З усіх “засценкаў” — на шляхецкі баль (+фота)

Культура

Грацыёзныя дамы ў раскошных бальных сукенках, твары некаторых закрыты маскамі. Галантныя кавалеры ў строгіх касцюмах з гальштукамі-бабачкамі. Жывы аркестр. Распарадчык балю і яго памочнікі, якія сустракаюць гасцей і праводзяць у святочна ўпрыгожаную залу. Шамаценне крэналінаў, тонкі водар парфумы, бляск упрыгажэнняў і трымценне свечак у кандэлябрах. Усё гэта стварала чароўна-ўрачыстую атмасферу шляхецкага балю, які напярэдадні Новага года адбыўся ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры.

На баль — ён праводзіўся ўжо ў другі раз — прыбылі дзясяткі гасцей практычна з усяго раёна: Варапаева, Гуты, Парыжа, Дунілавіч, Камай, Дварчан, Кураполля, Андрон, Лынтуп, Палесся, Юнек, Ляхаўшчыны, Ярэва і, канешне ж, з Навасёлак. Шмат навасёлкаўцаў было і сярод гледачоў стылізаванай пад даўніну дзеі. Апошнія размясціліся на крэслах па абодва бакі залы, а таксама за сервіраванымі пячэннем, яблыкамі і цукеркамі фуршэтнымі столікамі. Прысутнічалі на балі і ганаровыя госці: вядомы на Пастаўшчыне фотааматар, індывідуальны прадпрымальнік Антон Чалей, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко, дырэктар цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська, журналісты Пастаўскага тэлебачання і райгазеты “Пастаўскі край” Ганна Казлоўская і аўтар гэтых радкоў. Гасцей прадставілі публіцы вядучыя балю — навуковы супрацоўнік цэнтра культуры і народнай творчасці Людміла Чатовіч, якая распрацавала сцэнарый мерапрыемства, і спецыяліст установы па культурна-забаўляльнай дзейнасці Таццяна Карпава. Ім на працягу вечара дапамагала танцмайстар — мастацкі кіраўнік Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры Ірына Кузьміч.

Шляхецкі баль распачаўся традыцыйным для такіх імпрэз урачыстым танцам паланэз, які паходзіць з Польшчы XV стагоддзя і вельмі палюбіўся еўрапейцам сваёй параднасцю і высакароднасцю стылю. Пад яго гукі ўдзельнікі парамі ўвайшлі ў залу… і разгарнулася непаўторная дзея, перанёсшы ўсіх у далёкае мінулае. Паланэз змяніў парны бальны танец па-дэ-грас, які, нягледзячы на сваю назву, што ў перакладзе з французскай мовы азначае “грацыёзны крок”, нарадзіўся ў Расіі ў XIX стагоддзі. Затым — па-дэ-труа — таксама рускі бальны танец, які аб’яднаў элементы старадаўняга менуэта, мазуркі і вальса. Далей — полька, вальс, кадрыля, галоп. Пра гісторыю ўзнікнення і правілы кожнага з іх прысутным апавядала Людміла Чатовіч — яна выконвала яшчэ і ролю гістарычнага кансультанта.

У мінулыя часы на балях не толь­кі танцавалі, але і гулялі ў салонныя гульні. Былі яны і на шляхецкім балі ў Навасёлках. “Шляхта” з мясцовага Парыжа арганізавала для ўсіх жадаючых гульню з пальчаткай, з Ярэва — гульню “Мост” (аналаг рускага “Ручейка”), дырэктар Камайскага СДК Галіна Бразюль пазнаёміла з “мовай кветак”, а разам з танцмайстрам Ірынай Кузьміч кавалеры шукалі сабе дам. Музычнае суправаджэнне гульняў і часткі танцаў ажыццяўляў аркестр народных інструментаў Варапаеўскага ГПДК пад кіраўніцтвам Вольгі Танана. У агульную канву дзеі арганічна ўпісаліся яго невялікі канцэрт, а таксама песні ў выкананні Вікторыі Капралавай, Дзіяны Літ­віновіч, Яўгеніі Бяляўцавай, Дар’і Гагалінскай, Дзяніса Круглова і іншых салістаў. Падчас выступлення аркестра памочнікі распарадчыка балю вынеслі пачастункі для гасцей — шампанскае, газіроўку, сыр з мармеладам на шпажках.

Ну а што за баль без каралевы?! Яе выбары сталі галоўнай падзеяй мерапрыемства. На гэта званне прэтэндавалі дзевяць дзяўчат з розных “шляхецкіх засценкаў”. Напярэдадні яны атрымалі парадкавыя нумары, у адпаведнасці з якімі пад апладысменты прысутных выйшлі на сярэдзіну залы і па чарзе прадставілі сябе. Пасля традыцыйнага дэфіле прыгажосці ўдзельніцам прапанавалі адказаць на пытанні міні-віктарыны аб свецкім этыкеце. Ганаровыя госці тым часам павінны былі вызначыць сярод іх самую-самую.

Права назваць каралеву прадаставілі Антону Чалею, які абвясціў, што ўладальніцай ганаровага тытула стала Аліна Казаровец з Варапаева. Ёй павязалі адпаведную стужку і папрасілі дапамагчы правесці калядны дабрачынны аўкцыён. На яго былі выстаўлены вырабы ручной работы, прывезеныя з усіх куточкаў раёна “шляхцічамі”. Кожны лот спачатку дэманстравалі гасцям, і тыя самі вырашалі, за якую цану жадаюць яго набыць. У выніку аўкцыён атрымаўся дастаткова гарачым і прынёс больш за мільён рублёў выручкі. Сабраныя грошы пойдуць на рэабілітацыю маленькай пастаўчанкі Дашы Міхалевіч, якая сур’ёзна хварэе (пра гэта расказвалася ў №102 “Пастаўскага краю” за 23 снежня 2015 года). Нагадаю: дапамагчы дзяўчынцы адолець хваробу можа кожны жадаючы, пералічыўшы любую суму на адкрыты дабрачынны рахунак.

…Другі шляхецкі баль у Навасёлках завяршыўся, пакінуўшы ва ўдзельнікаў і гасцей шмат яркіх успамінаў і эмоцый. Яны будуць саграваць усіх да наступнага балю 2016 года, які абавязкова адбудзецца і падорыць нямала новых сюрпрызаў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.