Запрасілі на фестывалі

Культура

28 лістапада ў літоўскім горадзе Малетай праходзіў фестываль народнай музыкі “Дуэт гарманістаў”, удзельнікамі якога сталі музыканты заслужанага аматарскага калектыву фальклорнага ансамбля “Паазер’е”.

На гэты фестываль “паазерцы” трапілі ўжо ў другі раз. Гадоў пяць назад кіраўнік калектыву Анатолій Собаль удзельнічаў у сумесным праекце Літвы, Латвіі і Беларусі “Фальклорны лагер” у Браславе ў якасці эксперта ад нашай краіны па гармоніку. Там пазнаёміўся з літоўскімі гарманістамі Кестуцісам Кузміцкасам і Альгімантасам Міляўскасам (на ніжнім здымку), з якімі завязалася сяброўства. Летась па іх ініцыятыве калектыў з Пастаў быў запрошаны на малетайскае свята народнай музыкі, а літоўскі дуэт сёлета прыязджаў на наш фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” і стаў яго лаўрэатам. І вось нядаўна “Паазер’е” зноў атрымала запрашэнне з Літвы.

У суседнюю краіну адправіўся квінтэт ансамбля ў складзе Анатолія Собаля (гармонік), Віктара Жука (барабан), Людмілы Януковіч (скрыпка), Галіны Барысюк і Ванды Мацкевіч (цымбалы). 27 лістапада, у дзень прыезду ў Вільнюс, яны прынялі ўдзел у папулярнай у Літве фальклорнай тэлеперадачы, якая трансліруецца кожную пятніцу вечарам у прамым эфіры і ў якой выступаюць народныя музычныя калектывы з усёй краіны (на здымку падчас выступлення на тэлебачанні). Адкрываў і закрываў яе ансамбль гарманістаў з Малетая, у склад якога ўваходзяць К. Кузміцкас і А. Мі­ляўскас. Нашым музыкантам таксама прадаставілі магчымасць выканаць два творы — “Петраградскую польку” і вальс “Зорачка”. Затым яны пераехалі ў Малетай, дзе на наступны дзень на фестывальную сцэну мясцовага Дома культуры выйшаў дуэт у складзе Анатолія Собаля і Ванды Мацкевіч. А калі конкурсныя выступленні завяршыліся і журы пайшло падводзіць вынікі, пастаўскі квінтэт запоўніў паўзу і сыграў паўнавартасны канцэрт.

Дамоў “паазерцы” прывезлі дыплом фестывалю за віртуознае выкананне твораў і падтрыманне народных музычных традыцый. Акрамя таго, кожны ўдзельнік атрымаў імянны дыплом-падзяку ад арганізатараў, агульны фотаздымак на памяць і дыск з запісам мінулагодняга канцэрта. Развітваючыся з літоўскімі сябрамі, А. А. Собаль ад імя райвыканкама запрасіў малетайскі ансамбль гарманістаў у поўным складзе прыняць удзел у наступным свяце народнай музыкі ў Паставах.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.