З вясны да позняй восені

Местная власть

Рыбаводы Валерый Якімовіч, Алег Лалыка і Генадзій Бервячонак.

У канцы лістапада ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў правёў нараду, на якой абмеркаваны стан і перспектывы развіцця рыбаводства ў Беларусі. Яе ўдзельнікі, сярод якіх быў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Рыбгас “Навінкі” Аляксандр Ліхаманаў, наведалі рыбаводны індустрыяльны комплекс Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, шэраг іншых аб’ектаў.

Падчас абмеркавання вынікаў выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця рыбаводства на 2011—2015 гады адзначалася, што ў краіне навучыліся вырошчваць рыбу, у тым ліку каштоўных парод. У той жа час у Беларусі штогод спажываецца каля 30 тысяч тон імпартнай рыбы. Гэты рынак павінен быць максімальна заняты прадукцыяй уласнай вытворчасці. А каб яна была канкурэнта­здольнай, трэба зніжаць затраты на ўсіх этапах, павышаць эканамічную эфектыўнасць работы. У такім кірунку і працуе рыбгас “Навінкі” —  адзін з лідараў сярод прадпрыемстваў рыбнай галіны Беларусі.

У клубе перадавікоў — папаўненне

Для рыбаводаў краіны прафесійным святам з’яўляецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. З гэтай нагоды дэлегацыя калектыву штогод прымае ўдзел у раённых  мерапрыемствах, а пасля заканчэння адлову рыбы ва ўрачыстай абстаноўцы падводзяць вынікі ў сябе.  Вось і нядаўна ў адзін з дзён мнагалюдна было ў актавай зале адміністрацыйнага будынка.  Сюды з  задавальненнем прыйшлі не толькі рыбаводы, вадзі­целі, спецыялісты, іншыя работнікі рыбгаса, але і іх сем’і, ветэраны працы, жыхары Навінак і навакольных вёсак.

Прысутных вітаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Ліхаманаў. Дарэчы, 16 лістапада споўнілася 10 гадоў, як на той час малады кіраўнік узначаліў адзін са старэйшых рыбгасаў краіны,  і, падабраўшы такую ж маладую каманду, здолеў вывесці яго на перадавыя пазіцыі ў галіне. Аб’ёмы вырошчвання рыбы ў параўнанні з 2005 годам узраслі ў некалькі разоў. «Навінкаўцы» неаднаразова выходзілі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскага спаборніцтва сярод аднатыпных гаспадарак.  І сёлета, нягле­дзячы на шэраг аб’ектыўных прычын, ураджай блакітнай нівы атрымаўся важкім — пры плане 924 атрыманы 983 тоны рыбы. Намнога актыўней, чым летась, ідзе яе рэалізацыя.

Аляксандр Пятровіч называў іншыя лічбы і факты, якія характарызуюць станоўчую работу калектыву. А яго набыткі, канчатковыя вынікі гаспадарання складаюцца з асабістага ўкладу кожнага працаўніка. З улікам гэтага і вызначаюцца лепшыя па прафесіі. Сёлета найвышэйшая ўзнагарода  ў галіне — Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь — была ўручана на свяце майстру ўчастка №2 Уладзіміру Гузараву. Калектыў, які ён узначальвае,  пры плане 58 тон вырасціў 79 тон сяголетка, перавыканаўшы заданне на 41%. Увесь пасадачны матэрыял якасны, набраў добрую вагу, а гэта надзейная гарантыя таго, што, трапіўшы вясной наступнага года ў нагульныя сажалкі, карп і іншыя віды рыбы будуць хутчэй развівацца, набываць таварную масу.

За вялікі гонар у калектыве лічаць атрымаць грамату дырэкцыі прадпрыемства. Сёлета разам з каштоўнымі падарункамі  іх удастоены вадзіцелі Раман Пачкоўскі, Павел Бервячонак, рыбавод Раман Юхновіч, зваршчык Валерый Якімовіч, прадавец Жанна Вярцінская. Раман Пачкоўскі, Валерый Якімовіч і Раман Юхновіч, якія маюць працяглы стаж работы,  узнагароджаны  граматамі ў пяты раз.

Яны ўвайшлі ў  клуб пераможцаў, які па ініцыятыве дырэктара некалькі гадоў назад  заснаваны на прадпрыемстве. Першымі яго членамі сталі вадзіцелі Віктар Кянько, Мікалай Табола, рыбавод Генадзій Бервячонак, прадавец Ніна Кянько. Члены клуба маюць перавагі перад іншымі работнікамі пры назначэнні вышэйшых прэмій, іншых матэрыяльных заахвочванняў.

Рыбгасаўцы і ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці атрымалі выдатныя музычныя падарункі ад народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”  раённага Дома культуры і папулярнага на Пастаўшчыне выканаўцы Аляксандра Апанасе­віча. Святу папярэднічала настойлівая, нялёгкая работа па вырошчванні і адлове рыбы, якая доўжылася з вясны да позняй восені.

Не ўсё залежыць ад калектыву

Агульны сажалкавы фонд рыбгаса налічвае 967,45 гектара. Найбольшую плошчу, дзе вырошчваюць таварную рыбу, займаюць нагульныя сажалкі. Асноўнай крыніцай іх запаўнення з’яўляюцца талыя воды.  Сёлетняй жа вясной з-за адсутнасці снежнага покрыва і ападкаў не ўдалося  заліць вадой самую вялікую, валаўтваральную 155-гектарную сажалку.  У тэрміновым парадку давялося рэалізоўваць розным спажыўцам пасадачны матэрыял, якога мелі ў дастатку, а таксама ўносіць карэктывы ў план работы па вырошчванні таварнай прадукцыі.

Вяртаючыся да той неардынарнай веснавой сітуацыі, галоўны рыбавод прадпрыемства Аляксандр Пушкін адзначыў, што разгубленасці не было. Вырашылі не адыходзіць ад напрацаванай гадамі тэхналогіі і сканцэнтраваць усю ўвагу на павышэнні ўраджайнасці люстраной нівы. Але і тут умяшалася надвор’е. У чэрвені і ліпені, калі рыба ў асноўным расце, тэмпература вады ў нагульных сажалках складала каля 20 і менш градусаў пры аптымальных 24—26 градусах. Толькі пры такім тэмпературным рэжыме можна дасягнуць максімальнага прыросту масы карпа. Цяпло ж прыйшло  ў жніўні.  Па рэкамендацыі спецыялістаў, рыбаводы амаль кожны дзень рэгулявалі нормы кармлення, сачылі за гідрахімічным саставам вады, прымалі іншыя захады, якія ў выніку прывялі да нядрэннага ўраджаю.

Што датычыць адлову, то гэтай восенню для яго былі самыя спрыяльныя ўмовы. У папярэднія гады рыбгасаўцы стараліся завяршыць пуціну ў кастрычніку — пачатку лістапада. Сёлета пагрозы маразоў не было. Хаця і не спяшаліся, але кожны дзень вылоўлівалі ў сярэднім па 30—40 тон рыбы. А аднойчы, так склаліся абставіны, пры святле пражэктараў працавалі да 12 гадзін ночы, вылавілі і адсартавалі 60 тон рыбы.

Рыбавод Раман Юхновіч.
Вадзіцелі Павел Бервячонак, Раман Пачкоўскі і Міхаіл Якімовіч.
Майстар участка №2 Уладзімір Гузараў.

— На абслугоўванні нагульных сажалак працуюць  сапраўдныя прафесіяналы, —  адзначыў майстар участка №1 Святаслаў Яцэвіч. — Для рыбаводаў Рамана Юхновіча, Валерыя і Уладзіміра Якімовічаў, Алега Лалыкі, Генадзія Бервячонка і іншых не існуе цяжкасцей,  яны прызвычаіліся да любых умоў. Гэта праз іх рукі  прайшоў амаль увесь сёлетні ўраджай таварнай рыбы. А на яе перавозцы часцей за іншых працавалі Раман Пачкоўскі, Павел Бервячонак, Канстанцін Якімовіч, Валянцін Врублеўскі, Яўгеній Вярцінскі.

Напружанымі былі тры апошнія месяцы і для калектыву сартавальнага ўчастка, дзе рыбу размяркоўвалі па відах і групах. Адсюль яна трапляла ў невялікія зімавальныя сажалкі плошчай да аднаго гектара. У кожнай змешчана ад 40 да 50 тон жывой прадукцыі, якая паступова будзе рэалізоўвацца. Словам, калі для большасці рыбаводаў сезон завяршыўся, то ў майстра сартавальнага ўчастка Андрэя Брэскага клопатаў яшчэ шмат.

Не толькі вырасціць, але і рэалізаваць

За 11 месяцаў гэтага года рыбгас рэалізаваў 808 тон рыбы — на 80 тон больш, чым за такі перыяд летась. К канцу года гэты паказчык перавысіць 900 тон. Тэмп росту, як і прадугледжана прагнознымі паказчыкамі эканамічнага развіцця, складзе не менш за 10%.  На прадпрыемстве існуе свая сістэма продажу жывой прадукцыі.  Кожны дзень тры аўтамашыны дастаўляюць яе па заяўках у магазіны Віцебска, Полацка, Наваполацка, суседніх і іншых заходніх раёнаў вобласці.

Сямейны экіпаж выязнога гандлю ў складзе Алены і Валерыя Шэндзель.

Увогуле, як сведчыць уласная статыстыка, праз магазіны дзяржаўнай, кааператыўнай і іншых форм уласнасці рэалізуецца толькі 19% вырашчанай рыбы. Затое актыўна яна прадаецца на месцы, асабліва ў разгар пуціны. Але самым запатрабаваным у насельніцтва з’яўляецца выязны фірменны гандаль, на які  прыпадае 47% усёй колькасці рэалізаванай рыбы. Пры гэтым, вядома, прадпрыемства нясе пэўныя дадатковыя затраты, але яны апраўданыя. Вось чаму кожны дзень, калі вёска яшчэ спіць, сем спецыяльных аўтамашын загружаюцца жывым таварам і дастаўляюць яго па графіку ў розныя гарады і буйныя пасёлкі Прыдзвінскага краю. Сярод прадаўцоў найбольшую колькасць карпа і таўсталобіка рэалізуюць Ніна Кянько, Алена Шэндзель, Жанна Вярцінская і Вольга Капшуль.

Рыбаводы з Навінак — нязменныя ўдзельнікі міжнароднай выставы “Белагра”,  абласных “Дажынак”, кірмашоў “Рыба Беларусі” і іншых  масавых мерапрыемстваў. На іх, як правіла, вялікім попытам карыстаецца наварыстая, прыгатаваная толькі з натуральных інгрэдыентаў “Юшка па-пастаўску”.  Усяго ж работнікі выязнога гандлю маюць у сярэднім за месяц да 2 і больш мільярдаў рублёў выручкі.

— Наша рыба сапраўды карыстаецца вялікім попытам, — адзначыў начальнік аддзела збыту Віталій Новікаў. —  Нягледзячы на тое, што вымушаны былі павысіць сёлета яе кошт,  прадукцыя ў параўнанні з  іншымі рыбгасамі застаецца самай таннай. Таму і рэалізуецца за месяц да 130 тон рыбы.

У рыбгасе “Навінкі” забяспечваецца поўны працэс вырошчвання рыбы — ад атрымання ікрынак да гатовай прадукцыі.  У агульнай структуры вытворчасці 70 працэнтаў займае карп, які ў нашых кліматычных умовах мае добрыя тэмпы росту. За кошт яго і плануецца ў далейшым нарошчваць аб’ёмы. Пры гэтым, як адзначыў кіраўнік калектыву Аляксандр Ліхаманаў, першачарговая ўвага будзе звяртацца на  павышэнне эканамічнай эфектыўнасці работы, у першую чаргу за кошт зніжэння затрат.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.