«Хто спявае, той моліцца двойчы» (+фота)

Духовность Культура

Рэлігійныя спевы заўсёды напаўняюць сэрцы вернікаў асаблівымі радасцю і святлом. А калі яны гучаць з дзіцячых вуснаў, то іх уздзеянне становіцца яшчэ больш эмацыянальным, глыбокім, пранікнёным. Гэта пацвердзіць кожны, хто прыйшоў у нядзелю, 27 снежня, у раённы Дом культуры, каб стаць сведкам ужо традыцыйнага конкурсу каляднай песні “Святло Божага Нараджэння”.

Такое мерапрыемства ў Паставах праводзілася ў трэці раз. Яго арганізатарам з’яўляецца ксёндз-дэкан Ан­джэй Возьняк — пробашч парафіі А. Падуанскага ў Паставах. Ён выступіў першым перад гледачамі, якія амаль цалкам запоўнілі залу. Святар павіншаваў прысутных з Калядамі, а таксама заклікаў падтрымаць усіх выступоўцаў, многія з якіх былі на раённай сцэне ўпершыню.

Больш чым за дзве гадзіны свае нумары паказалі тры дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Песні гучалі на беларускай, рускай і нават польскай мовах. Кожнага з юных канкурсантаў зала сустракала і праводзіла гучнымі апладысментамі. Заслужана. Дзеці здолелі крануць душы, вык­лікалі шэраг светлых эмоцый, прымусілі задумацца пра галоўныя законы жыцця.

Сваімі ўражаннямі ад конкурснай праграмы пасля яе завяршэння падзяліўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў:

— Сёння ў гэтай зале асаблівая атмасфера, напоўненая цеплынёй, любоўю, святлом, — гаварыў ён. — Усе сталі сведкамі таго, як на сцэне раскрываліся юныя таленты, як шчыра, натхнёна яны ўслаўлялі Хрыста. Мы перажывалі прыемныя імгненні асалоды ад цудоўных спеваў, пераканаліся ў тым, што з намі ў нашых справах жыве Бог. Адчулі, што нашы дзеці вельмі таленавітыя, адораныя. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца сказаць бацькам, якія выгадавалі такіх цудоўных сыноў і дачок, ксяндзу Анджэю, законным сёстрам, выкладчыцы Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Вользе Касарэўскай, арганісткам Ядвізе Сівіцкай, Вользе Кватарчук, якія ўклалі шмат сіл у падрыхтоўку гэтага конкурсу. Прыемна, што ён стаў добрай традыцыяй збірацца ў зале цэлымі сем’ямі, з дзецьмі любога ўзросту. Думаецца, вынікі тут не галоўнае. Кожны, хто выйшаў на сцэну, стаў пераможцам.

Тым не менш выбраць лепшых у той дзень трэба было абавязкова. Гэта зра­біла журы, якое ўзначальваў ксёндз Анджэй Возьняк. У малодшай узроставай групе дыпломамі першай ступені былі адзначаны Альберт Лукашэвіч, Аляксей Апанасевіч і Уладзіслава Шаклюцкая, у сярэдняй — Яна і Яўгеній Дзіковіч, Марыя Шаура і Лера Бучэль. Сярод старэйшых ­удзельнікаў конкурсу журы найбольш спадабаліся выступленні Юлі Ожаль, Ларысы Скрыпко. З моладзі галоўныя падарункі — новыя гітары — атрымалі Марыя Літвіновіч з Навасёлак і Яна Тамашэвіч з Пастаў. У спецыяльнай намінацыі “Песня, выкананая з асаблівай любоўю” перамагла Крысціна Клянтак. Сваёй сыгранасцю, высокім майстэрствам выканання журы і гледачам запомніўся ансамбль «Завея». Адзін з яго ўдзельнікаў — Аляксандр Татарчук — выступіў на мерапрыемстве ў ролі вядучага.

Дыпломы, важкія пакеты з саладосцямі і каштоўныя падарункі — музычныя інструменты, калонкі, навушнікі і іншае — атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурсу.

Падводзячы вынікі, ксёндз Анджэй Возьняк падкрэсліў, што ацэньваць ­удзельнікаў было надзвычай складана і што абсалютна кожны заслужыў узнагароды вышэйшай ступені. “Праслаўляць Бога ў песнях — асаблівы дар, дадзены нямногім, — гаварыў ён. — Кожны, хто спявае, мо­ліцца двойчы. Таму пераможаных сёння няма”.

— Конкурс — гэта найперш станоўчыя эмоцыі ад падрыхтоўкі і зносін з аднадумцамі, непасрэдна выступлення, — па­дзялілася ўражаннямі Марыя Літвіновіч, якая стала адной з лепшых у сваёй узроставай групе. — З музыкай і асабліва рэлігійнымі спевамі па жыцці крочу даўно. З дзяцінства спявала ў лучайскім касцёле, шмат­лікіх пілігрымках. Гэта тое, што сапраўды прыносіць мне асалоду. На жаль, цяпер свайму захапленню прысвячаю менш часу.  Пасля заканчэння 9-ці класаў Навасёлкаўскай СШ паступіла ў юрыдычны каледж БДУ. Аднак тым больш прыемным было запрашэнне арганізатараў паўдзельнічаць у конкурсе і абсалютна нечаканай — перамога і гітара ў падарунак. Гэта дасць мне магчымасць удасканальвацца ў любімай справе яшчэ больш.

no images were found

no images were found

no images were found

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.