У пастаўчан 9 дыпломаў

Образование

На мінулым тыдні завяршыўся трэці, абласны, этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які праходзіў у навучальных установах Віцебска, Оршы і Полацка. Каманда Пастаўскага раёна, якую прадстаўлялі 30 навучэнцаў, заваявала на ім 9 дыпломаў: 1 першай ступені, 3 — другой і 5 — трэцяй. Больш за ўсё ўзнагарод — па два дыпломы — на рахунку школьнікаў Варапаеўскай СШ і пастаўскай СШ №1.

Так, дыплом першай ступені па беларускай мове і літаратуры атрымала навучэнка 9 класа Варапаеўскай сярэдняй школы Кацярына Ясінская (настаўнік — М. А. Атрахімовіч). Дыпломы другой ступені ў 10-класніцы СШ №5 Ірыны Паўлавай (беларуская мова і літаратура, настаўніца — Р. Г. Кішко), 11-класніка Гуцкай СШ Дзяніса Арэха (гісторыя, настаўнік — М. У. Арэх) і 9-класніцы Дуні­лавіцкай ЯС-СШ Надзеі Якімовіч (біялогія, настаўніца — А. П. Макоўская). Дыпломамі трэцяй ступені ўзнагароджаны: па беларускай мове і літаратуры — Юлія Канаш, 11 клас Камайскай СШ (настаўніца — Л. М. Рамбальская), па гісторыі — Руслан Балай, 10 клас Варапаеўскай СШ (настаўніца — Л. А. Брэская), па біялогіі — Яўгенія Лук’яненка, 11 клас СШ №1 (настаўніца — С. А. Піскуновіч), па геаграфіі — Яўгеній Казімірскі, 10 клас гімназіі (настаўнік — І. М. Пракаповіч) і Мікіта Шастакоў, 9 клас СШ №1 (настаўніца — І. М. Козіч).

Юлія Канаш, Дзяніс Арэх і Мікіта Шастакоў былі прызёрамі абласнога этапа алімпіяды і летась. А Ірына Паўлава ўжо трэці год запар прывозіць узнагароды з “вобласці”.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.