Зноў Андронаўская школа

Спорт

Цікавымі, поўнымі драматызму выдаліся гульні па шахматах у праграме штогадовай раённай спартакіяды сярод педкалектываў.

Паўнапраўным гаспадаром выступіла СШ №2, на базе якой функцыянуе шахматна-шашачны клуб “Гамбіт”. Спаборніцтвы праходзілі ў 5 тураў па швейцарскай сістэме. Па яе правілах падлічваюцца дадатковыя паказчыкі каманд у выпадку аднолькавай колькасці набраных ачкоў. У пратакол было ўнесена 10 каманд. Па традыцыі самымі актыўнымі сталі сярэднія школы раёна (за выключэннем Лынтупскай, Гуцкай, гімназіі), а таксама Андронаўская і Ляхаўшчынская базавыя. Сёлета ўпершыню падаў заяўку на ўдзел у спартакіядзе фізкультурна-спартыўны клуб “Атлант”, бо ён уваходзіць у падраздзяленне раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Па-за канкурэнцыяй у каторы раз была каманда Андронаўскай яслі-сад-базавай школы. Апошнія шэсць гадоў яна нязменна займала вышэйшую прыступку п’едэстала. Моцна выступілі андронаўцы ў першых двух турах, калі зрабілі вялікі ачковы задзел, бо не прайгралі ніводнай партыі. А далей фаварыт збавіў абароты. На гэты раз не пайшла гульня ў лідара андронаўскай дружыны Ю. Катовіча. Якіх нерваў каштавалі капітану два “абаранкі” ў гульнях з прынцыповымі сапернікамі!

На фінішы, акрамя андронаўцаў, прэтэндавалі на чэмпіёнства ФСК “Атлант” і СШ №2. Апошнія нават мелі ў сваёй скарбонцы больш ачкоў. Але цуд не здарыўся. Проста феерычную гульню прадэманстраваў настаўнік фізікі і матэматыкі з Андрон І. Цітовіч і паказаў стопрацэнтны вынік. Яго поспех падтрымала С. Машара. У выніку Андронаўская базавая школа заняла першае месца. Другі вынік у СШ №2, якая нязначна саступіла чэмпіёнам, а ў асабістай сустрэчы іх перамагла.  Гонар школы абаранялі І. Троцкі, Ю. Копасаў, Я. Сівіцкая. Удалым атрымаўся дэбют ФСК “Атлант”, які стаў бронзавым прызёрам. А ветэран калектыву В. Шастакоў паклаў у камандную скарбонку найбольшую колькасць ачкоў, бо выйграў усе партыі і толькі ў адной згуляў унічыю з В. Сямашкам, які прадстаўляў Ляхаўшчынскую БШ. За “Атлант” выступалі В. Шастакоў, А. Крыштафовіч, І. Пяткевіч.

У другой палове студзеня наймацнейшага вызначаць прадстаўнікі настольнага тэніса, які з’яўляецца трэцім відам праграмы штогадовай спартакіяды.

К. ЖЛУКТАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.