Амуры прызямліліся ў Паставах (+фота)

Культура Общество

14 лютага ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча прайшла маладзёжная конкурсна-забаўляльная праграма «Неўтаймоўныя амуры», прысвечаная Дню Святога Валянціна. Падтрымаць канкурсантаў прыйшлі родныя, сябры, аднакласнікі, настаўнікі і проста гледачы, якія на працягу ўсяго мерапрыемства не шкадавалі апладысментаў для таленавітай і крэатыўнай моладзі.

Перш чым пачалася конкурсная праграма, вядучыя Ліза Галаўко і Дзмітрый Радалевіч прадставілі ўдзельнікаў конкурсу, расказалі пра іх захапленні і мары. А інтарэсы ў моладзі самыя разнастайныя: адны захапляюцца спортам, другія — рознымі відамі мастацтва, трэція — сумяшчаюць некалькі захапленняў і маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, ахвотна ўдзельнічаюць у жыцці школы і раёна. Відавочна адно: усе яны — асобы неардынарныя, творчыя, таленавітыя і мэтанакіраваныя.

Сёлета ў забаўляльнай праграме ўдзельнічала рэкордна вялікая колькасць канкурсантаў — за права стаць пераможцамі змагаліся сем пар: Ксенія Іваноўская і Уладзіслаў Рассохін (СШ №2), Анастасія Кобзік і Арцём Бандарэнка (СШ №5), Кацярына Мацюшонак і Уладзіслаў Касцень (СШ №3), Кацярына Гутар і Аляксей Іўчанка (СШ №2), Анжаліка Кудрашова і Аляксандр Лешчык (СШ №5), Марыя Дунец і Аляксандр Зелянкевіч (СШ №4), Дар’я Лабуць і Уладзіслаў Кузьміч (СШ №1). Ацэньвала іх выступленні журы, у склад якога ўвайшлі дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк, другі сакратар райкама ГА «БРСМ» Вераніка Казлоўская, выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара «Паставы-ТБ» Юлія Лазікевіч і кіраўнік танцавальнага калектыву «Непаседы» раённага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Бахановіч.

Конкурсная праграма складалася ўсяго з двух этапаў, але гэтага хапіла, каб пары змаглі ўлюбіць у сябе гледачоў, падзя­ліцца выдатным настроем і невычэрпнай энергіяй, раскрыць свае акцёрскія і танцавальныя здольнасці.

«Міжнароднае каханне» — так называўся першы конкурс, у якім удзельнікам трэба было паказаць, як прыходзіць пачуццё закаханасці і адбываюцца першыя спатканні ў жыхароў Чукоткі, Кітая, Індыі, Афрыкі, а таксама ў цыганоў, індзейцаў і каўбояў. Чаго тут толькі ні было! Каталіся на аленевай запрэжцы, праходзілі спартыўныя спаборніцтвы, каўбоі дзікага Захаду ў цягніку рабавалі шэрыфа, ратавалі дзяўчыну ад мядзведзя. Цыганскі табар мог бы пасапернічаць з сапраўдным. Экскурсія па Афрыцы не разыходзі­лася з уяўленнем пра гарачы кантынент: з пальмамі, сланамі, малпамі і цёмнаскурымі мясцовымі жыхарамі. А гледзячы на каханне па-індыйску, і ўвогуле можна было падумаць, што ўсё, што адбываецца на сцэне, знята на індыйскай кінастудыі «Балівуд».

На другім этапе пары прызнаваліся ў каханні: гучалі пранікнёныя словы, здзяйсняліся подзвігі ў імя высокага пачуцця. Як і першы, гэты конкурс атрымаўся па-сапраўднаму феерычным, выклікаў буру станоўчых эмоцый. Адны прызнанні прыцягвалі сваёй пазнавальнасцю з класікай рускага кінематографа, іншыя — арыгінальнасцю падачы. А ад багацця тэматычна падабраных касцюмаў і вялікай колькасці ўдзельнікаў усіх нумароў літаральна разбягаліся вочы, напэўна, таму ўсе выступленні былі відовішчнымі, дынамічнымі, чароўнымі.

Паміж конкурснымі праграмамі, а таксама пакуль журы падводзіла вынікі, сваім выступленнем гледачоў парадавалі танцавальны калектыў «Непаседы», салісткі вакальна-эстраднай студыі «Аніма» Варапаеўскай школы мастацтваў Ірына Іршонак і Марыя Сеганкевіч, кіраўнік узорнай  вакальнай студыі «Юніта» РДК Вольга Толсцік і яе выхаванцы.

Падводзячы вынікі конкурсу, дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк прызналася, што было надзвычай цяжка вызначыць пераможцаў, таму што ўсе пары крэатыўныя, таленавітыя, яркія, выступалі практычна на адным узроўні. Але ўмовы конкурсу патрабуюць, каб перамагла талькі адна пара-ўдзельніца. У выніку дыпломы «За самы яркі сцэнічны вобраз» атрымалі Кацярына Мацюшонак і Уладзіслаў Касцень, «За шчырае імкненне да перамогі» — Анжаліка Кудрашова і Аляксандр Лешчык. Ксенія Іваноўская і Уладзіслаў Рассохін удастоены звання самай элегантнай пары, Анастасія Кобзік і Арцём Бандарэнка — самай арыгінальнай, а Кацярына Гутар і Аляксей Іўчанка — самай крэатыўнай. Марыі Дунец і Аляксандру Зелянкевічу прысуджаны прыз глядацкіх сімпатый. Пераможцамі прызнаны Дар’я Лабуць і Уладзі­слаў Кузьміч, якія атрымалі ў падарунак вялікі торт і кубкі. Вядучым конкурсу таксама ўручаны суве­ніры.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.