А пачалося ўсё з вальса


Гэты танец пяцьдзясят гадоў таму стаў лёсавызначальным для Франі Францаўны і Багуслава Іосіфавіча Свілель.

Франя працавала на Навадруцкім прадпрыемстве ме­лі­ярацыйных сістэм укладчыцай дрэнажу. У пачатку 1966 года яе разам з таварышкамі накіравалі ў камандзіроўку ў Ярэўскі сельсавет. Учатырох размясціліся жыць на кватэры. У першы ж вечар да прыезджых дзяўчат завіталі мясцовыя хлопцы. Сэрца Франі затрапятала, як толькі яна ўбачыла сярод іх высокага прыгожага Багуслава. Сяброўкі так і ўвіваліся каля яго. Ён вёў сябе стрымана, асаблівай увагі не праяўляў ні да адной. На другі дзень сабраліся ў адным з вясковых дамоў на танцы. І як толькі паліліся гукі вальса, Багуслаў накіраваўся да Франі.

— Выпадковая сустрэча, адзін позірк — і разам на ўсё жыццё, — гаварыў Багуслаў Іосіфавіч. — Гэта чарнявая прыгажуня ў душу запала адразу, як толькі ўбачыў яе першы раз. Мне ішоў трыццаць другі год, шмат дзяўчат было, але жаніцца не думаў. А яна сваімі цёмнымі вачыма прабіла маё сэрца. Таму і паспяшаўся першым запрасіць танцаваць. І больш ад сябе не адпускаў.

— А якімі рамантычнымі былі спатканні! —  ад успамінаў успыхваюць агеньчыкі  ў вачах жанчыны. — Галава круцілася ад шчасця і кахання. Летам распісаліся і павянчаліся ў гадуцішскім касцёле. Вяселля не спраўлялі.

— У кожнага з нас дзя­цінства і маладосць былі цяжкімі, — гаварыла Франя Францаўна. — Тату на фронт забралі, а мама нарадзіла сына, немцы хату спалілі. Добра, што прытуліла ў сябе бабуля. А пазней і гэта жытло агонь знішчыў. Калгас выдзеліў невялічкую кватэрку. А як працавалі! Да навукі я была здольная, закончыла сем класаў, а далей вучыцца не было магчымасці — трэба было думаць пра кавалак хлеба. Пайшла даяркай, потым уладкавалася ў меліярацыю. Грошы зараблялі нядрэнныя, але ж укладка дрэнажу, меліярацыйных трубак, аплятанне каналаў — не жаночая справа. Рук не чулі напрыканцы дня.

Не менш выпрабаванняў выпала і Багуславу Іосіфавічу. Бацька быў добрым, клапатлівым, але ў хаце не хапала жаночых рук, мацярынскай ласкі. Хлопцу прыходзілася і карову даіць, і ў хаце прыбіраць. Служыць трапіў на Далёкі Усход. Мог там і застацца. Але хваляваўся за бацьку, таму і вярнуўся дадому.

Пажаніўшыся, маладыя перабраліся ў Навадруцк. Багуслаў уладкаваўся ў ПМК. 25 гадоў адпрацаваў трактарыстам. За добрасумленную працу мае стос падзяк, грамат, розных іншых узнагарод.

Багуслаў Іосіфавіч — дбайны гаспадар, майстар на ўсе рукі, за што ні возьмецца — усё ў яго атрымліваецца. Нягледзячы на ўзрост, статны, падцягнуты, з добрым пачуццём гумару. У яго ёсць свая невялікая кузня, у якой любіць папрацаваць з металам: каму плуг падрамантуе, каму — барану, ды і ці мала яшчэ якія неабходныя для гаспадаркі рэчы можа зрабіць. Кавалём быў дзед, потым бацька. І яму іх навыкі перадаліся.

— Жыццё прайшло ў працы, — нібы падводзіць вынік пражытага Багуслаў Іосі-фавіч. — З-за работы і сварыцца не мелі часу. Выхоўвалі двух сыноў, шчыравалі на ўласным падвор’і. Гаспадарку трымалі вялікую. Як складана было нарыхтаваць сена! Гэта цяпер касі колькі хочаш. Толькі летась збылі карову. Ёсць каза. Удвух з суседам Бервячонкам трымаем каня. Яшчэ касой махаю і за плугам хаджу. Не магу сядзець склаўшы рукі, таму і знахо­джу занятак. Франя — цудоўная гаспадыня. У яе парадак у агародзе і кветніку, утульнасць у доме. А пражыць паўстагоддзя разам — гэта вялікае шчасце і велізарная праца. Без цярпення, павагі, веры, умення дараваць  наўрад ці ўдалося б.

— За столькі гадоў шмат чаго было ў нашым жыцці, — працягвала Франя Францаўна. — Муж вельмі раўнівы: гэта хвароба, якая не лечыцца. Стараліся саступаць адно аднаму, дараваць, забываць крыўды. Жылі для сям’і, для дзяцей, усё асілілі разам.

Сям’ю Свілель паважаюць у вёсцы. Аўтарытэт яна заслужыла працавітасцю, гасціннасцю, міласэрнасцю. Франя Францаўна актыўная парафіянка мясцовага касцёла. Яе клічуць памаліцца за памерлых. Свілелі заўсёды прыйдуць на дапамогу кожнаму, хто да іх звяртаецца. Залатыя юбіляры радуюцца цудоўнаму прадаўжэнню роду: два сыны жывуць у Наваполацку. Ёсць пяцёра ўнукаў і два праўнукі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.