Ачкі даюцца няпроста

Спорт

“Атлант” (Паставы) – РДВАР (Мінск) – 2:3, 1:3

1 дзень. 2:3 (18:25; 25:18; 21:25; 25:23; 7:15).

2 дзень. 1:3 (20:25; 25:15; 21:25; 23:25).

Наш сапернік (а гэта была фактычна маладзёжная зборная Беларусі) прыехаў у Паставы ў прыўзнятым настроі. Напярэдадні выхаванцы заслужанага трэнера Беларусі С. П. Конанава на прадстаўнічым міжнародным турніры ў Польшчы занялі 3-е месца і саступілі толькі грандам валейбола —  рэзервістам зборнай Расіі і чэмпіёнам свету — палякам. Пастаўчанам у абодвух матчах з маладымі мінчанамі прыйшлося няпроста, бо госці гулялі вельмі хутка, мелі чатырох высакарослых ігракоў і нават свайго “гулівера” П. Лінянкова (рост — 207 см).

Праўда, першы матч лепш пачалі гаспадары і займелі перавагу ў 4 ачкі. Аднак варта было “атлантаўцам” двойчы памыліцца на сваіх падачах, пару разоў недакладна завяршыць свае атакі, як госці зраўнялі лік, выйшлі наперад і ўпэўнена выйгралі стартавую партыю. З такім развіццём падзей пастаўчане не пагадзіліся і намаганнямі сваіх нападаючых С. Шатэрніка, Д. Аксёненкі і В. Варанца ў наступнай партыі зноў сталі дамінаваць на пляцоўцы. У далейшым пайшоў вельмі прыгожы і відовішчны валейбол, і гэта ў выніку прывяло да пятай скарочанай партыі.

У ёй спачатку гаспадары былі наперадзе, але пасля дзвюх гадзін напружанай барацьбы на гульні лідараў “Атланта” адбілася стомленасць. Некалькі разоў двайны, а то і трайны блок гасцей перакрываў заключныя атакі пастаўчан, а мінчане мацней правялі канцоўку і вырвалі перамогу. Аднак адно ачко ў сваю скарбонку наша каманда заваявала. Дарэчы, абедзве гульні госці здымалі на відэа. Яны правялі дэталёвы аналіз першага паядынку і зноў вельмі ўпэўнена згулялі ў пачатку паўторнай сустрэчы. Тым не менш мінчане занадта рана паверылі ў канчатковы поспех, за што ледзь не паплаціліся. Пастаўчане пераламалі ход сустрэчы, але развіць свой поспех не здолелі, хоць і паказалі адну з лепшых гульняў у сезоне.

У гэтым туры каманда Жлобіна на выездзе двойчы перамагла аршанцаў з лікам 3:2 і яшчэ больш наблізілася да перамогі ў нацыянальным першынстве. Наш наступны сапернік — гродзенскі “АСДЮШАР-Камунальнік” — падзяліў ачкі ў Мінску, дзе спачатку саступіў з лікам 1:3 валейбалістам “Ваеннай акадэміі”, а на наступны дзень узяў у іх рэванш з лікам 3:0. Менавіта пасля выезду ў Гродна пастаўчане згуляюць з армейцамі на сваёй пляцоўцы 13-14 лютага.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.