Збор і перапрацоўка другаснай сыравіны: і неабходна, і карысна


З 2009 па 2015 год у нашай краіне дзейнічала Дзяржаўная праграма збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны. Яе асноўная задача — вырашэнне праблемы абмежаванасці рэсурсаў, зніжэнне кошту гатовай прадукцыі шляхам выкарыстання больш таннай сыравіны і барацьба з забруджваннем навакольнага асяроддзя. Пра тое, якія крокі па рэалізацыі дзярж­праграмы летась былі зроблены УП ЖКГ Пастаўскага раёна, карэспандэнту «ПК» расказвае намеснік дырэктара Сяргей Часлававіч ПЛЯШКУН.

— Скажыце, калі ласка, ці выканала жыллёва-камунальная гаспадарка раёна ў мінулым годзе план па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў?

— План мы не толькі выканалі, але і перавыканалі па ўсіх паказчыках. Так, пры дзяржзаказе на год 150 тон паперы і кардону нарыхтавана і здадзена 151 тона, 20,6 тоны палімераў (план — 20), шын — 8,6 тоны (план — 8), 5,4 тоны тэкстылю (план — 5). Пры плане 150 тон шкла нарыхтавалі яго ажно 493 тоны. Гэта значна больш, чым могуць прыняць ад нас перапрацоўчыя прадпрыемствы, таму практычна палова шклабою зараз захоўваецца на тэрыторыі прыёмнага пункта па вуліцы Пушкіна. Па буйнагабарытнай бытавой тэхніцы план наогул не даводзіўся, але каб яна не захламляла кантэйнерных пляцовак, вырашана нарыхтоў­ваць і яе. У мінулым годзе сабрана 3 тоны старой бытавой тэхнікі.

— Куды і па якой цане жыхары раёна могуць здаць другасную сыравіну?

— Нашым прадпрыемствам у райцэнтры арганізавана работа двух прыёмных пунктаў, якія размяшчаюцца на палігоне камунальных адходаў і па вуліцы Пушкіна. Па адным прыёмным пункце ёсць у Варапаеве, Камаях і Лынтупах. Кошт кілаграма шкла і тэкстылю — 500 рублёў, буйнагабарытнай бытавой тэхнікі — 600 рублёў, палімераў — 1000, макулатуры — 1300. Калі няма магчымасці самастойна даставіць бытавую тэхніку на прыёмны пункт, можна скарыстацца паслугай ЖКГ. Плаціць за яе не трэба — работнікі прадпрыемства забяруць, скажам, халадзільнік нават з пятага паверха, але ў гэтым выпадку ўладальніку тэхнікі, што адслужыла свой тэрмін, ніякая грашовая кампенсацыя не выплачваецца.

Таксама яшчэ адным буйным аператарам па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў у раёне з’яўляецца райспажыўтаварыства.

— Сяргей Часлававіч, што зроблена для таго, каб пашырыць магчымасці нарыхтоўкі і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў?

— Летась за кошт сродкаў дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» набыты бартавы МАЗ, які выкарыстоўваецца для транспарціроўкі адходаў на перапрацоўчыя прадпрыемствы, смеццявоз для збору шкла, пластыку, кардону, поліэтылену, 297 кантэйнераў для раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў і лінія сартавання. Зараз вядзецца яе наладка. Усё каштуе чатыры з паловай мільярда беларускіх рублёў. Гэта вялікія грошы, таму нам вельмі важна, каб людзі прыйшлі да разумення неабходнасці раздзельнага збору адходаў, інакш гэтыя сродкі будуць проста выкінуты на вецер.

— А як ставяцца да новаўвядзенняў самі жыхары раёна?

— Адны — з разуменнем, іншыя цалкам ігнаруюць. На жаль, ёсць і тыя, хто не лічыць патрэбным не тое каб сартаваць адходы, але нават данесці пакет са смеццем да кантэйнернай пляцоўкі. ЖКГ імкнецца максімальна папулярызаваць раздзельны збор адходаў. Для гэтага новыя ацынкаваныя кантэйнеры ўстанаўліваем не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці. Магчымасць праявіць сваю свядомасць і паклапаціцца пра экалогію з’явіцца ў жыхароў Варапаева, Камай, Лынтуп, Навасёлак і Парыжа. У бліжэйшы час на адваротным баку жыровак пачнём размяшчаць інфармацыю аб неабходнасці і карысці раздзельнага збору адходаў і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.