Спартыўны калейдаскоп

Спорт

На стартавыя гульні 2-га круга чэмпіянату Беларусі па валейболе ў Паставы каманда “Ваенная акадэмія” з Мінска па аб’ектыўных прычынах не прыехала. Выканкам Беларускай федэрацыі валейбола перанёс гэтыя матчы на 13-14 лютага. А гледачы, якія прыйшлі на ФАК, сталі сведкамі цікавай трэніровачнай гульні паміж двума ўмоўнымі складамі пастаўчан. У гэтым паядынку “сінія” перамаглі ў напружанай барацьбе другі склад з лікам партый 3:2 (25:23; 28:30; 25:14; 18:25; 16:14), а балельшчыкам асабліва спадабаліся тры навічкі “Атланта”, вопытныя валейбалісты В. Коўтун, А. Сідарэнка і С. Шатэрнік, якія павінны значна ўзмацніць гульнявы патэнцыял пастаўчан. У гэтым туры каманда Жлобіна, якая лідзіруе, двойчы на выездзе перамагла сталічны РДВАР з лікам 3:1 і 3:0. Аршанскі “Узлёт” у Гродне таксама дабіўся выязных перамог над мясцовым “АСДЮШАР-Камунальнік” (там лік быў 3:0 і 3:2).

30-31студзеня пастаўчане згуляюць на сваёй пляцоўцы з выхаванцамі сталічнага рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

* * *

Пасля навагодніх свят гарадская футбольная каманда “ПМЦ-Паставы” паспяхова згуляла яшчэ 3 матчы ў міжраённым абласным турніры па міні-футболе, які завяршыўся ў Глыбокім. Спачатку пастаўчане атрымалі валявую перамогу з лікам 6:5 над докшыцкім “Ветразем”, хоць у дэбюце саступалі саперніку два мячы. З перавагай нашых землякоў прайшла іх наступная сустрэча з ветэранамі глыбоцкага футбола, якая зноў завяршылася перамогай з лікам 11:7. У заключным паядынку пастаўчане выйгравалі з лікам 6:4 у пераможцы турніру — каманды “Азярцы” (Глыбокае), але гаспадары змаглі ў канцоўцы адыграцца і звесці матч да нічыёй. Узнагароды за 2-е месца дасталіся футбалістам Міёр.  Пастаўчане прывезлі дамоў прыгожы Кубак за 3-е месца сярод сямі каманд, а нападаючы ПМЦ Раман Мядзведзеў — прыз аднаго з лепшых ігракоў абласнога турніру.

* * *

Галоўная каманда вобласці — ФК “Віцебск” — пачала пасля водпуску перадсезонную падрыхтоўку, клуб упершыню заключыў прафесійныя кантракты адразу з трыма выхаванцамі пастаўскага футбола. У асноўны склад віцябчан цяпер уваходзяць выхаванцы ПМЦ — нападаючы Кірыл Сідарэнка, паўабаронца Аляксандр Александровіч і абаронца Міхаіл Бабічаў. На праглядавых занятках знаходзіцца і шэраг маладых пастаўскіх ігракоў. Яшчэ адзін экс-пастаўчанін, паўабаронца Аляксандр Кучараў, вярнуўся ў асноўны склад мінскага “Дынама” пасля завяршэння тэрміну арэнды ў камандзе 1-й лігі “Бяроза-2010”.

* * *

Таленавітага маладога нападаючага з Пастаў Ілью Васілевіча ўключылі ў склад юнацкай зборнай Беларусі па футболе (U-17), якая ўдзельнічае ў традыцыйным міжнародным турніры “Кубак развіцця” ў Мінску. Юны пастаўчанін цяпер вучыцца ў рэспублі­канскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Ён вызначыўся забітым мячом ужо ў стартавым матчы са зборнай Ірана, які беларусы выйгралі з лікам 3:1.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.