А загартоўка засталася


У той дзень тэхнік самалёта, старшы лейтэнант Юрый Каравацкі разам з саслужыўцамі павінен быў вылецець самалётам з узбекскага Чырчыка ў афганскі Шынданд. З раніцы да позняга вечара на ваенным аэрадроме яны загружалі транспартны АН-12 абсталяваннем. А калі самалёт ужо выруліў на ўзлётную паласу, раптам далі адбой. Вылет адклалі на наступны дзень. І аж да раніцы ўсю тую ноч Юрый прагаварыў з Алёнай. Як жа цяжка было расставацца маладым мужу і жонцы, бо абое ведалі, што ён адпраўляецца не проста на службу, а на вайну.

Юрый Каравацкі (першы справа) з баявымі таварышамі (Афганістан. 1987 год).

— Юра, а давай мы выкі­нем твой замежны пашпарт, і ты нікуды не паляціш, — на поўным сур’ёзе прасіла Алёна. — Я не перажыву, калі ты загінеш.

— Алёнка, любая, што ты гаворыш?! Я ж ваенны чалавек, прымаў прысягу і павінен ісці туды, куды атрымаў загад. Абяцаю табе, што абавязкова вярнуся жывым, — супакойваў жонку.

— Калі гаварыць шчыра, я ніколі не марыў звязаць свой лёс з арміяй, — узгадвае ў размове са мной капітан запасу Юрый Вацлававіч Каравацкі. — Адыграў сваю ролю выпадак. Чамусьці так атрымалася, што праходзіў у ваенкамаце камісію разам з тымі дапрызыўнікамі, хто збі­раўся паступаць у ваенныя навучальныя ўстановы. Знаёмыя хлопцы ўгаварылі паехаць на Украіну ў Васількіўскае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. У выніку атрымалася так, што з усіх нас паступіў толькі я. Вучоба пайшла выдатна, да чырвонага дыплома не хапіла ледзь-ледзь.

Вучылішча закончыў у 1984 годзе, у самы разгар афганскіх па­дзей. Іх вайсковая часць уваходзіла ў склад Туркестанскай ваеннай акругі. Новаспечаны лейтэнант добра разумеў, што рана ці позна давядзецца апынуцца  там. Гэта адбылося ў лістападзе 1986-га, і працягнулася яго служба ў Афганістане да снежня 1987-га.

— Неўзабаве пераляталі з Шынданда ў Баграм, — успамінае былы “афганец”. — Баявыя самалёты адправіліся туды днём, а наш транспартны — ноччу (па той прычыне, што днём транспартныя самалёты часта збівалі). Усе агні выключаны, поўная цемната. Лёту больш за дзве гадзіны. За плячамі цяжкі парашут — калі самалёт падаб’­юць, будзем спускацца з парашутам. Сядзіш і думаеш: спусцішся сярод гор, а там — душманы. На такі выпадак мы былі ўзброены гранатамі, якімі можна было падарваць і іх, і сябе…

Было страшна, але паступова да небяспекі прывыкалі. А вось да гібелі баявых таварышаў не прывык ніхто. А як скалануў сэрцы выпадак, калі пры пасадцы ў Кандагары самалёт трапіў на міннае поле і адразу загінулі ажно 33 нашы воіны.

Выпадалі і радасныя хвіліны. Найперш гэта лазня і пісьмы. За той “афганскі” год Юрый атрымаў ажно 180 пісьмаў ад сваёй Алёнкі і ўсе іх захаваў. Праз год, адпачываючы на возеры Варанец, яны перачыталі іх разам і спалілі ў кастры. “Ах, як шкада! — заўважаю, пачуўшы такое. — Няхай бы чытала ваша дачка”. “Не, яна няхай піша сваю гісторыю кахання”, — адказаў Юрый Вацлававіч.

Адзіная дачка Каравацкіх Насця закончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава, атрымала спецыяльнасць псіхолага. Зараз яна ў дэкрэтным водпуску, з дня на дзень павінна парадаваць бацькоў немаўляткам. Муж Насці — пагранічнік, старшы лейтэнант. І бацьку як былому вайскоўцу гэта вельмі імпануе.

Сам ён служыў да снежня 1997 года. Пасля Туркестанскай ваеннай акругі, якой аддадзена 8 гадоў, была Беларуская — Паставы, Кобрын, Пружаны, Баравуха. Давялося нават палятаць борттэхнікам на верталёце. Прызнаецца, што армія, і ў  прыватнасці Афганістан, сняцца да гэтага часу.

Зараз Ю. В. Каравацкі працуе вадзіцелем у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дырэктар установы Д. І. Пякарская характарызуе яго толькі са станоўчага боку — старанны, не лічыцца з часам, кантактны ў калектыве, чулы да лю­дзей. У ім адчуваецца армейская загартоўка. Падтрымлівае фізічную форму, з ранняй вясны да позняй восені купаецца ў возеры.

Кожны год Юрый Вацлававіч прыходзіць 15 лютага на сустрэчу былых воінаў-“афганцаў”, якую арганізоў­вае ў Паставах раённая ўлада. Збіраўся і летась, але 14 лютага ў іх сям’ю ўварвалася вялікае гора — раптоўна памерла маці. І гэта дата назаўсёды застанецца для яго чорнай. Але сёлета ён зноў убачыць на традыцыйнай сустрэчы тых, каму давялося страчваць здароўе і рызыкаваць жыццём у далёкай чужой краіне на неаб’яўленай і жорсткай вайне. Былыя “афганцы” ўшануюць памяць сваіх загінулых і памерлых баявых таварышаў, успомняць службу, і, напэўна, усіх аб’яднае адзіная мара — толькі б не паўтарылася такое, што давялося ім зведаць, толькі б быў мір у роднай Беларусі.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Іны Сняжковай і з архіва Ю. Каравацкага.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.