Cкарбніца гісторыі краю, крыніца інфармацыі

Культура

Пастаўскаму раённаму краязнаўчаму музею — 40 гадоў

З творчым натхненнем

Сорак гадоў таму Пастаўскі раённы краязнаўчы музей упершыню адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Пра гісторыю і сучаснасць установы карэспандэнт «Пастаўскага краю» гутарыць з дырэктарам музея Раісай Леанідаўнай КУРАЧЭНКА.

— Раскажыце, калі ласка, пра гісторыю стварэння музея і яго асноўныя функцыі.

— Пастаўскі раённы краязнаўчы музей заснаваны ў 1974 годзе. У аснову яго экспанатаў лягла калекцыя прадметаў, сабраных настаўнікам гісторыі гарадской сярэдняй школы №1 Мікалаем Дзмітрыевічам Лукічовым. Музей размяшчаецца ў будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя, пабудаваным графам Антоніем Тызенгаўзам, у складзе першай у Беларусі ансамблевай архітэктурнай забудовы Рыначнай плошчы.

Сваіх першых наведвальнікаў музей прыняў праз два гады — 26 лютага 1976 года. У той час установу ўзначальваў Віктар Канстанцінавіч Стахоўскі, чалавек, які самазабыўна любіў Беларусь. Ён, а таксама іншыя дырэктары, навуковыя супрацоўнікі і мастакі-афарміцелі  Яўгеній Януш, Іван Катовіч і Іосіф Атрахімовіч прыклалі нямала намаганняў для станаўлення і развіцця музея. Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем кожнага з іх.

Установу ў розныя часы ўзначальвалі Людміла Паўлаўна Старунова, Віктар Канстанцінавіч Стахоўскі, Таццяна Якаўлеўна Шчукіна, Лізавета Ціханаўна Валетка, Марына Анатольеўна Селядцова. Кожны з іх зрабіў свой унёсак у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны раёна.

У пачатку 90-х гадоў пад кіраўніцтвам Лізаветы Ціханаўны Валетка, якая ўзначальвала музей на працягу чвэрці стагоддзя, была ажыццёўлена рэканструкцыя ўстановы. Адкрылася новая экспазіцыя, якую аформіў мастак Віктар Герасімавіч Дзядзенка. Яна дзейнічае і па сённяшні дзень і ўражвае сваёй цеплынёй, адпаведнасцю рэчаіснасці і прыгажосцю, што адзначаюць нават сталічныя госці. Сёння ў музеі захоўваецца больш за 16 тысяч прадметаў. А дзевяць гадоў таму ўстанова набыла статус юрыдычнай асобы і права на ліцэнзійную дзейнасць з каштоўнымі металамі і зброяй.

Што да асноўных функцый музея, то гэта збор, захоўванне, вывучэнне, экспанаванне і папулярызацыя матэрыяльных сведчанняў пра чалавека і навакольны свет.

— Раіса Леанідаўна, а як папаўняецца музейны фонд?

— Усе прадметы музей атрымлівае ў дар, і, карыстаючыся выпадкам, хачу па­дзякаваць усім нашым дарыльшчыкам. Надзвычай каштоўнымі экспанатамі ўзбагацілі музейны фонд Р. В. Падгол, А. В. Асяненка, П. Ф. Курто, В. Б. Жамойдзь, Г. З. Вялічка, В. С. Крукоўская, У. А. Багданаў, А. Г. Майсяёнак, І. П. Зямчонак, М. С. Скрыдлеўская, І. М. Пракаповіч, М. Н. Гіль, А. Р. Мацур, А. А. Ільін.

Неацэнную спонсарскую дапамогу музею аказалі кіраўнікі ААТ «Варапаеўскі ДАК», ПВУП «Пастаўскі мэблевы цэнтр», ААТ «Паставымэбля», УП «Завод Беліт», ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі», УАЗ «Пастаўская ЦРБ», а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі А. П. Сакалоўскі і В. В. Цалко.

— Адной з форм работы музея з’яўляецца выставачная дзейнасць. Чым у апошні час здзіўлялі наведвальнікаў?

— Музей актыўна арганізоўвае выставы як з уласных фондаў, так і з фондаў іншых музеяў і прыватных калекцый. Упэўнена, многім запомніліся выстава васковых фігур «Гісторыя ў асобах», выстава, прысвечаная 50-годдзю ракетных войск стратэгічнага прызначэння, работы мастака па метале Юрыя Фурса і маладых фатографаў з фотаклуба «Светосила». Вялікую зацікаўленасць у наведвальнікаў выклікалі экспазіцыі эксклюзіўных аўтарскіх вырабаў «Абрэзкавы домік» Алены Мацяш, манатыпія мастака Аляксандра Куцкевіча, карцін «Зямное і вечнае» Сяргея Дацэнкі, а таксама выставы, прадстаўленыя пасольствамі Японіі і Кітая. Прайшла цэлая серыя выстаў «Ramzes» індывідуальнага прадпрымальніка Рамазана Махмудава: «Матылькі, якія пырхаюць», «Халодная зброя ўсіх часоў і народаў», «Ракавінкі і каралы сусветных акіянаў» і іншыя.

Акрамя гэтага, у музеі адбыўся вечар сустрэчы з музыкантам-педагогам Віктарам Вячаслававічам Фадзеевым. Ён даў тысячы канцэртаў у блізкім і далёкім замежжы, не перастаючы, марыць пра выступленне на сваёй радзіме, у Паставах. Яго жаданне здейснілася.

— Над чым працуеце зараз?

— Рыхтуемся да чарговай Міжнароднай канферэнцыі «Гісторыя ў імя міру», прысвечанай 100-годдзю «Нарачанскай аперацыі», якая засланіла ад знішчэння французскі горад Вердэн. Пры падтрымцы Пастаўскага і Мядзельскага райвыканкамаў на базе нашага музея, Нацыянальнага парку «Нарачанскі» і Беларускага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны збяруцца прадстаўнікі чатырох дзяржаў, каб успомніць пра гераізм воінаў-абаронцаў, нагадаць нашчадкам пра абавязак памяці. 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, плануем правядзенне штогадовай акцыі «Ноч музеяў», падчас якой наша ўстанова будзе працаваць да поўначы. У рамках Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» рыхтуемся адзначыць 200-годдзе арніталагічнага музея, створанага графам Канстанцінам Тызенгаўзам у сваім палацы. Калісьці гэты музей быў вядучым навуковым цэнтрам па арніталогіі ў Еўропе. У хуткім часе чакаем выставу-квэст васковых фігур «Кола гісторыі». Ва ўсім свеце вялікую папулярнасць набывае інтэрактыўны турызм. Наш музей таксама не застаўся ў баку ад сучасных тэндэнцый — навуковым супрацоўнікам Вадзімам Шышко распрацаваны турыстычны маршрут «Па слядах Першай сусветнай вайны».

— Што пажадаеце калектыву ў юбілей музея?

— Віншую ўсіх цяперашніх і былых супрацоўнікаў з 40-годдзем установы! Жадаю здароўя, цікавых адкрыццяў, творчага натхнення і дабрабыту. Няхай вашы дамы поў­няцца святлом і ўтульнасцю, а цяпло сэрцаў блізкіх людзей надае новыя сілы для высакароднай і самаадданай працы.

 Стаў упрыгажэннем Пастаў

Старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, Р. Л. Курачэнка і мэр самакіравання Рокішскага раёна Вітаўтас Віліс пераразаюць чырвоную стужку на ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў.

14 чэрвеня 2014 года ў рамках Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» у райцэнтры адкрыўся яшчэ адзін музей. Ён размясціўся ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў і стаў адной са славутасцей горада.

Адкрыццю музейных экспазіцый папярэднічала напружаная, але ў той жа час цікавая двухгадовая навукова-даследчая работа, якая значна ўмацавала сяброўскія і партнёрскія сувязі паміж супрацоўнікамі Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта, Рокішскага самакіравання, музеяў двух гарадоў.

— З’яўленне музея — у першую чаргу заслуга былога намесніка старшыні райвыканкама А. Э. Кейзік, якая курыравала рэалізацыю праекта, — успамінае дырэктар раённага края­знаўчага музея Р. Л. Курачэнка. — Затым з не меншым энтузіязмам яе плённую працу працягнуў Ю. М. Кісялёў, які змяніў А. Э. Кейзік на гэтай паса­дзе. А агульнымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў праекта ўдалося дасягнуць галоўнай мэты — узмацнення міжкультурнага дыялогу і павышэння турыстычнай прывабнасці двух раёнаў на аснове агульнай гістарычнай спадчыны, звязанай з родам Тызенгаўзаў.

Яшчэ нядаўна паўразбураныя падвальныя памяшканні палаца зараз упрыгожваюць унікальныя музейныя экспазіцыі, у якіх адлюстраваны старонкі гісторыі горада, людзі і падзеі, якія праславілі яго ва ўсім свеце. Яны апавядаюць пра арнітолага з сусветным імем графа Канстанціна Тызенгаўза і яго навуковы музей, пра ­адзіную ў Расіі Санкт-Пецярбургскую афіцэрскую кавалерыйскую школу і яе парфорсныя паляванні ў маёнтку Паставы, пра лінію фронту Першай сусветнай вайны, якая праходзіла на тэрыторыі нашага раёна. Узровень экспазіцый адпавядае сучасным патрабаванням, пакідае незабыўнае ўражанне. Гэта адзначаюць шматлікія наведвальнікі музея, якія пакінулі свае запісы ў кнізе водзываў і прапаноў.

— Работа над праектам была ўнікальнай, цікавай, выніковай, — адзначае намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — У выніку атрымалася выканаць велізарны аб’ём будаўніча-мантажных работ, з непрыдатных памяшканняў стварыць сучасныя выставачныя залы і адкрыць музейныя экспазіцыі. Вялікая заслуга ў гэтым галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы У. М. Чакавага, намаганнямі якога быў захаваны гістарычны аб’ект, музейных работнікаў, навукоўцаў, краязнаўцаў і іншых энтузіястаў.

Музейныя экспазіцыі ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў створаны ў рамках сумеснага літоўска-беларускага праекта «Заахвочванне турызму па абодва бакі граніцы Літвы і Беларусі з мэтай павышэння даступнасці і прывабнасці культурна-гістарычнай спадчыны ў Рокішскім і Пастаўскім раёнах». Асноўныя сродкі на яго рэалізацыю выдзеліў Еўрасаюз. Таксама ў рамках праекта праведзены дзве міжнародныя экспедыцыі па Літве і Беларусі, падчас якіх сабраны найбагацейшы гістарычны матэрыял і розныя экспанаты для дзеючых экспазіцый у нашым і Рокішскім музеях. Па выніках экспедыцый праведзена канферэнцыя, распрацаваны новы турыстычны маршрут. Таксама вызначана перспектыва развіцця праекта, якая прадугледжвае поўны пераход палаца ў распараджэнне музея.

 Любіць, беражэ, захоўвае

Гэтымі трыма словамі можна коратка апісаць адносіны да сваёй работы і асноўныя службовыя абавязкі захавальніка музейнага фонду раённага краязнаўчага музея Дзіны Ільінічны Вялічка.

Усё жыццё Дзіна Ільінічна працавала ў школе настаўнікам матэматыкі і толькі пасля выхаду на пенсію ўладкавалася ў музей. Кажа, шкадуе, што не зрабіла гэтага раней, бо з самага дзяцінства захаплялася краязнаўствам, затым разам з вучнямі абышла наш і бліжэйшыя раёны. Усё жыццё была сталым наведвальнікам музея.

— Адна з галоўных задач музея — папаўненне яго фондаў новымі экспанатамі, адпаведнымі профілю. Штогод да асноўнага фонду нашага музея дадаецца больш за дзвесце прадметаў, да навукова-дапаможнага — больш за сто, — расказвала Д. І. Вялічка. — Як толькі рэч паступіла ў музей, яна аўтаматычна становіцца не толькі яго здабыткам, але і часткай музейнага фонду нашай краіны.

У задачы захавальніка ўваходзяць вывучэнне і апісанне любога экспаната па пяці дзясятках пазіцый: час і месца яго бытавання, прызначэнне і значнасць, сувязь з асобамі і рознымі прадметамі, тэхніка вырабу і матэрыял, памеры і многае іншае. Дзіна Ільінічна мае справу з былымі ва ўжыванні прадметамі, многія з іх служылі не аднаму пакаленню, а некаторыя выкарыстоўваліся ў побыце штодня, таму струхнелі, але маюць гістарычную каштоўнасць. Значнай частцы экспанатаў неабходна рэстаўрацыя. Тут няма падзелу на больш або менш значныя — усе без выключэння прадметы патрабуюць беражлівых адносін і належных умоў захоў­вання. У памяшканні павінен быць спецыяльны тэмпературны рэжым і строга вызначана вільготнасць паветра, пры захоўванні прадмета мае значэнне нават яго размяшчэнне ў прасторы.

Асаблівая ўвага надаецца захоўванню зброі, боепрыпасаў і гісторыка-культурных каштоўнасцей, пры вырабе якіх ужываліся дарагія металы і каштоўныя камяні (на работу з імі музей мае ліцэнзіі). У адпаведнасці з патрабаваннямі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства культуры, такія рэчы захоўваюцца ў спецыяльных сейфах, з трохузроўневай ахоўнай сігна­лізацыяй і праходзяць штогадовую зверку наяўнасці і атрыбуцыю.

— У дапамогу захавальнікам айчынныя праграмісты стварылі спецыяльную праграму «Музей-5», якая павінна сістэматызаваць, удасканаліць і палегчыць нашу працу. А каб новаўвядзенне паказала сябе ў дзеянні, у найкарацейшыя тэрміны патрабавалася ўвесь фонд музея ўнесці ў электронны каталог, — успамінае Дзіна Ільінічна. — Для пераводу ў лічбавы фармат шаснаццацітысячнага музейнага фонду спатрэбіліся вялікая канцэнтрацыя сіл і ўважлівасць. Але займацца новай справай было цікава.

Нягледзячы на тое, што работа ў Д. І. Вялічка вельмі карпатлівая, яна, як і ўсе супрацоўнікі музея, рада кожнаму новаму прадмету і бязмежна ўдзячна тым, хто яго прынёс. Ды і чалавек, які аднойчы перадаў у музей рэч, што доўга служыла яму, далучаецца да высакароднай справы захавання побыту, традыцый і гісторыі свайго народа, сваёй краіны.

Заўсёды ў пошуку новых ведаў

Т. Г. Гарошка, В. А. Шышко і А. В. Казлоўская

Са старшым навуковым супрацоўнікам Таццянай Гвідонаўнай Гарошка і навуковым супрацоўнікам Вадзімам Аляксандравічам Шышко наведвальнікі музея часцей за ўсё сустракаюцца падчас экскурсій, але гэта — толькі вяршыня айсберга той дзейнасці, якой яны займаюцца штодня.

Асноўная іх задача — навукова-даследчая работа, збор і вывучэнне музейных прадметаў, распрацоўка навуковых канцэпцый развіцця ўстановы, канцэпцый экспазіцый і выстаў. Так, ілюстрацыйна-тэматычныя выставы ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў «Таксідэрмічная майстэрня графа Канстанціна Тызенгаўза», «Кабінет графа Канстанціна Тызенгаўза», «Кавалерыйская школа ў маёнтку Паставы», «Першая сусветная вайна на Пастаўшчыне» — плён працы менавіта навуковага аддзела. Акрамя гэтага, навуковыя супрацоўнікі распрацоўваюць тэксты экскурсій і сцэнарыі мерапрыемстваў, складаюць тэхналагічныя карты, выступаюць з лекцыямі, праводзяць музейна-педагагічныя заняткі.

— Вялікую ўвагу мы надаём збору прадметаў для папаўнення музейных калекцый, — расказвала пра спецыфіку работы Т. Г. Гарошка. — Кожны з іх праходзіць першасную апрацоўку — складаюцца акты прыёму прадметаў з падрабязным іх апі­саннем. Потым на штомесячнай фондава-закупачнай камісіі разам з іншымі супрацоўнікамі музея вырашаем іх далейшы лёс: якія прадметы будуць залічаны ў асноўны фонд, якія — у навукова-дапаможны.

Штогод супрацоўнікі навуковага аддзела па запыце Рэспубліканскага экспертнага савета вызначаюць колькасць асабліва каштоўных музейных экспанатаў для ўнясення іх у Дзяржаўны каталог музейнага фонду краіны. Гэта вельмі адказная работа, падчас якой прадметы вывучаюцца больш дэталёва, апісваюцца, на іх складаецца электронны пашпарт з фотаздымкамі, які адпраўляецца ў экспертны савет і заносіцца ў Дзяржаўны каталог.

— Сваю работу люблю таму, што яна адпавядае і маёй адукацыі, і маім інтарэсам, — гаварыў В. Шышко. — Больш за ўсё прываблівае даследчая работа. Падабаецца вывучаць розныя крыніцы, знаходзіць новыя звесткі, распрацоўваць новыя тэмы. Часта маю зносіны са сталымі людзьмі, якія паведамляюць вельмі цікавую інфармацыю, пра што ў падручніках не пішуць.

Таццяна Гвідонаўна і Вадзім Аляксандравіч таксама займаюцца і зверкай музейных калекцый, у ходзе якой вырашаюць, якія рэчы патрабуюць удакладнення ў апісанні назвы, матэрыялу і тэхнікі, памераў і стану захаванасці, рэстаўрацыі, пераводу з адной калекцыі ў іншую і гэтак далей. Гэта вельмі карпатлівая праца, тут неабходны ўвага і дакладнасць.

— А ўвогуле, наша работа разнастайная і патрабуе грунтоўных ведаў у розных галінах: гісторыі, краязнаўстве, археалогіі, біялогіі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве і іншых. Для гэтага трэба пастаянна ўдасканальвацца, займацца самаадукацыяй, што мы з задавальненнем і робім, — падводзіць вынік Таццяна Гарошка.

Не менш клопатаў і ў спецыя­ліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аляксандры Вітольдаўны Казлоўскай. На ёй ляжыць вялікая адказнасць, бо Паставы — старадаўні горад Беларусі, у якім захавалася цудоўнае, непаўторнае аблічча гістарычнага цэнтра  і многіх помнікаў, у тым ліку і за межамі райцэнтра. Усе яны патрабуюць належных адносін.

Спецыяліст музея праводзіць улік гісторыка-культурных каштоўнасцей і забяспечвае кантроль за іх утрыманнем, выкарыстаннем і захоў­ваннем. Пад патранатам Аляксандры Казлоўскай больш за 90 помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, 33-м найбольш значным аб’ектам нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны, і яны ўключаны ў Дзяржаўны спіс матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. А камайскі касцёл абароннага тыпу падлягае ўключэнню ў спіс Сусветнай спадчыны  ЮНЕСКА.

Важную ролю ў рабоце музея адыгрываюць дазорцы А. Бароўка, Я. Іванова, загадчыкі гаспадаркі Д. Вялічка і М. Іваноў.

Іх работа была насычана падзеямі

Ала Іванаўна Фралова, Марыя Васільеўна Бойка і Ганна Васільеўна Пылева (на здымку) у свой час працавалі ў музеі навуковымі супрацоўнікамі. На мінулым тыдні яны сустрэліся за кубачкам кавы. Жанчынам было што ўспомніць, што расказаць.

Стаж работы ў музеи А. І. Фраловай складае 30 гадоў. Але пры падрыхтоўцы экскурсій яна ніколі не рабіла скідку на вялікі вопыт — да кожнай рыхтавалася вельмі старанна і нават з хваляваннем. Хацела, каб сабраны матэрыял быў цікавы розным аўдыторыям.

— Сваю працоўную дзейнасць пачынала ў сель­скім клубе, затым перайшла ў бібліятэку, — успамінала Ала Іванаўна. — Але нідзе не было так добра і цікава, як у музеі. 

М. В. Бойка выдатна памятае той час, калі ўстанова яшчэ толькі рыхтавалася да сустрэчы першых наведвальнікаў, а на другім паверсе будынка размяшчаўся гарсавет. Яна фактычна стаяла ля вытокаў стварэння музея. Першыя гады работы Марыі Васільеўне запомніліся бясконцымі камандзіроўкамі: ездзілі на вучобу, стажыроўкі, у архівы. А яшчэ актыўна збіралі экспанаты па ўсім раёне.

— Першы час наведванне музея было бясплатным, у дзень прымалі па 4-5 экскурсій. Прыходзіла шмат ветэранаў, — расказвала М. В. Бойка. — Усе арганізацыі і прадпрыемствы дапамагалі ў стварэнні экспазіцый, а афармлялі выставачныя залы мясцовыя мастакі.

На працягу двух гадоў поплеч з М. В. Бойка працавала Г. В. Пылева. Ёй музейныя будні запомніліся экскурсіямі па аддзеле, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, зборам, апрацоўкай і афармленнем экспанатаў, лекцыямі ў Пастаўскім прафтэхвучылішчы.

— Нядаўна прачытала, што дзеці Васіля Мікалаевіча Асяненкі перадалі музею Зорку Героя бацькі. Парадавалася, што музейны фонд узбагаціўся, — паказвала газетную выразку Ганна Васільеўна. — Неў­забаве пасля смерці В. М. Асяненкі я была ў гасцях у яго жонкі Зінаіды. Нягле­дзячы на вялікае гора, яна прыняла мяне ветліва, перадала музею шмат экспанатаў.

Успаміналі і печку-буржуйку, і як папаўняўся чучаламі аддзел «Прырода», і шмат чаго яшчэ. А галоўнае — работа ў музеі была цікавай, разнастайнай, насычанай падзеямі.

 Цэнтр культуры, мастацтва, асветы

Музей  гэта адзін са складальнікаў сацыякультурнай прасторы нашага горада. Адны разглядаюць яго як сховішча гісторыка-культурнай спадчыны, закліканае спрыяць асвеце, іншыя  як месца правядзення вольнага часу. А што для вас значыць раённы краязнаўчы музей? На гэта пытанне карэспандэнту «ПК» адказваюць:

Уладзімір ЧАКАВЫ, галоўны ўрач установы аховы здароўя «Пастаўская ЦРБ»:

 Калі 20 гадоў таму я ўзначаліў цэнтральную раённую бальніцу, паўстала пытанне аб захаванні палаца Тызенгаўзаў, у якім месціўся адзін з корпусаў стацыянара. На той момант помнік архітэктуры XVIII стагоддзя меў патрэбу ў неадкладным рамонце. Тады і пачалося цеснае супрацоўніцтва з раённым краязнаўчым музеем. З яго супрацоўнікамі і цяпер сустракаемся кожны тыдзень. За гэты час падрыхтавалі тры праекты на рэканструкцыю і рэстаўрацыю будынка, якія павінны былі ўключаць гістарычную даведку. Здабытыя падчас яе складання звесткі і артэфакты дазволілі ўзбагаціць веды не толькі пра гісторыю стварэння палаца, але і пра жыццё горада. Для мяне музей не проста хобі, а ў сілу абставін напрамак дзейнасці.

Валянціна ПАЎЛЕНКА, пенсіянерка:

 На першы погляд, работа музейных супрацоўнікаў непрыкметная, але іх уклад у культуру нашага горада бясцэнны, за што ім бязмерна ўдзячная. Выставы графікі, манатыпіі, фларыстыкі, абрэзкавай тэхнікі, знаёмства з людзьмі мастацтва і праведзеныя імі майстар-класы ўзбагацілі мяне, пакінулі яркае ўражанне. Я сама родам не з Беларусі, таму, калі да мяне ў госці прыязджаюць сябры ці ўнукі, абавязкова вяду іх на экскурсію ў музей. Для іх гэта не толькі цікава, але і пазнавальна.

Людміла КАСЦЕНЬ, дырэктар Пастаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:

 Мы з мужам наведваем музей з задавальненнем, імкнёмся не прапусціць ні адной выставы. У апошні час ходзім разам з унукам — далучаем яго да мастацтва, прыгажосці, гісторыі. Музей мне дарагі яшчэ і тым, што ў яго фондах захоўваюцца ўзнагароды майго бацькі Гаўрыіла Андрэевіча Апрышчанкі. Ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год да Дня Перамогі ўзнагароды, якія захоўваюцца ў музеі, выстаўляюцца на ўсеагульны агляд. Заўсёды хаджу на іх паглядзець, бо для мяне гэта памяць пра роднага чалавека.

Кацярына КАЗАКЕВІЧ, навучэнка СШ №3:

 Калі бываю ў музеі, не толькі з цікаўнасцю разглядваю экспанаты, але і імкнуся як мага больш запомніць з расказа экскурсавода, бо гэта ўнікальная магчымасць павысіць свой узровень ведаў, даведацца цікавыя факты з гістарычнага мінулага нашага раёна. Больш за ўсё мяне ўразіла, што ў такім невялікім горадзе калісьці дзейнічала 35 мануфактурных вытворчасцей. Таксама запомнілася выстава жывых матылёў, якія ляталі сярод наведвальнікаў, садзіліся на далонь. Гэта было вельмі відовішчна.

Матэрыялы падрыхтавала Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.