Будзе самым цёплым?


Назіранні метэаролагаў розных краін сведчаць пра тое, што за апошнія сто гадоў самым цёплым выдаўся 2015 год,  а  2016-ы абяцае быць яшчэ цяплейшым.

На кліматычныя перамены асабліва рэагуе прырода. У снежні, напрыклад, у паўднёвых рэгіёнах Беларусі зацвілі яблыні, у лясах раслі грыбы, а некаторыя птушкі наогул вырашылі зімаваць у Беларусі або ўжо вярнуліся з выраю.

Вось што расказала начальнік самай заходняй на тэрыторыі Віцебскай вобласці Лынтупскай метэастанцыі Людміла ЛІТВІНОВІЧ:

— На нашай станцыі няспынныя кругласутачныя назіранні вядуцца з 1941 года. Калі гаварыць канкрэтна пра кліматычныя ўмовы сёлетняй зімы, то студзень на большай частцы вобласці характарызаваўся пераважна халодным  і вельмі халодным надвор’ем пры значным лішку ападкаў. У першай дэкадзе яго сярэднясутачная тэмпература паветра была на 10—15 градусаў ніжэй за норму. На працягу месяца ў асобныя дні на змену халадам прыходзілі слабыя маразы і адліга.  Дзве хвалі цяпла адзначаліся ў сярэдзіне і ў апошняй пяцідзёнцы студзеня. Мінімальная тэмпература паветра ў гэтым месяцы склала мінус 25, максімальная — плюс 6 градусаў. Ападкі на працягу месяца былі ў асноўным у выглядзе снегу, а ў апошняй дэкадзе — у выглядзе снегу і дажджу. Усяго іх выпала за месяц 40 мм.

Снежнае покрыва, якое ўтварылася ў канцы снежня, праляжала амаль да канца студзеня. З-за анамальна цёплага надвор’я, якое рэзка ўсталявалася, яно поў­насцю сышло 30 студзеня.

На нашай мэтэастанцыі самы халодны студзень адзначаўся ў 1987 годзе з максі­мальнай тэмпературай паветра мінус 32 градусы, а самы цёплы — у 2007 годзе, калі максімальная тэмпература склала плюс 11 градусаў.

У сувязі з пераважна марозным над­вор’ем, якое захоўвалася на працягу сту­дзеня, глеба прадаўжала прамярзаць і дасягнула на 31-ае чысло максімуму — 32 сантыметры. У першай дэкадзе аграметэаралагічныя ўмовы для зімоўкі азімых культур пагоршыліся. Асабліва небяспечнае такое  надвор’е  для пасеваў азімага рапсу.

Для высвятлення ўмоў перазімоўкі азімых 25 студзеня супрацоўнікі метэастанцыі ўзялі пробы азімых зерневых культур. Вынікі адрошчвання паказалі, што зімоўка праходзіць здавальняюча, зрэджанасць — у межах натуральнай.

Пачатак лютага характарызуецца анамальна цёплым надвор’ем, сярэднясутачная тэмпература паветра  перавышае норму на 8—10 градусаў. Сіноптыкі прагназуюць, што ў лютым сярэднямесячная тэмпература чакаецца на 1—2 градусы вышэй за кліматычную норму, а колькасць ападкаў пры норме 39 мм будзе меншай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.