“Захаваем пчол — захаваем жыццё”


Не сакрэт, што мёд любяць калі не ўсе, то многія. На стол ён трапляе па-рознаму. Большасць з нас гэты карысны прадукт купляюць. А вось Вайцех Антонавіч Сямашка з Ляхаўшчыны забяспечвае сваіх родных і блізкіх мёдам з уласнай пасекі. Больш за 50 гадоў ён займаецца пчалярствам, і гэта захапленне — неад’емная частка яго жыцця. Вайцех Антонавіч можа расказваць пра пчол гадзінамі. Не раз ён дзяліўся сваімі разважаннямі і з чытачамі “Пастаўскага краю”. Сёння — працяг тэмы.

— Якім выдаўся адыходзячы год для пчаляроў?

— Сёлетнія вясна і лета не спрыялі нам. Спачатку было працяглае дажджлівае надвор’е, а пазней засушыла. Аднак скардзіцца не буду — рэкордаў меда­збору не паставіў, але сваё ўзяць удалося. Спачатку забяспечваю прадуктамі пчалярства сем’і трох дачок. Лішкі раздаю знаёмым або прадаю. Ніколі свой мёд не расхвальваю, хоць ведаю яму цану.

— Дарэчы, як выбраць мёд у краме ці на рынку, каб не трапіць на падробку?

— Калі мёду многа, то на падробку рашаюцца адзінкі. Іншая справа, што мёд можа быць няякасным.

У краінах Еўропы пакупнікі аддаюць перавагу светламу мёду. У чым тут прычына? Мёд з ліпы, акацыі, маліны, донніку (з лацінскай — “мядовая канюшына”) адносіцца да вышэйшага гатунку,  і ён заўсёды светлы. Па лекавых уласцівасцях ён самы каштоўны. Ведаю прыхільнікаў верасовага мёду. Летне-восенькі меданос дае багаты нектар, мёд з яго цёмны, даўкі і гаркаваты.

— Як праверыць, ці спелы мёд (у ім мала вільгаці)?

— Калі мёд, сцякаючы з лыжкі, накручваецца на яе, то ён добры. Але такі мёд толькі летам, а пазней ён крышталізуецца. Калі восенню мёд рэдкі — гэта ненармальна. Найлепш купляць у сотах, пры гэтым воск утрымлівае многа карысных рэчываў. Рэгулярнае ўжыванне мёду ўмацоўвае імунную сістэму, павышае вынослівасць і працаздольнасць. Незаменныя прадукты пчалярства пры павышэнні псіхічных і разумовых нагрузак. Па гэтай прычыне я не перастаю паўтараць: захаваем пчол — захаваем жыццё.

— Вайцех Антонавіч, чым карысны пчаліны яд?

— Гэта, бадай, самы мацнейшы імунастымулятар, які здольны аднавіць ахоўныя сілы арганізма. Трапляючы ў кроў, яд пачынае бесперапынна працаваць. Спачатку ў клетках хворага органа, а потым у арганізме ў цэлым. Пчаліны яд настройвае наш арганізм на барацьбу з хваробамі, умацоўвае сардэчную мышцу, сасуды, бронхі, суставы.

Апітэрапія — лячэнне пчаліным  ядам — амалоджвае арганізм. Звычайна чалавек лёгка пераносіць да пяці ўкусаў адначасова. Але перш чым займацца гэтай працэдурай, абавязкова парайцеся з урачом. Мае суседзі Аляксей Ягоравіч і Святлана Лукінічна Аліхвер заўсёды з разуменнем ставяцца да пчалярства і карыстаюцца апітэрапіяй.

—  І тым не менш яд ёсць яд. Што рабіць, калі пчала ўджаліла “незапланавана”, скажам, у садзе ці агародзе?

— Адразу трэба хутка дастаць джала. Месца ўкусу не расціраць, а змачыць 0,25-працэнтным растворам нашатырнага спірту ці сталовага воцату. Калі гэтага няма пад рукамі, то сокам пятрушкі ці цыбулі або прыкласці сырую бульбу. У выпадку, калі на целе з’явілася алергічная рэакцыя, трэба ўжыць «Супрасцін».

— Збоку здаецца, што ўсё даволі проста: пчолы працуюць, а ты мёд у іх забірай. Любы справіцца…

— Гэта цяжкая праца, якая патрабуе вялікай самааддачы. А колькі паўсядзённых клопатаў: рамонт вулляў, работа з рамкамі.  Восенню неабходна падрыхтаваць да зімы, вясной сачыць, як перазімавалі. Бывае, пчолы хварэюць, і патрэбна своечасова гэта ўбачыць, каб іншыя сем’і выратаваць. Пра лета я нават і не гавару.

— Вайцех Антонавіч, што параіце тым, хто сабраўся разводзіць пчол?

— На першым часе неабходна набрацца практычнага вопыту. А пасля зразумець, ці хопіць сіл, часу і жадання, бо пчолы патрабуюць вялікай увагі. Да гэтага занятку павінна ляжаць душа.

Гутарыў Юрый КАТОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.