З надзеяй на лепшае


Для кожнага з нас адыходзячы год быў сваім: для адных — радасным, напоўненым прыемнымі падзеямі, для іншых — сумным, са стратамі і расчараваннямі. Што датычыць Аляксея і Валянціны Даніліных з Пастаў, іх сям’і 2015-ты прынёс шмат выпрабаванняў на стойкасць.

Даніліны — перасяленцы з цэнтральнай Украіны, раней жылі ў Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласці. Пакінуць родны дом іх, як і тысячы землякоў, прымусілі ваенныя дзеянні на Радзіме. Пастаўшчыну выбралі таму, што ў Аляксея тут сваякі: у Лучаі жыве цётка, у Паставах — стрыечная сястра. Яны і дапамаглі знайсці прыстанішча ў Кураполлі. Першым у жніўні 2014-га туды прыехаў Аляксей. Уладкаваўся ў ААТ “Кураполле-агра” загадчыкам майстэрань, атрымаў службовае жыллё. Праз месяц пераехала Валянціна з дзецьмі — 18-гадовай Ірынай, 12-гадовым Данілам і 7-месячным Глебам.

Але застацца ў Кураполлі Даніліны не змаглі. Нягледзячы на тое, што мясцовыя жыхары, улады і іншыя нераўнадушныя людзі падтрымалі перасяленцаў: прывезлі ім неабходную мэблю, рэчы, адзен­не, прадукты харчавання, нават грошы на паліва сабралі. Усім ім Аляксей з Валянцінай вельмі ўдзячны. Толькі складана было гараджанам прывыкнуць да сельскага ладу жыцця без прывычных выгод. Ды і Данілу, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця, патрабавалася дапамога спецыяліста — а яго ў Кураполлі няма.

У лютым сям’я перабралася ў Паставы. Спачатку здымалі кватэру ў 5 гарадку, цяпер жывуць у мікрараёне 6 гарадка. Даніла з задавальненнем наведвае цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

— Гэты год для нас аказаўся вельмі няпростым, — расказваў Аляксей. — Асабліва цяжка прыйшлося летам. Часта нават павячэраць не было чым, бо жылі на адну маю зарплату ў 3 мільёны. А яшчэ трэба было рабіць дакументы. Дзякуй дырэктару завода “Беліт”, дзе зараз працую. Дзмітрый Барысавіч Чыжэўскі з разуменнем аднёсся да нашай праблемы: дапамог пагасіць трохмесячную запазычанасць за кватэру ў 5 гарадку — распарадзіўся выдаць мне аванс у лік будучай зарплаты, пазней перавёў з участка па вырабе тратуарнай пліткі на ўчастак тэхнічнай сурвэткі. Праўда, адтуль па стане здароўя прыйшлося вярнуцца на ранейшае месца.

Пару месяцаў таму, прызнаюцца Даніліны, ім стала крыху лягчэй фінансава. Нарэшце атрымалі пасведчанне на права жыхарства і дапамогу на дзяцей. Валянціне, якая з’яўляецца інвалідам 3-яй групы, пачалі выплачваць пенсію. З’явілася надзея на лепшае. Праўда, старэйшая дачка Ірына пакуль не можа знайсці работу па спецыяльнасці (яна майстар па манікюры) — а грошы гэтай сям’і вельмі патрэбны.

Вяртацца дамоў перасяленцы не плануюць. Хоць і вельмі сумуюць па сваёй утульнай 4-пакаёвай кватэры і родных ва Украіне, сувязь з якімі падтрымліваюць па інтэрнэце.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.