Іван Нігруца: “Шчаслівы выступаць дома” (+фота з дабрачыннага канцэрта)

Культура

Пастаўчанін Іван Нігруца даўно пакарае беларускі музычны алімп. Ён удзельнік і пераможца самых розных конкурсаў: лаўрэат фестываляў “Листопад”, “Европа Плюс”, першага ўсебеларускага конкурсу маладых выканаўцаў “MuzZone” — спіс дасягненняў можна працягваць доўга.

На пастаўскую сцэну Іван выходзіў пяць гадоў назад, калі разам з вядомым доктарам Сайковым удзельнічаў у дабрачынным канцэрце па зборы сродкаў для радзільнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы. І вось 27 студзеня прыехаў у родны горад зноў з высакароднай місіяй  — дапамагчы сабраць грошы на лячэнне трохгадовай Сафіі Шылей. Перад канцэртам наш таленавіты зямляк ахвотна расказаў пра сябе і сваю творчасць.

Іван, якія ў цябе ўспаміны пра дзяцінства?

— Яно прайшло з сябрамі ў дварах. Шматлікія сустрэчы, рухомыя гульні, песні пад гітару — дадому было не загнаць! Мяне заўсёды вабіла музыка, праўда, у музычную школу так і не пайшоў. Туды адправілі старэйшага брата, вучоба ў ёй не прыносіла яму ніякага задавальнення. Гледзячы на яго, бацькі вырашылі больш не эксперыментаваць. Тым не менш любімай справай я займаўся. Настаўніца спеваў у СШ №2 Ганна Віктараўна Мароз прапанавала стварыць ансамбль і выступаць на школьных вечарах, што мы з адна­класнікамі паспяхова і рабілі.

Дзе атрымліваў далейшую адукацыю?

— Не магу сказаць, што вызначаўся поспехамі ў вучобе, таму пасля дзевяці класаў паступіў у Пастаўскае прафтэхвучылішча на майстра сельскагаспадарчай вытворчасці. Аднак хутка зразумеў, што гэта зусім не маё і што трэба штосьці мяняць. Цяпер і не ведаю, як на гэта рашыўся, але забраў дакументы і паехаў “штурмаваць” Наваполацкае музычнае вучылішча. Разумеў: без папярэдняй адукацыі здаць экзамены бу­дзе няпроста. На шчасце, паступіў, у многім дзякуючы тагачаснаму дырэктару, яго чалавечным адносінам. Магчыма, ён захацеў дапамагчы — у мяне была складаная сітуацыя ў сям’і: цяжка хварэла мама. Магчыма, убачыў у маіх вачах мэтанакіраванасць, рашучасць, цягу да вучобы.

Чым запомніліся гады студэнцтва?

— Аднакурснікі ўжо гралі музычныя творы, мне ж даводзілася пачынаць з азоў. Прапанавалі курс ударных інструментаў — з радасцю згадзіўся, бо падабалася, у школе ўжо спрабаваў сябе ў гэтай справе. Вучыцца любіў, выкладчыкі вызначаліся прафесіяналізмам і цярплівасцю. Дзяржэкзамены здаў на выдатна. Атрымаў дыплом па спецыяльнасцях “Артыст аркестра”, “Дырыжор”, “Выкладчык па класе ўдарных інструментаў”.

Наваполацк стаў для меня асаблівым горадам, з якім звязана безліч успамінаў. Там я з галавой акунуўся ў культурнае жыццё — а яно віравала. Дзей­нічалі цэнтры нацыянальнай культуры, дзе збіраліся музыканты, мастакі. Адбыўся шэраг творчых знаёмстваў, якія станоўча на мяне паўплывалі. Займаў прызавыя месцы ў шматлікіх фестывалях, конкурсах, у тым ліку і як аўтар-выканаўца. Песні пачаў пісаць дзесьці на другім курсе. Адну з іх узяў для выканання Уладзімір Ухцінскі — у мяне ўжо тады пачалі завязвацца знаёмствы з беларускімі эстраднымі выканаўцамі.

Як апынуўся ў Мінску?

— Планаваў паступаць у Інстытут культуры на вакальнае ад­дзяленне. Не хапіла літаральна паўбала, прычым не па профіль­ным прадмеце. Як і многія творцы, якія прыязджаюць пакараць сталіцу, працаваў грузчыкам (смяецца — аўт.). Давялося паспрабаваць сябе і ў ролі прадаўца, упакоўшчыка пластыку… Адным з вызначальных у маім жыцці стала знаёмства з беларускім кампазітарам, аранжыроўшчыкам, паэтам Святаславам Пазняком. Ён аўтар песень для Іны Афанасьевай, Аляксея Хлястова і іншых вядомых выканаўцаў. Пачаўся новы творчы этап. Мае песні сталі гучаць не толькі на беларускіх радыёстанцыях, але і ў Маскве, Санкт-Пецярбургу. Музыка стала паступова прыносіць даход. Шэсць гадоў назад стаў спяваць у кавер-гурце “Скорая помощь” — выступаем у рэстаранах, на ўрачыстасцях. У Мінску пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай, яна маё натхненне, падтрымка ва ўсім. У нас падрастае васьмігадовы сын Ян (маю маму, якая памерла зусім маладой, звалі Яна).

Хацелі б, каб сын таксама стаў музыкантам?

— Пакуль у яго іншае захапленне — каратэ. Каб падтрымаць яго, пайшоў займацца гэтым відам спорту і сам, тым больш што гэта было маёй марай дзя­цінства. Ужо атрымаў 5 Кю і сіні пояс. Безумоўна, хачу, каб сын сябе знайшоў. У якой галіне менавіта — падкажа час. Як бы банальна ні гучала, галоўнае, каб было здароўе. Праводзячы дабрачынныя канцэрты, пераасэнсоўваеш жыццёвыя каштоўнасці, па-іншаму глядзіш на многія рэчы.

Раскажы пра супрацоўніцтва з доктарам Сайковым.

— Нас пазнаёміў С. Пазняк, які на той момант быў кампазітарам і прадзюсерам доктара Сайкова. Я напісаў для яго некалькі песень, сталі выступаць разам. Удзельнічаем у дабрачынных праектах у розных гарадах. Ад прапановы выступіць у Паставах мае калегі не адмовіліся, прычым зрабілі гэта абсалютна бясплатна.

Мне шчыра хацелася дапамагчы сям’і Шылей. З татам Сафіі Дзімам знаёмы з пясочніцы — ужо больш за трыццаць гадоў. Да нашага сяброўства стаўлюся вельмі трапятліва. З самага пачатку ведаў, як мужна гэта сям’я змагаецца з хваробай маленькай дачушкі, колькі маральных сіл і матэрыяльных сродкаў гэта каштуе. Зразумела, што я не мільянер, не магу дапамагчы вялікай сумай грошай. Таму мы з сябрамі і прыехалі з канцэртам.

З якім настроем наведваешся ў Паставы і ці часта гэта робіш?

— Часцей чым адзін раз у 3-4 месяцы бываць не атрымліваецца. У Паставы заўсёды прыязджаю з асаблівымі пачуццямі. Гэта горад дзяцінства, дзе жывуць родныя, лепшыя сябры, з якім звязана шмат дарагіх сэрцу ўспамінаў. Мае землякі мне нямала дапамаглі ў жыцці. З Віктарам Аскіркам здымалі кліп на маю песню “Ангел мой”. На пачатковым этапе сталічнага жыцця вельмі падтрымаў  Стас Лапко з Варапаева — ён вядомы аранжыроўшчык, працуе з многімі артыстамі. Як мегапрафесіняла сваёй справы ўспамінаю Мікалая Анатольевіча Карпенку, лідара народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”, які ў многім паўплываў на маю творчасць.

Падзелішся творчымі планамі?

— Цяпер завяршаю работу над выпускам першага ўласнага дыска, у які ўвойдзе 15 кампазіцый. Вясной плануем зладзіць у Мінску яго вялікую прэзентацыю, а пасля арганізаваць канцэртны тур па Беларусі. Не выключана, што зноў прыедзем у Паставы, падключым да праграмы іншых артыстаў. Ёсць думкі прывезці ў райцэнтр і лялечны тэатр (з ім працуе мой блізкі сябар), арга­нізаваць бясплатны канцэрт для дзяцей  з абмежаванымі магчымасцямі.

Вельмі ўдзячны пастаўчанам, якія не засталіся раўнадушнымі да чужой бяды і маёй творчасці, купілі білеты. Заўсёды шчаслівы выступаць дома і спадзяюся, гэта будзе адбывацца часцей. Я гатовы да супрацоўніцтва, з радасцю прыеду і на іншыя мерапрыемствы.

Канцэрт у той дзень прайшоў на ўра. Пра высокапрафесійнае выступленне Івана Нігруцы, доктара Сайкова, Святаслава Пазняка давялося пачуць вельмі шмат шчырых станоўчых водзываў. Гледачы сыходзіліся на думцы: канцэрт атрымаўся лёгкім, вельмі душэўным, эмацыянальным.

Для сям’і Шылей мерапрыемства стала неверагодна хвалюючым.

— Цяжка падабраць словы, каб выказаць удзячнасць усім, хто нас падтрымаў, — гаварыла пазней Рыта Шылей. — На канцэрт было прададзена 650 білетаў пры 500 пасадачных месцах. Як удакладніла дырэктар раённага Дома культуры А. Б. Чарнюк, гэта абсалютны рэкорд. Шмат гледачоў проста перадавалі нам у фае грошы, канверты з цёплымі, кранальнымі да слёз пажаданнямі. Дзякуй артыстам, якім удалося стварыць падчас канцэрта такую светлую энергетыку, Але Баляславаўне Чарнюк — за прадастаўленую магчымасць правесці такое мерапрыемства, сябрам, якія дапамагалі распаўсюджваць білеты. Таксама нашу сям’ю вельмі падтрымалі ксёндз Анджэй Возьняк і парафіяне пастаўскага касцёла, айцец Валерый Пашкевіч, выхаванцы нядзельнай школы і прыхаджане храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, дзе напярэдадні былі праведзены дабрачынныя акцыі. Не засталіся ўбаку дзіцячы садок “Крынічка”, супрацоўнікі пастаўскага аддзялення ЦБУ № 230 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк”, іншыя арганізацыі, якія пералічылі сродкі на наш рахунак. Спонсарскую дапамогу аказала і ТАА “Митаро”.

Агульнымі намаганнямі ўдалося сабраць немалую суму. Усе сродкі будуць зрасходаваны на курсы рэабілітацыі ў варшаўскім цэнтры “Olinek”, а таксама ў адной з кітайскіх клінік — паездка ў Паднябесную запланавана на восень.

—            Разам мы можам многае, і дабрачынны канцэрт — гэтаму пацвярджэнне, — працягвала Рыта. — Веру, што дабро  бумерангам абавязкова вернецца да кожнага ў дом.

Сям'я Шылей

Іна СНЯЖКОВА.

Фота С. ВШЫЎКАВА.



1 комментарий по теме “Іван Нігруца: “Шчаслівы выступаць дома” (+фота з дабрачыннага канцэрта)

  1. Матэрыял класны!!!!! Кранае за душу, бо напісаны ад душы.Дзякуй,Іна.Так трымаць, зямлячка! А фотаздымкі проста класныя.Сапраўды прафесіянал,хаця чалавека не ведаю.Раскажыце пра яго,калі ласка.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.