Англійская мова — “праязны” ў Амерыку

Общество

Антон Клянцэвіч — вучань 9 класа СШ № 2. Па Праграме мала­дзёжнага лідарства з 9 па 29 студзеня ён знаходзіўся ў Злучаных Штатах Амерыкі. Карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч пацікавілася ўражаннямі ад паездкі.

— Праграма маладзёжнага лідарства — гэта праграма, створаная для развіцця ўзаемаадносін паміж моладдзю ЗША, Беларусі, Украіны і іншых краін, — расказваў Антон. — Яна арганізавана Дзярж­дэпартаментам ЗША і фінансуецца ўрадам гэтай краіны. Падказала мне пра яе настаўніца англійскай мовы Наталля Фёдараўна Пракаповіч, якая ў свой час дыстанцыйна закончыла Арэгонскі ўніверсітэт.

— Што патрабавалася для таго, каб трапіць у праект?

— Узрост ад 15 да 17 гадоў; быць грамадзянінам Беларусі і не апошнім вучнем у класе; не быць раней у ЗША; вывучаць англійскую мову і ўмець прадэманстраваць свае веды; прадставіць у пасольства ЗША заяўку і эсэ на англійскай мове.

— З англійскай у цябе — ok?

— Мову вывучаю толькі два гады, але яна стала для мяне праязным у Амерыку. Пачынаў з французскай. Урэшце палічыў, што веданне англійскай дае куды больш перспектыў. Бязмежна ўдзячны настаўніцы Наталлі Фёдараўне Пракаповіч, якая за кароткі час дала мне адпаведныя веды, дапамагала ў напісанні эсэ, падказвала, настаўляла, хвалявалася за мяне.

— І ўсё атрымалася?

— Многія мае равеснікі думаюць, што паехаць за мяжу можна толькі па пуцёўцы з бацькамі. Таму некаторыя не верылі ў тое, што дастаткова праявіць ініцыятыву, творчасць, паказаць свае веды — і паездка будзе магчымай. Эсэ і заяўкі падавалі некалькі вучняў школы. З пасольства ЗША патэлефанавалі мне. Затым была гутарка па скайпе. Я адказваў на пытанні, расказваў пра сябе і сям’ю, выказваў свае меркаванні на многія тэмы. Для паездкі з усёй Беларусі адабралі шэсць чалавек.

— Якім быў шлях?

— 9 студзеня мы вылецелі з Мінска ў Франкфурт-на-Майне. Там да нас далучыліся вучні з Украіны і Малдовы. Далей — з  Сан-Францыска і Рына (горад на захадзе штата Невада). Жылі ў арандаваным доме на беразе возера Таха ля горнага хрыбта С’ера-Невада. Праграма была насычаная. Работа скіроўвалася на развіццё лідарскіх здольнасцей. Мы ўдзельнічалі ў семінарах і практычных занятках па каманднай рабоце, пастаноўцы мэты, планаванні праектаў, удзеле ў грамадскім жыцці і валанцёрскіх праектах, супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі. У Канзас-Сіці (горад на беразе ракі Місуры, які займае другое месца ў свеце па колькасці фантанаў) жылі ў сем’ях амерыканцаў, хадзілі на ўрокі ў гарадскія школы, знаёміліся з мясцовымі славутасцямі, удзельнічалі ў культурных праектах. Затым быў Вашынгтон. Пражывалі ў інтэрнаце для замежных студэнтаў, ажыццяўлялі экскурсіі, займаліся на семінарах і трэнінгах.

— Што ўразіла падчас паездкі?

— Цікавым і захапляльным было ўсё: прырода, архітэктура, зносіны з сем’ямі, у якіх жылі, урокі ў школе, экскурсіі. У амерыканцаў іншы, чым у нас, беларусаў, менталітэт і больш актыўны рытм жыцця. За дзень яны паспяваюць так шмат зрабіць! У школе, акрамя ўрокаў, арганізаваны заняткі гурткоў па інтарэсах. Там усё на месцы. Не трэба з агульнаадукацыйнай школы спяшацца ў музычную або мастацкую. У мяне завязалася шмат знаёмстваў. Вельмі рады, што было столькі магчымасцей для самарэалізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.