Быць лепшымі — прэстыжна (+шмат фота)

Культура Местная власть

18 лютага ў Паставах адбылася выніковая раённая нарада па падвядзенні вынікаў працоўнага спаборніцтва за 2015 год.

Урачыстасці ў раённым Доме культуры пачаліся з прывітання актывістаў раённай арганізацыі “БРСМ”, лепшых вучняў агульнаадукацыйных школ, пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы г. Паставы.

— Нягледзячы на фінансава-эканамічныя праблемы, раён у 2015 годзе развіваўся дынамічна, — гаварыў, падводзячы вынікі года, старшыня райвыканкама В. С. Гутараў. Больш чым на 1 трыльён рублёў атрымана прамысловай прадукцыі, што перавышае ўзровень папярэдняга года на 16,6%. На 39 мільёнаў долараў ЗША рэалізавана тавараў на экспарт. Гэтыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы ўкараненню найноўшых тэхналогій, інавацыйнаму развіццю і мадэрнізацыі вытворчасці на большасці прамысловых прадпрыемстваў.

Летась вырашчаны небывалы ўраджай зерневых. Валавы збор збожжа ўзрос на 27,7 тысячы тон і склаў 85,1 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 41,4 цэнтнера з гектара. Намалочана 5,8 тысячы тон масланасення рапсу, што перавышае ўзровень папярэдняга года на 2,6 тысячы тон. Вытворчасць малака склала 43,2 тысячы тон, 89% яго пастаўлена на перапрацоўку. Сярэдні надой ад каровы дасягнуў 3628 кілаграмаў. Гэта самы высокі паказчык за ўсе папярэднія гады. Усяго ў сельскагаспадарчай вытворчасці атрымана валавой прадукцыі на 529,3 мільярда рублёў, або па 222,1 мільёна рублёў на аднаго работніка. На развіццё вёскі з розных крыніц фінансавання выдзелена больш за 55,4 мільярда рублёў грашовых сродкаў, у тым ліку з раённага бюджэту — звыш 3,5 мільярда рублёў.

У раёне ўведзена ў эксплуатацыю 4,8 тысячы квадратных метраў жылля, што складае 113% да даведзенага задання. Рознічны тавараабарот гандлю склаў больш за 1,2 трыльёна рублёў, 40% яго прыпадае на раённае спажывецкае таварыства. Гэта лепшы паказчык у сістэме аблспажыўсаюза.

Належнае абслугоўванне насельніцтва па сваіх кірунках забяспечылі сувязісты, транспартнікі, дарожнікі, работнікі бытавога абслугоўвання, газавай гаспадаркі, сацыяльнай службы, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту. Словы шчырай падзякі за вернасць абавязку заслужылі супрацоўнікі праваахоўных і адміністрацыйных органаў, ваеннаслужачыя Пастаўскага гарнізона, органаў кіравання.

Гаворачы пра перспектыву, В. С. Гутараў адзначыў, што сёлетні год пройдзе ва ўмовах жорсткага абмежавання бюджэту, аднак, нягледзячы на гэта, будзе захавана яго сацыяльная накіраванасць. Не разгубіцца ў новых эканамічных умовах, абнаўляць асартымент прадукцыі і зніжаць затраты, утрымліваць традыцыйныя і развіваць новыя рынкі збыту, спраўляцца з крызіснымі з’явамі ўласнымі сіламі — такія першачарговыя задачы стаяць перад прамысловымі прадпрыемствамі. Для эканамічнага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый неабходна павысіць рэнтабельнасць продажаў і матывацыю работы ў аграпрамысловым комплексе. Нарошчваючы прадукцыйнасць працы, вытворчасць і якасць прадукцыі, сельгаспрадпрыемствы абавязаны выйсці да 2020 года на работу без страт. Неабходна паўней выкарыстоўваць патэнцыял малога і сярэдняга бізнесу, ствараць новыя рабочыя месцы. Толькі вырашыўшы такія няпростыя задачы, можна забяспечыць паступальнае сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. А тое, што такія магчымасці на Пастаўшчыне ёсць, пацвердзіла цырымонія ўшаноўвання працоўных калектываў і людзей, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў.

Пачынаючы з 2010 года, у раёне па дзесяці намінацыях прысуджаецца ганаровае званне “Чалавек года Пастаўшчыны”. Такі высокі тытул, падмацаваны дыпломам райвыканкама і грашовым узнагароджаннем у памеры 25 базавых велічынь, за гэты час атрымалі ўжо больш за 100 кіраўнікоў, спецыялістаў і радавых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, сувязі, сферы абслугоўвання, адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту, бізнесу, праваахоўнай, банкаўскай і іншай дзейнасці.

Па заслугах ацэнена сёлета работа дырэктара філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” Баляслава Барэйкі. Пад яго кіраў­ніцтвам калектыў у апошнія два гады дасягнуў адчувальнага росту вытворчасці зерня, кармоў, малака, мяса, правёў значную работу па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў і ўтрымання жывёлы на фермах. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў плённа працуе ў гэтым кірунку галоўны заатэхнік ААТ “Навасёлкі-Лучай” Іван Мар’янавіч Кісель. Усяго некалькі гадоў спатрэбілася для таго, каб стаць сапраўдным майстрам машыннага даення Алене Лялека з ААТ “Кураполле-агра”. Яна ўнесла важкі асабісты ўклад у набыткі малочнатаварнага комплексу, які ўпершыню прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва. Сапраўды зорным стаў мінулы год для маладога камбайнера ААТ “Хацілы-агра” Валерыя Ярашэвіча. На жніве ён першым у раёне намалаціў тысячу тон зерня, а агульны намалот перавысіў 2000 тон.

Па праву званне “Чалавек года Пастаўшчыны” атрымала галоўны тэхнолаг малаказавода Святлана Германовіч. Пры яе непасрэдным удзеле абнаўляецца асартымент і забяспечваецца высокая якасць натуральнамалочнай і іншай прадукцыі, вырашаюцца розныя пытанні ўдасканалення тэхналагічных працэсаў. Выдатна ведае вытворчасць, умела арганізуе работу людзей начальнік цэха ТАА “Вытворча-мэблевы цэнтр” Альгерд Гінявец.

У вальшчыка лесу Віктара Собаля, машыніста аўтагрэйдара ДЭУ-33 Алега Шылея і вадзіцеля ААТ “Пастаўскае аўтапрадпрыемства №17” Генадзія Клянцэвіча розныя працоўныя абавязкі. А аб’ядноў­ваюць іх высокае прафесійнае майстэрства, адказнасць і дысцыплінаванасць.

Для загадчыцы Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання Надзеі Гатоўскай, дырэктара Варапаеўскай СШ Віктара Жука, загадчыц Парыжскай бальніцы Марыны Брэскай і Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Алены Салавей, дырэктара ТАА “Ініта” Сяргея Рубашко прысваенне ганаровага звання стала не толькі асабістай падзеяй. Калектывы, якія яны ўзначальваюць, у сваіх сферах таксама прызнаны лепшымі ў раёне.

Клопатны, неспакойны ўчастак работы ў начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС падпалкоўніка міліцыі Аляксандра Мядзелкі. Ён умела арганізуе дзейнасць падначаленых, неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам. Цяпер у афіцэра заслужана з’явілася яшчэ адно званне — “Чалавек года Пастаўшчыны”.

Павіншаваўшы лаўрэатаў, Віктар Сяргеевіч Гутараў адзначыў, што яны сваёй добрасумленнай працай ствараюць новыя яркія старонкі вялікай і змястоўнай гісторыі раёна. Такіх людзей шмат. Менавіта дзякуючы ім не стаяць на месцы, развіваюцца многія калектывы.

У аграпрамысловым комплексе прызнаным лідарам з’яўляецца ААТ “Хацілы-агра”. Летась гаспадарка атрымала рэкордны ўраджай зерневых — 80,5 цэнтнера з гектара — і заняла першае месца ў вобласці. І па прадукцыйнасці дойнага статка, якая склала 6369 кілаграмаў малака ад каровы, ёй няма роўных у раёне. Па суме занятых месцаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства выйшла пераможцам спаборніцтва і па­кінула за сабой пераходны сцяг райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

Вядучымі калектывамі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі з’яўляюцца таксама ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”, філіял “Нафтазаводмантаж-агра”. У ААТ “Навасёлкі-Лучай” летась, напрыклад, вырасцілі 1370 тон жывёлы, або 25% ад усёй мясной прадукцыі, атрыманай у сельгасарганізацыях раёна. Названыя гаспадаркі, а таксама малочнатаварныя фермы “Комплекс”, “Навасёлкі” і “Муляры” ААТ “Кураполле-агра”, “Навасёлкі-Лучай” і “Камайскі-агра” прызнаны лепшымі па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Ім уручаны пераходныя вымпелы.

Сярод прамысловых прадпрыемстваў  бясспрэчны лідар — ААТ “Пастаўскі малочны завод”. Летась тут аб’ём вытворчасці прадукцыі ў фактычных цэнах павялічыўся на 28% і склаў 505 мільярдаў рублёў. Некалькі відаў прадукцыі па сваіх смакавых і спажывецкіх якасцях адзначаны рознымі ўзнагародамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных спецыялізаваных выстаў і конкурсаў.

Па-ранейшаму забяспечвае стабільнасць, працуе рэнтабельна ААТ “Паставымэбля”. У агульным аб’ёме рэалізаванай прадукцыі 42% займаюць інавацыйныя вырабы. Як і ў папярэднія гады, прадпрыемства зноў у ліку лепшых.

Раённы выканаўчы камітэт і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў адзначылі таксама работу філіялаў “Пастаўскае ДРБУ-132”, “ДЭУ-33”, раённага вузла паштовай сувязі, райспажыўтаварыства, райбыткамбіната, устаноў і арганізацый сацыяльнай сферы, сельскіх Саветаў і сельвыканкамаў, органаў грамадскага самакіравання.

Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны пераможцам агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах, а Падзякі старшыні — за найвышэйшыя дасягненні года і лепшым па прафесіі.

Удзельнікаў нарады віталі народны хор настаўнікаў горада і фіналісты рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2015” на чале з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай. У канцэрце ўдзельнічаў народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок, якому ахвотна падпявала ўся зала.

no images were found

no images were found

no images were found

no images were found

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.