З’яднаныя каханнем


Гісторыя той ці іншай сям’і складваецца з узаемаадносін родных і блізкіх людзей, як новы дом з невялікіх цаглінак. Хачу расказаць пра адну з іх — самую звычайную. Віталь, назавём яго так, у сярэдзіне сямідзясятых скончыў СШ №1 і цвёрда вырашыў стаць афіцэрам-ракетчыкам. Ведаў: каб дабіцца свайго, давядзецца многа працаваць, але гэтага не баяўся, бо да работы быў прывучаны з дзяцінства: дапамагаў бацькам і бабулі, падчас канікулаў шчыраваў на калгасных палетках, многаму навучыўся ў школьнай майстэрні на ўроках працы. Да ўступных экзаменаў рыхтаваўся сур’ёзна. Бацька, паляўнічы са стажам, браў яго на спаборніцтвы паляўнічых па стральбе. Юнак з дзесяці стрэлаў збіваў дзевяць мішэняў-талерачак. Займаўся ў спартыўнай школе. На жаль, перад самай камісіяй атрымаў там траўму.

З марай пра ваеннае вучылішча давялося развітацца. Пасля лячэння яго прызвалі на тэрміновую службу. Як аднаго з самых падрыхтаваных прызыўнікоў накіравалі ў вайсковую групу за межамі краіны. Калі за дысцыплінаванасць, адказнасць і поспехі Віталя заахвоцілі 10-дзённым водпускам і ён прыехаў дадому, малодшы брат Саша пазнаёміў з дзяўчынай. Маша так расказвае пра тую сустрэчу: “Мы жылі на суседніх вуліцах, але адно аднаго не ведалі. Калі ўбачыліся, я зразумела: ён той, пра каго я марыла. Да таго ж высокаму чарняваму вясёламу хлопцу так пасавала вайсковая форма з блакітнымі пагонамі, як у таты (служыў у авіяцыйнай часці ў шостым гарадку). Не спадабацца мне ён проста не мог”.

Віталь сцвярджаў, што гэта было каханне з першага позірку і назаўсёды. Калі дзяўчына прыйшла на вакзал праводзіць, дамовіліся, што яна будзе чакаць яго з арміі. Апошнія дні службы цягнуліся невыносна марудна. Але і яны скончыліся. Хлопец вярнуўся ў Паставы. Пасталелы, узмужнелы, ён усведамляў, што галоўнае для чалавека — дабрыня, надзейнасць і працавітасць. На працу ўладкаваўся ў нядаўна створанае міжраённае прадпрыемства слесарам. Яго любая пасля тэхнікума працавала ў сістэме спажывецкай кааперацыі. Увесь вольны час праводзілі разам. Ім было добра побач, яны разумелі адно аднаго і без слоў. Нарэшце згулялі вялікае і шумнае вяселле. “Якая прыгожая пара!” — захапляліся сваты.

— Прыгажуня, разумніца Маша — маё шчасце, і я нават не ведаю, каму за гэта дзякаваць, — дзяліўся Віталь сваім патаемным.

У наступным годзе ў маладой сям’і нарадзіўся сынок, якога назвалі Георгіем. Спачатку жылі ў бацькоў Машы, потым перасяліліся ў адзін з першых дамоў, узведзеных у новым мікрараёне Пастаў. Добрасумленнага, кампетэнтнага, адказнага Віталя назначылі на пасаду майстра. Без адрыву ад вытворчасці ён паступіў у тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-энергетыка, што і дапамагло яму неўзабаве стаць старшым майстрам. За высокія паказчыкі ў працы яго фотаздымак быў занесены на гарадскую Дошку гонару, якая на той час размяшчалася па вуліцы Чырвонаармейскай, у раёне сучаснай школы мастацтваў. Віталь заставаўся верным свайму прадпрыемству (амаль 35 гадоў у адным калектыве). У працоўнай кніжцы толькі запіс аб прыёме на работу і аб звальненні ў сувязі з выхадам на пенсію па прычыне хваробы.

Машы, бывала, даводзілася працаваць і па 12 гадзін, выязджаць у аддаленыя гандлёвыя кропкі, на кірмашы, іншы раз прыносіць работу дамоў, бо ўсё павінна было быць падлічана і распісана. Абое працавалі адказна. І дома ўсё было добра. Маша — цудоўная гаспадыня: умела і магла смачна накарміць, навесці чысціню, дагле­дзець градкі, клапацілася, каб муж падчас нярэдкіх камандзіровак перакусваў дамашнім, а калі вяртаўся — чакала вясёлая і акуратная, усё было прыгатавана, свежае і смачнае. Сынок пайшоў у першы клас, а ў сям’і нарадзіўся яшчэ адзін, якога ў гонар дзядулі назвалі Аляксандрам. Дазволілі сабе па тым часе і раскошу — новыя “Жыгулі”. Сям’я была гасцінная. Прымалі сяброў з Украіны, Масквы, Ленінграда, Прыбалтыкі…

Здаралася ў іх, як і ў іншых, усялякае, але Маша і Віталь вывелі для сябе аксіёму: каханне — гэта праца, праз гады сумеснага жыцця заставацца на піку пачуццяў проста немагчыма. Яны мелі шчасце, бо падтрымлівалі адно аднаго, умелі падзякаваць за нейкую дробязь ці папрасіць прабачэння за сваю памылку. Нават каля тэлевізара ся­дзелі абняўшыся. Так было як праз пяць, так і праз дваццаць гадоў іх сужэнства. І дзяцей гадавалі ў згодзе, не дзелячы абавязкаў. З удзячнасцю прымалі дапамогу бацькоў, калі тыя на які час забіралі ўнукаў да сябе. Тады выязджалі на прыроду, адпачывалі, каб потым з асалодай успамінаць тыя хвіліны і яшчэ больш радавацца жыццю. Дзеці падрасталі, станавілася лягчэй, іх узаемаадносіны не мяняліся. Віталь нязменна паўтараў: “Сям’я — гэта сіла”. Не дзень у дзень былі яны побач: то камандзіроўкі, то абарона дыпломаў, то выезд за мяжу на заробкі… Але адно аднаму давяралі. Шчас­лівае сужэнства і складваецца з мноства рэчаў і маленькіх шчаслівых момантаў: ветлі­вай усмешкі, прыемнага слова, прызнання ў каханні, падарунка з нагоды ці без…

Дзеці выраслі годнымі людзьмі. Маюць свае сем’і, жыллё, машыны. Кожны займаецца тым, што яму цікава і прыносіць карысць. На радасць бабулі і дзядулі пайшлі і ўнукі. Калі бацькоўская хата апусцела, Віталь і Маша пераехалі ў яе, на ціхае і спакойнае месца, дзе і паветра іншае, і суседзі знаёмыя з дзяцінства.

На гэтым можна было б паставіць кропку. Але… Такое здараецца заўсёды неспадзявана. Хвароба не выбірае часу. Яна не маю жалю, з ёй немагчыма дамовіцца. І з Віталем яна абышлася так. Прыліпла як смала і ўжо не адпусціла, хоць медыкі, у тым ліку і сталічныя, зрабілі ўсё магчымае і немагчымае. У адну з восеньскіх начэй, якраз напярэдадні чарговай гадавіны іх вяселля, Віталь больш не прачнуўся на бальнічным ложку.

З таго часу мінула ўжо  пяць гадоў. Іх меншая ўнучка Наташа пайшла ў першы клас. Ходзіць у музычную школу і робіць там першыя поспехі, як калісьці дзядуля. Маша часта бывае на магіле мужа, у думках размаўляе з ім, а Віталь нярэдка прыходзіць да яе ў снах. Каля хаты па-ранейшаму дагледжаны агародзік, дзе ў асноўным зеляніна, а большую частку займаюць кветкі. Яна любіць іх водар.

    Л. СЕМЯНАС, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.