І полька груздаўская прагучала


З юбілеем Р. С. Рамбальскага віншуе старшыня Юнькаўскага сельвыканкама В. М. Філімонава.

Сонечна і светла было ў той дзень у доме Роберта Сільвестравіча Рамбальскага з вёскі Пожарцы. Да ветэрана вайны і працы завіталі старшыня Юнькаўскага сельвыканкама Валянціна Міхайлаўна Філімонава, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская. Ды не адны, а з самадзейнымі артыстамі,  і была на тое прыемная нагода — юбілей.

Нарадзіўся ён у 1926 годзе. Закончыў Груздаўскую сямігодку, пазней — Глыбоцкую завочную школу. Служыў у арміі. Нядоўгі час меў справу з работай масавіка ў сельскім клубе. Працаваў у сельскіх Саветах — і сакратаром, і старшынёй, спачатку ў Груздаўскім, потым у Савіцкім. Але найбольш запомнілася работа ў сельскай гаспадарцы: у калгасах імя Леніна і “Рассвет” займаў пасады намесніка старшыні, выбіраўся сакратаром партарга­нізацый. Прызнаваўся: “Вось гэта было маё, адчуваў сябе на сваім месцы”.

Ёсць у біяграфіі Р. С. Рамбальскага і такі радок: ­удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Праўда, у яго лёсе не было суровых чатырох гадоў ад званка да званка, прызваны быў у 1945-ым. Тым не менш вайна ёсць вайна. Пра ўсё ветэран расказваў, не блытаючыся ў падзеях і датах. Выпісвае і чытае раённую газету, глядзіць тэлевізар, цікавіцца ўсім, што дзеецца ў свеце. Сёе-тое абмяркоўваў і з намі. Асаблівая гаворка ў Роберта Сільвестравіча была з Паўлам Пятровічам Рагінем, які разам з дырэктарам Юнькаўскага СДК Інай Андрэеўнай Дзеравянка і кіраўніком народнага жаночага клуба “Юнчанка” Нінай Андрэеўнай Мальцавай забяспечваў музычнае суправаджэнне святочнай падзеі. Мужчыны ўзгадалі той час, калі яшчэ былі груздаўскія дзяды і знакамітыя музыкі,  сярод якіх Пётр Пятровіч Рагіня, бацька сённяшняга маэстра, якія дзівілі наваколле сваім талентам.

Роберт Сільвестравіч цяпер жыве адзін, але адзінокім сябе не адчувае. Унучка Алеся, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, двойчы на дзень звоніць, цікавіцца здароўем, нярэдка наведваецца, прывозіць неабходныя лекі. Пастаянны догляд ажыццяўляе работнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Францаўна Папко. Роберт Сільвестравіч сам тэлефануе знаёмым, адказвае на званкі.

Так і праходзяць дні, месяцы, гады, і каляндар ужо адлічыў 90. Госці шчыра віншавалі Роберта Сільвестравіча з юбілеем, жадалі яму здароўя, цеплыні і ўвагі ад родных, даўгалецця. Ліліся застольныя песні, гучала музыка, у тым ліку “Славянка” і груздаўская полька, ад якой у юбіляра “ногі ў танцы прасіліся”.

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.