Аншлаг Аляксандра Апанасевіча


У апошні дзень студзеня раённы Дом культуры прэзентаваў новы праект — “Вечар сустрэчы”. Яго мэта — пазнаёміць пастаўчан з творчасцю таленавітых землякоў, чыя прафесійная дзейнасць часам вельмі далёкая ад сцэны. Аднак гэта акалічнасць зусім не перашкаджае ім мець шмат пры­хільнікаў.

Старшы майстар Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ «Глыбокаегаз» Аляксандр Апанасевіч, які адкрываў праект, яскравае гэтаму пацвярджэнне. Паслухаць яго канцэрт пад назвай “Разный” сабралася поў­ная зала гледачоў. Такі аншлаг не кожны вядомы беларускі артыст збірае!

А. Апанасевіча пастаўчанам прадстаўляць не трэба. Ён пастаянны ўдзель­нік раённых мерапрыемстваў, яго  харызма, моцны голас, віртуозная ігра на гітары заварожваюць падчас кожнага выступлення. У тое, што ён не мае спецыяльнай музычнай адукацыі, усяму вучыўся самастойна, цяжка паверыць, бо дасягнуў так шмат. Выступаў з групамі “25 плюс-мінус”, “Скіфы”, у тым ліку і на замежных конкурсах, хутка праявіў сябе як сольны выканаўца, сёння піша ўласныя песні, запатрабаваны і на карпаратывах.

На канцэрце Аляксандр даказаў, што назва яго праграмы невыпадковая — у творчасці сапраўды можна быць вельмі розным. Гледачы пачулі рэтра-хіты (“Клён”, “Трава у дома” і іншыя), песні з рэпертуару сучасных выканаўцаў (напрыклад, Дзмітрыя Калдуна, Стаса Міхайлава), больш “цяжкія” кампазіцыі ў стылі рока.

Артыста на сцэне падтрымалі сябры — салісты народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” Пётр Кароль і Вольга Толсцік, а таксама сыны. Аляксей і Іван разам з бацькам выканалі хіт “Детство” і выклікалі шквал апладысментаў, а пасля па просьбе гледачоў праспявалі на біс. Падрастаюць прадаўжальнікі творчасці.

Двухгадзінны канцэрт праляцеў незаўважна. Гледачы не шкадавалі далоняў, а сам герой праграмы пасля яе заканчэння — шчырых слоў ­удзячнасці.

—            Нават у самых аптымістычных прагнозах не дапускаў, што збярэцца столькі прыхільнікаў маёй творчасці, — прызнаваўся, не хаваючы радасці, Аляксандр Апанасевіч. — Зыходзячы з інтарэсу ў сацыяльных сетках, колькасці тэлефонных званкоў, думаў, што прыйдзе чалавек 200, не больш. А тут! Столькі атрымаў драйву, эмоцый ад канцэрта! На вялікі жаль, сёння не атрымалася выйсці са мной на сцэну маім калегам Андрэю Гутару і Юрыю Ракоўскаму. У калектыве ў нас выдатная сама­дзейнасць. Прыемна працаваць у кампаніі аднадумцаў, якія таксама “гараць” музыкай і творчасцю. Пасля канцэрта ўжо зрабіў для сябе пэўныя высновы — трэба актывізаваць работу над аўтарскім рэпертуарам, больш цесна супрацоўнічаць са спецыялістамі ў музычнай справе — сёння адзін у полі не воін. Адным словам, буду ўдасканальвацца і надалей. Такія мерапрыемствы і такая падтрымка гледачоў вельмі натхняюць.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.