60 зім мінула, а ім цёпла разам


Прыехаўшы на вяселле стрыечнага брата, Галя адразу запрыкмеціла чарнабровага, з цёмнымі як спелыя вішні вачыма хлопца. І ён не зводзіў іх з дзяўчыны. Танцавалі, размаўлялі, жартавалі. Адгрымела вяселле, і Валодзя пайшоў на тэрмі­новую службу. Клопатныя салдацкія будні святлелі ад успамінаў пра прыгажуню, вобраз якой раз-пораз усплываў у думках. Адслужыўшы тры гады, паспяшаўся да яе. 

З тае пары, як Галіна Яўстаф’еўна і Уладзімір Паўлавіч Шалашонак пажаніліся, мінула шэсцьдзесят гадоў.

— Мароз быў страскучы, здаецца, унутры ўсё стыла, — успамінала Галіна Яўстаф’еўна. — Усе ехалі на конях. Ад маёй вёскі ў Глыбоцкім раёне да Верацеі — 12 кіламетраў. У шлюбную сукенку пераадзявалася ў суседняй з царквой хаце. А сукенка пазычаная — бедна жылі, хоць і шмат працавалі.

Мая суразмоўца пераключаецца на тое, як няпроста жылося ў дзяцінстве, як абжываліся, пажаніўшыся, як цяжка працавала. Дзесяць гадоў займалася раздоем першацёлак. Хадзіла ў перадавіках, на раённыя сходы ездзі­ла, граматы і прэміі атрымлівала з рук тагачаснага першага сакратара райкама партыі Валянці­ны Аляксееўны Клачковай.

— Спачатку кароў уручную даілі, потым апаратамі ў бачкі, — успамінала. — А як глядзелі жывёлу! Самі кармы раздавалі, муку разносілі, буракі — вёдрамі. З дойкі вярталася апоўначы, варыла есці, мыла адзенне, а ў чатыры раніцы зноў на ферму бегла. Мае клопаты раздзяляў муж, як падраслі — і сын з дачкой. Усе ўмелі кароў даіць і дома гаспадарку дагледзець. Летам яшчэ і па 20 сотак калгасных буракоў палолі.

Уладзімір Паўлавіч працаваў у Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Атрымліваў нядрэнную зарплату, меў выхадныя. Заўсёды стараўся дапамагаць жонцы. І цяпер ён за яе жвавейшы, таму і бярэ на сябе больш гаспадарчых клопатаў. У нядзелю і ў святы спяшаецца ў асінагародскую царкву, прыслугоў­вае бацюшку падчас службы.

Нам ёсць за што дзякаваць Усявышняму, — працягвала гаваркая Галіна Яўстаф’еўна. — Усялякага за 60 гадоў было. А Бог захаваў нашу сям’ю. Дзякуй за дачку і сына, чацвярых унукаў, семярых праўнукаў. Заўсёды цешымся іх прыезду. Калі ўсе збіраюцца разам, я сябе госцяй адчуваю: і есці згатуюць, і нас з бацькам паклічуць да стала, а калі нездаровіцца, то і ў ложак прынясуць. Звоняць практычна штовечар. Рада, што ім выпаў іншы, чым нашаму пакаленню, час.

Уладзімір Паўлавіч застаўся без бацькі ў тры гады. Перажыў ваенныя нягоды. Старэйшы брат загінуў на вайне, і яму прыйшлося з малых гадоў і за плугам хадзіць, і касіць. Упраўляўся са сваёй гаспадаркай, дапамагаў суседзям.

— Прыйшла замуж: хатка невялі­кая, — расказвала Галіна Яўстаф’еўна. — А хацелася прасторнага дома. Таму і працавалі ад цямна да цямна, стараліся. Дачку ледзь не ў полі нарадзіла. Садзілі ўручную кукурузу недалёка ад бальніцы. Пайшла ў абед праверыцца, а дадому вярнулася ўжо з малой. Пачалі будавацца. Радавалася, калі перабраліся хоць у невялікі пакойчык новага дома. Паціху абуладкоўваліся. Калі праз два гады нарадзіла сына, Валодзя к майму вяртанню паспеў у вялікім пакоі пакласці падлогу, паставіць стол і лаўкі. З часам набылі мэблю. А па радыёлу муж ажно ў Віцебск ездзіў. Потым купілі тэлевізар. Кожная пакупка была за шчасце. Цяпер маладыя не цэняць таго, што маюць. Працаваць лянуюцца. На ўвесь Парыж толькі некалькі кароў. Мы з Валодзем па дзве трымалі, а яшчэ авечак, свіней, гусей, качак, курэй. Сённяшняе жыццё таксама ў працы — на падворку, агародзе, у гаспадарчай пабудове, дзе ёсць свінні, куры, конь. Не разумею, як жыць, калі не працаваць.

Многія раяць Шалашонкам перабрацца з Малой Верацеі ў Асінагарадок ці Парыж — бліжэй да людзей. А ім шкада пакідаць абжытае месца, дзе ўсё зроблена сваімі рукамі, а навокал цудоўная прырода, побач грыбны лес, у які любіць хадзіць Уладзімір Паўлавіч. Два разы ў тыдзень прыходзіць аўталаўка і прывозіць усе неабходныя прадукты.

Канечне, здароўе і спрыт ужо не такія, як у маладосці. Пакрыху адольваюць хваробы, нагадваюць пра сябе гады цяжкай працы і бясконцых вясковых клопатаў. Але вочы ўсмешлівай Галіны Яўстаф’еўны і больш стрыманага Уладзіміра Паўлавіча свецяцца радасцю. Неўзабаве яны будуць адзначаць брыльянтавае вяселле. Іх дом не ведае, што такое цішыня, адзінота, сум. І снежнай зімой, і спякотным летам у ім гучаць галасы даўно дарослых дзяцей, смех унукаў і гарэзлівых праўнукаў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.