З дамоў з грашыма


У адзін з кастрычніцкіх вечароў 57-гадовы жыхар вуліцы Касманаўтаў у Паставах распіваў у сябе дома спіртное ў кампаніі 28-гадовай грамадзянкі, якая пражывае па вуліцы Станкевіча і нідзе не працуе. Падчас застолля госця непрыкметна для гаспадара “правяла рэвізію” яго рэчаў і ўкрала з тумбачкі 800 тысяч рублёў. У 88-гадовай пастаўчанкі з вуліцы Горкага прапала з дома намнога большая сума грошай — ажно 500 долараў. Хто іх забраў, да гэтага часу невядома. Устаноўлена толькі, што злачынства было здзейснена шляхам свабоднага доступу. Узбуджаны крымінальныя справы.

Залез у магазін

Вечарам 22 лістапада 27-гадовы пастаўчанін абакраў магазін у вёсцы Цівунцы. У гандлёвы аб’ект ён пранік праз акно, разбіўшы шкло і адціснуўшы металічную рашотку, і вынес адтуль таварна-матэрыяльныя каштоўнасці на суму не менш за 2 мільёны 700 тысяч рублёў. Злодзей затрыманы, вядзецца следства.

На 43 мільёны

У такую суму ацэньваецца ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю 26-гадовым жыхаром раёна. 19 лістапада ў лясным масіве паблізу вёскі Вайшкуны з выкарыстаннем забароненых прылады і спосабу палявання ён незаконна здабыў дзве асобіны казулі еўрапейскай. У адносінах да браканьера ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

“Адпачылі” з наступствамі

1 снежня ў РАУС зарэгістравана заява рабочага аднаго з прадпрыемстваў горада Гродна, 1988 года нараджэння, які пражывае ў абласным цэнтры, з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці 22-гадовага жыхара вёскі Нарач. У кастрычніку гэтага года маладыя людзі адпачывалі ў кафэ “Слава” ў Паставах, дзе паміж імі ўспыхнула сварка. У ходзе яе жыхар Нарачы некалькі разоў ударыў гродзенца кулаком і нагой у твар, прычыніўшы адкрыты двайны пералом ніжняй сківіцы.

Закон не пісаны

Райаддзелам унутраных спраў узбуджана крымінальная справа ў адносінах да 27-гадовага жыхара вёскі Бакавічы за невыкананне прыгавору суда. Будучы пазбаўленым права кіравання транспартнымі сродкамі, у лістападзе ён быў спынены супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі на дарозе Бакавічы—Юнькі за рулём аўтамабіля. Давядзецца адказаць па закону і 30-гадоваму жыхару вуліцы Юбілейнай у Паставах, якога паўторна на працягу года затрымалі за рулём у нецвярозым стане.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.