У Паставах адкрылася спецыялізаваная выстава “Агняборцы Пастаўшчыны”

Культура

Начальнік РАНС, маёр унутранай службы Аляксей Іванавіч Кісель уручае грамату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь капітану Якаву Канстанцінавічу Зубовічу.

Пад такой назвай у раённым краязнаўчым музеі, шэраг экспазіцый якога размяшчаецца ў падвальным памяшканні палаца Тызенгаўзаў, з 19 студзеня працуе спецыялізаваная выстава. Яе адкрыццю папярэднічала ўрачыстасць, прымеркаваная да  Дня ратаўніка, на якой прысутнічалі ветэраны і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Супрацоўнікі раённага аддзела знаёмяцца з экспанатамі выстаўкі “Агняборцы Пастаўшчыны”.

Павіншаваўшы іх з прафесійным святам, начальнік РАНС Аляксей Іванавіч Кісель адзначыў, што Дзень ратаўніка ў нашай краіне адзначаецца з 19 студзеня 1999 года, калі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта было створана Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Сёння ў краіне налічваецца больш за тысячу падраздзяленняў, накіраваных на ліквідацыю надзвычайных сітуацый. На іх узбраенні шмат рознай, у тым ліку новай, тэхнікі, абсталявання. Не выключэнне і Пастаўскі раённы аддзел, супрацоўнікі якога пастаянна ўдасканальваюць сваю вывучку і неаднаразова даказвалі, што здольныя справіцца з любой надзвычайнай сітуацыяй як прыроднага, так і тэхнагеннага характару. Яны не на словах, а на справе ажыццяўляюць дэвіз “Прафесіяналізм. Адвага. Гонар”, які з’яўляецца вызначальным для людзей сапраўднай мужчынскай прафесіі.

Супрацоўнікі раённага аддзела знаёмяцца з экспанатамі выстаўкі “Агняборцы Пастаўшчыны”.

За значны ўклад у папярэ­джанне і ліквідацыю пажараў, узорнае выкананне службовых абавязкаў і дасягненне ў 2015 годзе высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці загадам міністра памятным нагрудным знакам “15 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” узнагароджаны капітан унутранай службы Пётр Пятровіч Латыш, старшы прапаршчык Юрый Леанідавіч Еванісаў, прапаршчык Пётр Пятровіч Шарынскі. Начальнік РАНС уручыў граматы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь капітанам Якаву Канстанцінавічу Зубовічу і Аляксандру Аляксандравічу Мухлю. Грамату абласнога ўпраўлення атрымаў Дзяніс Васільевіч Сарокін.

Старшы прапаршчык Юрый Леанідавіч Еванісаў, капітаны Пётр Пятровіч Латыш, Аляксандр Аляксандравіч Мухля і старшы прапаршчык Алег Аляксандравіч Каравацкі.

Напярэдадні свята былі прысвоены чарговыя спецыяльныя званні: «старшы прапаршчык» — Алегу Аляксандравічу Каравацкаму, «старшы сяржант» — Яўгенію Міхайлавічу Сварцэвічу, «малодшы сяржант» — Яўгенію Аляксандравічу Пестуну і Ігару Валянцінавічу Якімовічу.

— Вы з’яўляецеся прадстаўнікамі ўнікальнай прафесіі,— адзначыла, звяртаючыся да прысутных, дырэктар раённага края­знаўчага музея Раіса Леанідаўна Курачэнка. — Захапляюць вашы мужнасць і прафесіяналізм на тушэнні пажараў і ў іншых надзвычайных сітуацыях. Вы можаце аказаць першую медыцынскую дапамогу пацярпелым, умееце супакоіць і знайсці падыход да чалавека, які трапіў у бяду. А калі не адчыняюцца дзверы ў кватэру, у бязвыхадным становішчы аказалася кацяня, узніклі непрадбачаныя жыццёвыя сітуацыі — людзі зноў звяртаюцца па дапамогу да ратаўнікоў. Цяпер пра вашу службу, рашучасць, смеласць і мужнасць супрацоўнікаў, якія былі праяўлены ў розныя гады, даведаюцца ўсе, хто наведвае музей. З вялікім задавальненнем хачу назваць тых, хто ўдзельнічаў у зборы матэрыялаў, стварэнні выставы. Гэта найперш інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела МНС Аляксандр Аляксандравіч Мухля, старшы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Гвідонаўна Гарошка і тэхнічны выканаўца Дзмітрый Мікалаевіч Вялічка.

— А я ў сваю чаргу хачу падзякаваць цяперашняму кіраўніцтву аддзела і асабліва былому намесніку начальніка Віктару Арсенцьевічу Міхалевічу, які ў свой час правёў вялікую работу па зборы экспанатаў і розных матэрыялаў, што знайшлі сваё месца на выставе, — падкрэсліў А. А. Мухля. — Увогуле, гэта сумесная праца многіх людзей. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы па­дзякаваць родным і блізкім былых ратаўнікоў — усім, хто па­дзяліўся з намі іх рэчамі, узнагародамі, дакументамі, дарагімі рэліквіямі. Кожны экспанат для нас каштоўны.

Выстава “Агняборцы Пастаўшчыны”, першую экскурсію па якой правёў А. А. Мухля, па часе ахоплівае 100-гадовы перыяд. На ёй сабраны фотаматэрыялы, дакументы і рэчы, якія адносяцца да 20-ых гадоў мінулага стагоддзя, ахопліваюць перыяды Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны, расказваюць пра сучасныя будні ратаўнікоў.

— Для нас, ветэранаў, вельмі важна, што ў аддзеле шануюць гісторыю, тых, хто ў розныя перыяды нёс службу днём і ноччу, ахоўваючы жыццё і маёмасць жыхароў горада і раёна, — адзначыў былы супрацоўнік РАНС Віктар Іосіфавіч Скіпар. — Хочацца пажадаць, каб сённяшнія ратаўнікі працягвалі традыцыі сваіх папярэднікаў, заўсёды дзейнічалі рашуча і смела, ганарыліся сваёй прафесіяй.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.