейшаму вельмі шмат.

— Наша прафесія настолькі складаная, што трэба дасканала ведаць не толькі заканадаўства і тыя змены, якія ў ім адбываюцца, але і ўсю нарматыўна-прававую базу, вывучаць кожнае грамадзянскае пытанне, унікаць у сутнасць праблемы, якой у дадзены момант займаешся, — працягвала мая суразмоўца. — Таму часам вымушана заставацца пасля работы, працаваць дома ў выхадныя дні. Тым не менш пра тое, што стала суддзёй, не шкадую. Гэта быў усвядомлены выбар: я ведала, што мяне чакае. Яшчэ з’яўляючыся кансультантам, даводзілася замяняць сакратара судовага пасяджэння, пісаць пратаколы, весці прыём грамадзян.

Сваімі настаўнікамі Наталля Фёдараўна лічыць у першую чаргу Анатолія Віктаравіча Карытку і былую калегу Ганну Уладзіміраўну Рамановіч, якая ўжо на пенсіі. Кажа, яны ніколі не адмахваліся, калі звярталася па дапамогу, як бы ні былі занятыя, раілі, падказвалі. Вельмі добра адзываецца і пра астатніх работнікаў суда, маўляў, яго дружнаму калектыву могуць пазайздросціць многія арганізацыі. Таксама з цеплынёй успамінае свайго першага сакратара судовых пасяджэнняў Алену Леанардаўну Жалубоўскую. Маючы вялікі вопыт работы, яна дапамагала і накіроўвала маладую суддзю.

Цяпер Наталля Фёдараўна сама можа быць настаўнікам для маладых і нявопытных. Тым не менш вырашыла, што трэба яшчэ падвучыцца. Летась паступіла ў Інстытут кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праз год павінна атрымаць дыплом па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права”.

— Час не стаіць на месцы, трэба павышаць свой прафесійны ўзровень, — упэўнена яна. — Веды, якія даюць у акадэміі, асабліва па эканоміцы, неабходны мне пры разгля­дзе спраў. Спатрэбяцца яны і ў будучым для паспяховай кар’еры.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.