“Гавары са мной па-беларуску”


“Сто разоў шукай другой красы,/ А тым больш, што свет даўно не вузкі,/ Ды калі ты не бязродны сын,/ Гавары са мной па-беларуску”, — пісала беларуская паэтэса Яўгенія Янішчыц.

З пытаннем ”якая будучыня ў матчынай мовы?” няштатны карэспандэнт “Пастаўскага краю” Аліна Латыш звярнулася ў першую чаргу да маладых, бо менавіта ад іх розуму, пачуццяў, эмоцый, захапленняў залежыць наш агульнабеларускі скарб — матчына мова. Вось іх адказы.

Кацярына Ясінская, вучаніца 9 класа Варапаеўскай СШ, дыплом I ступені на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры ў 2016 годзе: “Беларускае слова! Яно, нібы зіхатлівы праменьчык, пераліваецца вясёлкавымі колерамі на небасхіле сусветнага міжмоўя. Здаецца, няма на свеце больш мілагучнай, спеўнай, узнёслай мовы, чым наша, беларуская.  Увогуле, мова — гэта карані, якімі трымаецца, нібы магутнае дрэва, наш народ. І знішчыць гэтыя карані — тое самае, што загубіць сябе. Такія думкі ўзмацніліся падчас абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Вялікае задавальненне прынёс мне той тыдзень: на працягу яго ў маім асяроддзі гучала выключна родная мова. Вельмі хочацца, каб яна шырэй распаўсюджвалася ў мастацтве, каб часцей чулася на радыё і тэлебачанні.

Ірына Паўлава, вучаніца 10 класа СШ №5, дыплом II ступені абласной алімпіяды ў 2016 го­дзе: “Ведаеце, калі нешта прынесла вялікую асалоду, закранула самае сэрца, то яно ўжо ніколі не згубіцца ў закутках тваёй памяці. Так у мяне адбылося і з беларускай мовай. У маленстве, пачуўшы чароўнае матчына слова, я ўжо не магу пакінуць яго. Мова — гэта рознакаляровы шарык, з якім мяне быццам бы звязалі незаўважнымі ніткамі. Вецер падхоплівае гэты шарык і цягне за сабой у блакітнае неба, надаючы тым самым мне веру ва ўласныя сілы, прымушае рухацца наперад да новых вяршынь. Я лічу, што родная мова здольная душэўна ўзвысіць чалавека, прымусіць паглядзець на навакольны свет іншымі вачыма, заўважыць раней нябачанае, з якога потым і складзецца сапраўднае шчасце.

Гэту думку пацвердзіла і абласная алімпіяда па беларускай мове. Пяць дзён, праведзеных у асяродку лю­дзей, па-сапраўднаму адданых роднай мове, падарылі мне шмат яскравых момантаў, незвычайных эмоцый, шчырых усмешак. Дзякуючы алімпіядзе я адчула значны прыліў сіл, нават нейкае жыццёвае натхненне, нягле­дзячы на тое, што прыйшлося пераадолець шмат выпрабаванняў, каб атрымаць добры вынік. Зараз я ўпэўнена, што ні ў якім разе нельга спыняцца, нельга збочваць з той дарогі, па якой ужо было зроблена нямала крокаў.

Юлія Канаш, вучаніца 11 класа Камайскай школы, дыплом III ступені абласной алімпіяды ў 2015 і 2016 гадах: «Я не ведаю дакладна, калі прыйшлі любоў і захапленне беларускай мовай. Але гэта кардынальна змяніла маё жыццё. Беларуская мова паказала мне свет, поўны новага, яркага, незвычайнага.

Родную мову я любіла з дзяцінства, асабліва калі пачала вывучаць гісторыю майго народа. Раней мне казалі, што маю мову топчуць, ёй пагарджаюць. Але сёння бачу, што гэта не так. Яна жыве сярод моладзі, натхняе паэтаў і пісьменнікаў, музыкантаў, якія пішуць музыку на беларускія вершы. Шмат карыстаецца беларускай мовай моладзь у інтэрнэце, у звычайных сяброўскіх зносінах. Гэта не можа не радаваць, бо беларусы вяртаюцца да сваіх вытокаў.

За адкрыццё для мяне мовы дзякую ўсім настаўнікам, якія абуджаюць у нас цікавасць да Беларусі, дапамагаюць лепш спасцігаць свой народ, яго гісторыю, культуру і, канечне ж, размаўляць па-беларуску».

Арсень Леўшын, вучань 7 “А” класа СШ №1: “Я прыйшоў у Таварыства беларускай мовы таму, што зразумеў: я жыву ў Беларусі, я не паляк, не расіянін, не літовец і таму ў першую чаргу павінен дасканала валодаць сваёй мовай. Прыкладам для мяне ў маім выбары з’яўляецца старэйшы брат Яўген. І калі кожны з нас, шчырых беларусаў, заахвоціць, захопіць матчынай мовай хоць аднаго-дваіх, беларуская мова будзе жыць”.

Тамара Мікалаеўна Захарэвіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі СШ №2: “Больш за 10 гадоў я з’яўляюся членам журы абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У гэтым годзе была ў складзе журы 11 класа і заўважыла, што вучні былі больш падрыхтаваныя, чым у папярэднія гады, яны сталі лепш валодаць вуснай беларускай мовай.  Мы чулі добрую, чыстую мову. А гэтаму цяжка навучыць, гэта вынік таго, што ім самім цікава было займацца, штодзённа паглыбляць свае веды. Члены журы 9 класа таксама адзначалі добрую падрыхтоўку: асабліва павысіўся ўзровень вуснага маўлення. Такім чынам, можна сказаць, што ў алімпіядным руху і, напэўна, у грамадстве назіраецца зрух да лепшага.

У інтэрнэце цяпер ёсць мноства суполак беларускай моладзі, яны даволі актыўныя. Шмат груп, звязаных з сучаснай беларускай літаратурай, паэзіяй. Змешчана нямала прыгожых фотаздымкаў беларускіх гарадоў з каментарыямі па-беларуску. Суполкі мабільныя, яны прапануюць моладзі разнастайныя цікавыя праекты. Так што пры жаданні ўдасканаліць родную мову можна не толькі на ўроках — усе інтэрнэт-рэсурсы да вашых паслуг! “Граніцы маёй мовы — гэта граніцы майго свету”, — сказаў аўстрыйскі філосаф Людвіг Вітгенштэйн. Чым больш мы ведаем, тым больш адкрыты свету. І таму сёння валоданне беларускай мовай ускосна сведчыць пра прыналежнасць да нацыянальнай эліты, пра выхад асобы на еўрапейскі ўзровень”.

Марыя ДУНЕЦ, вучаніца 11 класа СШ № 3, дыпламантка раённых алімпіяд па беларускай мове і літаратуры: «Мае вытокі роднай мовы — у вёсцы, дзе мякка, пяшчотна размаўляюць па-беларуску бабуля і дзядуля. Гучыць роднае слова і ў сям’і, бо бацька — выхадзец з маленькай вёскі на Пастаўшчыне, маці — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Старэйшы брат таксама з задавальненнем вывучаў беларускую мову ў школе і ва ўніверсітэце. А як абураўся ён, былы студэнт гістарычнага факультэта БДПУ імя М. Танка, што гісторыя Беларусі выкладаецца на рускай мове! Любоў, цяга да роднага слова непрыкметна перадаліся і мне. Вельмі люблю ўрокі беларускай мовы і літаратуры, з 4 класа ўдзельнічала ў прадметных алімпіядах, паказвала станоўчыя вынікі. Рыхтуюся да здачы экзаменаў па роднай мове, да цэнтралізаванага тэсціравання. Вельмі хочацца, каб роднае слова гучала з вуснаў равеснікаў, каб яно было паказчыкам узроўню культуры і грамадзянскасці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.