Калі прафесія — прызванне

Общество

Сёння герой нашай рубрыкі — дырэктар Варапаеўскай СШ Віктар Мікалаевіч Жук, цікавы чалавек і субяседнік, таленавіты кіраўнік і цудоўны педагог. Рабоце ў школе ён аддаў палову жыцця (на днях адсвяткаваў свой залаты юбілей) і адносіцца да ліку тых настаўнікаў, якія па-сапраўднаму любяць сваю нялёгкую прафесію і дзяцей, імкнуцца па­дзяліцца з вучнямі ўсім, што ведаюць і ўмеюць самі.

— Віктар Мікалаевіч, чаму вы выбралі прафесію педагога — сталі выкладчыкам нямецкай мовы?

— Я настаўнік не толькі нямецкай мовы, але і гісторыі — гэта мая асноўная спецыяльнасць. Калі выбіраў навучальную ўстанову, паўплывала не столькі жаданне стаць педагогам, колькі інтарэс да самой гісторыі. А абу­дзіла яго настаўніца Валкоўскай СШ, якую заканчваў, Лілія Аляксандраўна Кучыц. Дзякуючы ёй у 6-7 класе я захапіўся прадметам. Спачатку перачытаў усю ваенную гісторыю: мемуары партызан і г.д., потым стаў “капаць” глыбей… Пасля дзесяцігодкі паступіў на гістарычны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Там аказалася, што другая спецыяльнасць — замежная мова. І так атрымалася, што зараз выкладаю менавіта яе.

— А дзе пачыналі працоўную дзейнасць?

— Пасля інстытута адразу трапіў у Варапаева. Але да гэтага прайшоў добрую практыку — 7 месяцаў, з верасня 1989 года па 1 красавіка 1990-га, адпрацаваў у Крыўскай базавай школе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тыя мясціны пакінулі многія настаўнікі, і Міністэрства адукацыі звярнулася да нас, студэнтаў 5-ых курсаў, з просьбай дапамагчы ў школах, дзе не хапала кадраў. Мы заставаліся вочнікамі, але ў Мінск прыязджалі толькі на сесію — здаваць залікі і экзамены. У Крыўскай БШ, акрамя гісторыі, я выкладаў геаграфію і фізкультуру, таксама быў класным кіраўніком. Работу ў ёй лічу пачаткам сваёй прафесійнай дзейнасці, падчас якой многаму навучыўся.

— Ці апраўдаліся вашы чаканні, калі прыйшлі ў школу? Такой уяўлялі будучую работу?

— У цэлым так. На 4 курсе я праходзіў практыку ў гімназіі ў Мінску. Класы там былі вельмі вялікія. Восем паралеляў 8-ых класаў, сярод іх спартыўныя — хакейныя, дзе вучыліся толькі хлопцы. Зразумела, які ў іх галоўны інтарэс. І перада мной стаяла задача — зацікавіць падлеткаў гісторыяй, што ў прынцыпе пачало атрымлівацца. Увогуле, прыйшоўшы ў школу ў якасці педагога, я не зрабіў для сябе нейкіх адкрыццяў. З самага пачатку ведаў, што мяне чакае і з чым давя­дзецца сутыкнуцца.

— Вы адпрацавалі ў школе чвэрць стагоддзя. Наколькі яна змянілася за гэты час?

— Калі гаварыць пра Варапаеўскую СШ, то намнога зменшылася колькасць вучняў, практычна зніклі паралелі ў класах. Ну, а дзеці… Яны ва ўсе часы застаюцца дзецьмі, таму немагчыма параўнаць, калі былі лепшыя, а калі — горшыя. Канешне, у 90-ыя гады з-за адсутнасці розных гаджэтаў менш было магчымасцей атрымліваць інфармацыю, сельскія школы ў адрозненне ад гарадскіх у многім адчувалі сябе абдзеленымі. Цяпер жа вучні больш прасунутыя, часам хутчэй за педагогаў арыентуюцца ў сучасных тэхналогіях і могуць нешта знайсці. Гэтыя тэхналогіі дазваляюць ім дабівацца не горшых вынікаў, чым гарадскім равеснікам. Што ж датычыць патрабаванняў да настаўнікаў і вучняў, то тут вялікіх змен не адбылося. Як стаяла перад педагогамі задача даваць якасныя веды, а перад вучнямі — умець іх узяць, так яна і засталася.

— Шмат гадоў Варапаеўская СШ падтрымлівае сувязі з рэальнай школай нямецкага горада Герцагенаўрах. Раскажыце, з чаго ўсё пачалося?

— Вытокі нашага сяброўства ў 1939 годзе. Калі пачалася ІІ Сусветная вайна і Германія напала на Польшчу, многія салдаты польскай арміі, у якой служылі і жыхары Заходняй Беларусі, трапілі ў палон. У ліку такіх быў і ўраджэнец вёскі Галбея, што недалёка ад Варапаева. Ён аказаўся ў лагеры на тэрыторыі Баварыі, адкуль сям’я мясцовага баўэра (фермера) узяла яго да сябе на работу. Адна з дачок гаспадара закахалася ў ваеннапалоннага. І пасля заканчэння вайны ён застаўся там, ажаніўся, у яго нарадзіліся дзве дзяўчынкі. Адна з іх, Марга, у далейшым стала настаўніцай.

Калі ў СССР пачалася перабудова, яна паспрабавала знайсці родных у Беларусі і ў 1990 годзе прыехала ў Галбею. А паколькі не ведала рускай мовы, звярнулася ў нашу школу з просьбай дапамагчы з перакладам. Тады  настаўніцай нямецкай мовы ў нас працавала Святлана Ар­сеньеўна Іванова, вельмі добры спецыяліст, якая і выступіла ў ролі перакладчыка. Жанчыны пасябравалі, і Марга прапанавала далей развіваць адносіны паміж школамі, наладзіць міжшкольны абмен. Спачатку ў Герцагенаўрах з’ездзіў наш былы дырэктар Алег Лявонцьевіч Лапушынскі са Святланай Арсеньеўнай і падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве. А восенню 1993 года першая дэлегацыя нямецкіх дзяцей разам з настаўнікамі прыбыла ў Варапаева. З таго часу адбылося ўжо дзевяць абменаў.

— І што дае гэта сяброўства дзецям і педагогам?

— Акрамя таго, што нашы вучні могуць удасканаліць сваё веданне нямецкай мовы ў працэсе зносін, яны знаёмяцца з культурай, шматлікімі славутасцямі ў Германіі і Беларусі падчас экскурсій, якія арганізуем для гасцей і ў якіх удзельнічаюць і варапаеўскія школьнікі. Адпаведна, ёсць магчымасць лепш пазнаць сваю краіну. Таксама паездкі дапамагаюць паказаць дзецям, што і ў адной, і ў другой краіне людзі хочуць жыць у міры. Не менш важная моўная практыка і для педагогаў, якія не жадаюць спыняцца ў сваім прафесійным развіцці. Ды і наогул, мы многае пачэрпнулі ў Германіі: азнаёмілі­ся з іх сістэмай адукацыі, спосабамі і метадамі, якія выкарыстоўваюць нямецкія калегі ў рабоце.

— У цэлым, што можаце сказаць пра калектыў школы?

— Ён вопытны, з’яднаны, высокапрафесійны. Кожны педагог балее за сваю справу, працуе на вынік. І ён у нас ёсць. У гэтым навучальным годзе варапаеўскія школьнікі заваявалі 22 дыпломы на раённым этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, па іх колькасці мы занялі трэцяе месца ў раёне пасля СШ №1 і гімназіі. Маем два дыпломы — першай і трэцяй ступені — і на абласным этапе. Гэта найлепшы вынік сярод усіх школ Пастаўшчыны.

— Напэўна, ганарыцеся і выпускнікамі?

— Безумоўна. У нас штогод даволі высокая паступальнасць выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, летась, напрыклад, склала 60 працэнтаў. І мы стараемся стварыць для вучняў усе ўмовы, каб яны маглі добра падрыхтавацца да ўступных іспытаў. Ужо колькі гадоў арганізуем на базе школы рэпетыцыйнае тэсціраванне, па запытах вучняў адкрываем усемагчымыя факультатывы. Ды і на ўроках настаўнікі даюць дзецям грунтоўныя веды, якіх, калі не ленавацца і як след вучыцца, дастаткова, каб стаць студэнтамі самых прэстыжных ВНУ краіны.

Сёння нашы выпускнікі працуюць літаральна ва ўсіх сферах гаспадаркі. Сярод іх няма хіба толькі касманаўтаў. Многія праявілі сябе не толькі на раённым і абласным, але і на рэспубліканскім узроўні. Гэта ў першую чаргу былы рэктар Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, а зараз член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны Мікалай Уладзіміравіч Казаровец.

— Ці шмат сярод былых вучняў школы педагогаў?

— Нямала. Толькі ў нашым калектыве добрая палова настаўнікаў — яе выпускнікі. Штогод педагагічныя спецыяльнасці выбіраюць 10-15 працэнтаў 11-класнікаў школы. І тут адыгрывае ролю не толькі прафарыентацыйная работа са старшакласнікамі, якую праводзім. Вялікае значэнне мае асабісты прыклад настаўніка, вынік, які ён атрымлівае. Гэта садзейнічае таму, што дзеці заці­каўліваюцца прафесіяй, жадаюць таксама паказаць вынікі.

— Як лічыце, складана быць настаўнікам у сучаснай школе?

— Думаю, не складаней, чым урачом ці інжынерам. У кожнай рабоце ёсць свае цяжкасці. У нашай прафесіі яна ў першую чаргу ў тым, што мы працуем не з механізмамі ці прыборамі, а з людзьмі, прычым маленькімі. Дзіця — нібы чысты сшытак, у які трэба ўнесці тое, што дапаможа яму стаць чалавекам з вялікай літары.

— На працягу 15 гадоў вы з’яўляецеся дырэктарам школы. Ці ёсць магчымасць у поўнай меры рэалізаваць свой педагагічны патэнцыял?

— Нас, дырэктараў, часам жартам называюць галоўнымі загадчыкамі гаспадаркі, бо мы займаемся абсалютна ўсімі пытаннямі жыццядзейнасці школы. Зразумела, адміністрацыйная работа патрабуе шмат часу, і можна адмовіцца ад гадзін выкладання. Але, каб не страціць кваліфікацыю, неабходна прыходзіць у клас у якасці настаўніка. Што я і раблю. Зараз выкладаю нямецкую мову ў 9—11 класах, атрымліваецца 9 гадзін у тыдзень. Гэта максімум, што магу ўзяць, знаходзячыся на пасадзе дырэктара.

— Няўжо ніколі не было жадання змяніць прафесію?

— Не тое што жадання, нават думкі не ўзнікала пакінуць школу і заняцца чымсьці іншым. Нягледзячы на тое, што часам і зарплата была зусім нізкая, і затрымлівалі яе. Педагогіка — гэта маё. У ёй знайшоў сябе і атрымліваю ад сваёй работы задавальненне.

— Хто-небудзь з родных пайшоў па вашых слядах — стаў педагогам?

— Старэйшая дачка пазалетась закончыла Віцебскі педуніверсітэт імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці “Геаграфія”. Па размеркаванні замацавалася ў Глыбоцкім раёне, але папрацаваць не паспела — пайшла ў дэкрэтны водпуск. Хоць спецыяльнасць дае ёй магчымасць знайсці работу ў турыстычнай і землеўпарадкавальнай сферах, ахове прыроды, свой прафесійны шлях збіраецца звязаць менавіта са школай.

— Раскажыце, як звычайна адпачываеце ад працоўных будняў?

— Самае вялікае маё хобі летам — рыбалка, восенню — грыбы. Пасядзець з вудачкай каля ракі або прайсці з дзясятак кіламетраў па лесе — найлепшы адпачынак. Не забываю і спорт. З задавальненнем гуляю ў шашкі, шахматы, настольны тэніс, валейбол. Разам з педагогамі школы ўдзельнічаю ў штогадовай спартакіядзе работнікаў адукацыі. Дарэчы, у ёй мы штогод займаем прызавыя месцы. З дзяцінства люблю чытаць. Аддаю перавагу навуковай фантастыцы і дэтэктывам. З аўтараў асабліва падабаюцца У. Караткевіч і В. Пікуль.

— Вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам? Калі так, то чаму?

— Канешне, лічу. Я выканаў усю “праграму” сапраўднага мужчыны: пабудаваў уласнымі рукамі дом, пасадзіў дастаткова дрэў і выгадаваў з жонкай трох дачок, якія адназначна заменяць сына. Маю паўтарагадовую ўнучку. Менавіта яна і дочкі — маё самае вялікае шчасце.

Гутарыла

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.