Цукерачныя букеты Дар’і Касцень

Личности

На выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая ладзілася ў Доме культуры па вуліцы Станкеві­ча ў дзень правядзення конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, маю ўвагу найперш прыцягнулі яркія кветачныя кампазіцыі з цукерак. У кожнай свая назва: “Мелодыі кахання”, “Лясная фантазія”, “Вясенні настрой” і іншыя.

Знаёмлюся з майстрыхай —  педагогам-псіхола­гам дзяржаўнага каледжа Дар’яй Касцень.

— Ідэю канструкцый з паперы і цукерак падала сястра Каця, — расказвае Дар’я. — Яна чалавек творчы, ініцыятыўны. Закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. Выйшла замуж і цяпер жыве ў Рызе. Любіць маляваць, захапляецца бісерапляценнем. І мяне пастаянна падштурхоўвала чымсьці займацца. Хоць я лічыла, што ў мяне адной з сям’і няма здольнасцей да творчасці. Мая радзіма — невялікая вёсачка Турлы. Тата — механізатар, а як прыгожа малюе! Старэйшая сястра Наташа — тэхнік-асемянатар. Яе творчасць праяўляецца на кухні: літаральна з нічога можа прыгатаваць смачны абед, на дэсерт прапануе розную выпечку. А я асабліва нічым не захаплялася. Але зрабіла некалькі прапанаваных Кацяй работ — і з’явілася цікавасць. Адно дрэнна, што часу на творчасць не хапае.

Д. П. Касцень пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава па спецыяльнасці “Беларуская філалогія і культуралогія” прыйшла працаваць у Пастаўскі каледж. Цяпер атрымлівае другую вышэйшую адукацыю і спецыяльнасць псіхолага.

— Бываючы на сесіі ў Віцебску, не абмінаю магазін “Сваімі рукамі”, дзе любуюся рознымі арыгінальнымі работамі, — расказвала. — Шмат чэрпаю для сябе. Добры памочнік — інтэрнэт. Але ў кожную работу ўношу штосьці сваё, непаўторнае. Спадручны матэрыял — пенапласт, кардон, трубачкі для соку, зубачысткі, шпажкі, гафрыраваная папера і цукеркі. Імкнуся, каб затраты былі мінімальнымі.

Ідучы ў госці, звычайна бяруць кветкі і цукеркі. І няма нічога прасцейшага, як купіць у магазіне каробку цукерак або шакаладку, жывыя кветкі і парадаваць імі сваіх блізкіх. Але гэта банальна. А вось калі букет зроблены з цукерак да канкрэтнага свята — Новага года, дня нараджэння, 8 Сакавіка, вяселля — з адпаведнай атрыбутыкай, то гэта эксклюзіўна і дзівосна.

— Мае кампазіцыі залежаць ад фантазіі, — працягвала Даша. — Яны спалучаюць у сабе прыгажосць і салодкасць. Кветкі, унутры якіх знаходзіцца салодкі  сюрпрыз, — арыгінальны падарунак для родных і знаёмых, які стварае радасную атмасферу і паказвае мой нефармальны падыход да канкрэтнага чалавека і той падзеі, якую ён адзначае. Часам дастаткова прымацаваць невялікую кветачку на звычайную шакаладку, і яна набывае святочны выгляд, дастаўляе радасць таму, каму прызначана.

Работы Д. П. Касцень экспануюцца на розных выставах не толькі ў каледжы, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Майстрыха прымала ўдзел у рэспубліканскім аглядзе работ тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці сярод навучэнцаў і работнікаў прафесіянальна-тэхнічнай і сярэднеспецыяльнай адукацыі. Кампазіцыі ў шарападобных вазах з руж, нарцысаў, крокусаў, прымул, браткаў зачароўвалі як гледачоў, так і членаў журы. Два гады запар ім прысу­джалася трэцяе месца.

— А галоўны і самы строгі суддзя — муж Дзмітрый, — усміхаецца Даша. — Ён першым ацэньвае мае работы. Нярэдка робіць заўвагі, падказвае. Па скайпе дае ацэнку Каця. Вось у такім творчым саюзе і працую.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.