«Даніэла» нас пашкадавала

Местная власть

Цыклон “Даніэла”, які на гэтым тыдні абрынуўся з паўднёвага захаду Еўропы на Беларусь і выклікаў моцны снегапад, не застаў знянацку дарожнікаў і работнікаў камунальнай службы Пастаўшчыны. Адразу пасля таго, як у краіне было аб’яўлена аб ліквідацыі яго наступстваў і недапушчэнні збояў у рабоце гаспадарчага комплексу, забеспячэнні насельніцтва ўсімі неабходнымі паслугамі, адбылося пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. Старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Павел Ра­дзівонавіч Станюш паведаміў, што з удзелам адказных службовых асоб УП ЖКГ, ДЭУ-33, ДРБУ-132, райаддзела ўнутраных спраў, аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі, некаторых іншых службаў у аператыўным парадку былі вызначаны задачы па ачыстцы і падсыпцы дарог, вуліц, тратуараў, аўтобусных прыпынкаў, вывазе снегу.

У арганізацыях задзейнічалі ўсю наяўную спецыяльную тэхніку. Пры неабходнасці на асобных участках дарог, дзе магчыма найбольшае скапленне снегу,  яна працуе круглыя суткі. Актыўна змагаюцца са снегам работнікі камунальнай службы. Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць таксама супрацоўнікі ДАІ. Яны не толькі сочаць за выкананнем вадзіцелямі і пешаходамі правілаў дарожнага руху, што вельмі актуальна падчас непагадзі, але і ажыццяўляюць кругласутачны маніторынг стану дарог.

У адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі і Віцебскай вобласці, дзе за суткі выпала паўмесячная і нават месячная норма ападкаў, Пастаўшчыну “Даніэла” пашкадавала — снегу выпала менш. Няма перабояў, выкліканых снегападам, у рабоце грамадскага транспарту, паштовай сувязі, гандлёвым, медыцынскім  абслугоўванні жыхароў сельскай мясцовасці.

— Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, якія ўсё ж ёсць, сітуацыя ў горадзе, а таксама на дарогах мясцовага і рэспубліканскага значэння знаходзіцца пад кантролем, — падкрэсліў П. Р. Станюш. — Дарожнікі маюць запасы пясчана-салянай сумесі, пры неабходнасці снег вывозіцца з найбольш ажыўленых вуліц райцэнтра. Вялікі аб’ём работы выконваюць дворнікі.

У той жа час у ліквідацыі снежных заносаў на сваіх і прылеглых тэрыторыях большую актыўнасць павінны праявіць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, уладальнікі прыватных дамоў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.