Кропка на карце: вёска Курты


Вёска Курты знаходзіцца на тэрыторыі Ярэўскага сельсавета, за 6 кіламетраў ад Пастаў. У 1905 годзе тут пражывала амаль 250 жыхароў, у 1963-ім — 189. Працавалі пачатковая школа і магазін. Цяпер мясцовых засталося няшмат. Зімой у вёсцы пануе зацішша. Першымі абудзяць наваколле сваім клёкатам буслы. Яны  аблюбавалі гэтыя мясціны і пабудавалі тут сем гнёздаў. Як толькі пачне прачынацца прырода, на дачныя ўчасткі стануць прыязджаць іх гаспадары, на летнія канікулы — унукі і праўнукі. І тады вёска напоўніцца гоманам, памаладзеюць душой старажылы. А пакуль яны жывуць успамінамі пра мінулае. Хоць часам нялёгкае, але вясёлае. 

Візітная картка вёскі

Кожнага, хто ўязджае ў Курты, сустракае крыж. Ярка памаляваны, упрыгожаны штучнымі кветкамі. Побач — акуратны дом, ля якога ідэальны парадак. Гаспадыня Ганна Юльянаўна Курто вітае мяне на парозе, запрашае ў светлы прасторны пакой з мноствам кветак. Жанчына ходзіць з дапамогай палачкі.

— Хто ж у вас за парадкам сочыць? — пытаюся.

— А ён яшчэ ад майго мужа застаўся, — апавядае. — Сапраўдным гаспадаром быў. Дровы ледзь не пад лінейку пілаваў, складваў паленца да паленца — люба паглядзець. Цяпер сын з дачкой гэты парадак падтрымліваюць. Яны жывуць у Андронах, часта прыяз­джаюць. Дом першы на вуліцы, ён як візітная картка вёскі. Трэба трымаць марку.

Ганна Юльянаўна ўспамінала мінулае. Вёска была вялікая, моладзі шмат. Якія вясёлыя святы ла­дзіліся! Найчасцей вяскоўцы збіраліся ў хаце Ганніных бацькоў. У Куртах шырока адзначалі Спас, у Мажэйкі хадзілі на фэст Святога Антонія, у Хацілы — на Міколу. На «Жаніцьбу Цярэшкі» збіралася па 25 пар. Гулялі ў фанты, іншыя гульні. Яе Антон — выдатны музыкант. Сябравалі з дзяцінства, вучыліся ў адным класе. Ганна тры гады чакала яго з войска.

Куртаўскія дзяўчаты: Ганна Юльянаўна ў цэнтры ў першым радзе.
Моладзь і дзеці Куртаў (1967 год).

Абжываліся, гадавалі дзяцей. Ганна Юльянаўна працавала ў паляводстве, муж — механізатарам. Яны паважаныя ў вёсцы людзі.

— Другі год няма майго Антона, — не стрымлівае слёз жанчына. — Сумна адной. З ім мы пражылі душа ў душу. Цяпер радуюся за ўнукаў, цешуся з праўнука Арцёмкі. Не веру, што наша вёска памрэ. Не стане нас — застануцца дачнікі, якія ўдыхнулі другое жыццё ў вясковыя хаты.

Рукі помняць рычагі гусеніка

Данат Юльянавіч Кірп­люк — адзін са старэйшых жыхароў Куртаў. Яму ідзе 86-ы год. Нарадзіўся ў вялікай сям’і, у яго былі сястра і чатыры браты. Тры з іх загінулі на фронце, адзін — у шахце на Данбасе.

Данат тэрміновую службу праходзіў на Чукотцы, потым перавялі на Камчатку. Дадому ехаў больш за месяц. Вывучыўся на механізатара і да выхаду на пенсію адпрацаваў на гусенічным трактары. Ажаніўся з куртаўскай дзяўчынай. Паколькі ў бацькоўскім доме жыў яшчэ адзін брат з сям’ёй, сястра і бацькі, пайшоў у прымакі. Неўзабаве ўзяліся ўзводзіць уласны дом. У полі быў заняты ад цямна да цямна, таму дом будаваў начамі пры святле месяца. Жонка была даяркай.

Кірплюкі выхавалі трох дачок, дапамаглі ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Лена працуе бухгалтарам у шпіталі, Люда — у Віцебску ў паліклініцы, Ніна — правізар, жыве ў Бабруйску. Яе і застала ў бацькоў.

— Цяжка хварэе мама, — расказвала Ніна. — Тату складана яе даглядаць. Штодня наведваецца старэйшая, Лена. А мы з сярэдняй сястрой прыязджаем па меры магчымасці. Хоць усе маем свае сем’і, настальгія па Куртах застаецца. Радзіма — гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека. З ёй звязаны самыя светлыя ўспаміны. У вёсцы было шмат дзяцей. Збіраліся то на рэчцы, то ў мяч гулялі. І працавалі нямала: бацькам стараліся ва ўсім дапамагаць. Я любіла бегаць да таты і катацца з ім на трактары. І самой хацелася сесці за рычагі. А якім смачным быў абед  з татам у полі! Мы гутарылі на розныя тэмы. Шкада, што гады хутка бягуць, бацькоў даймаюць хваробы.

У Туле нарадзілася, у Куртах прыгадзілася

Пра тое, што Галіна Мікалаеўна не мясцовая, выдае яе гаворка.

— Хоць 46 гадоў пражыла ў Беларусі, а гаварыць па-мясцоваму не навучылася, — расказвала. — Родам я з Тулы. А Валік у нашым горадзе служыў. Так і пазнаёміліся.

Валянцін Кірплюк быў здоль­ным музыкантам. На баяне граў яго бацька, навыкі якога перадаліся сыну. Запрашалі граць вяселлі, вясковыя танцы, провады ў армію. Дзяўчаты так і ўвіваліся ля прыгажуна музыканта. І сумавалі, калі той пайшоў на тэрміновую службу.

Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся на радзіму, але без каханай Галі не змог. Пакінуў бацькоў і адправіўся назад, у Тулу, уладкаваўся там фрэзероўшчыкам на завод, ажаніўся. Маладая сям’я пачала жыць з маці і айчымам жонкі.

— Айчым быў няпростым чалавекам, — успамінала Галіна Мікалаеўна. — Ды і Валіка цягнула на радзіму. І я паехала з маленькім сынам за ім. Цяжка мне прыйшлося. У той час куртаўскія хлопцы жаніліся толькі з куртаўскімі дзяўчатамі, а я была чужой для ўсіх. Ніякай вясковай работы рабіць не ўмела. Але жыццё ўсяму навучыла. Потым свякроў нават хваліла за тое, што раблю акуратна, талкова.

Спачатку маладыя Кірплюкі жылі ў Хацілах, пазней бацькі ўгаварылі перабрацца блі­жэй да іх, у бабуліну хату. Падрамантавалі яе, абжылі. Валянцін Браніслававіч працаваў на малакавозе. Рана выязджаў з дома, з цямном вяртаўся. Галіна Мікалаеўна была малаказборшчыцай, паш­тальёнам, а калі трэба было — і лён уручную рвала, сартавала яго, палола дзялянкі буракоў. Займалася і хатняй гаспадаркай, выхаваннем двух сыноў і дачкі. З Тулы прывезла і дагледзела старую маці.

— Валік яшчэ малайчына! — гаварыла жанчына. — Каня калгаснага даглядае, сена яму нарыхтоўвае, вясной агароды   ўзарэ і сабе, і куртаўскім удовам, і іншым, хто папросіць. Грыбным часам з лесу не вылазіць, па колькі разоў на дзень упраўляецца схадзіць! А ў мяне здароўя няма: баляць ногі, спіна. Каб час зімой ішоў хутчэй, займаюся вязаннем. Дзецям, унукам шкарпэткі вяжу, іншыя цёплыя рэчы.

Варвара-краса

Варвара Тар’еўна — стараверка, Франц Іосіфавіч — католік. А злучыла іх вялікае каханне.

Варвара Тар’еўна падчас вучобы ў тэхнікуме (у ніжнім радзе справа)

— Не толькі бацькі, але і  радня, ды нават вяскоўцы былі супраць нашага шлюбу, — успаміналі. — Але мы прыслухоўваліся не да іх парад, а да сваіх сэрцаў.  І ўжо больш за сорак гадоў разам.

Доўгі час жылі са свекрывёй. Тая ацаніла нявестчыну дабрыню, прыветнасць. Пазней Варвара Тар’еўна і сваю хворую маму забрала ў Курты і даглядала.

Працавала ветфельчарам. Колькі дабра зрабіла людзям! У аднаго карова расцяліцца не можа, у другога парася захварэла, у трэцяга — авечка. І ўсе звярталіся да Тар’еўны. А яна ў любы час сутак  спяшалася на дапамогу. Цяпер з’яўляецца старэйшынай вёскі

Франц Іосіфавіч быў звеннявым па вырошчванні бульбы, ільну. І якія ўраджаі атрымліваў! За добрасумленную працу ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы II і III ступеняў.

—  А цяпер з кута ў кут — і вечар тут, — жартуюць Курто. — Летам яшчэ нейкая справа знаходзіцца, зімой жа  адпачываем. Два сыны жывуць у Паставах. Чакаем іх і ўнукаў. Яны наша радасць.

Працай апантаныя

Марыя, закончыўшы сярэднюю школу, паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум вучыцца на агранома. Але сяброўка не прайшла па конкурсе, і яна забрала дакументы. Вярнулася ў сваё Хрыстова. Неўзабаве ёй прапанавалі работу піянерважатай. Затым накіравалі ў Куртаўскую пачатковую школу настаўніцай.

Кватаравала ў людзей, у якіх быў адзін на ўсю вёску тэлевізар. Моладзь любіла збірацца ў гэтай хаце. Там і прыглянулася Альберту Шубельку, які к таму часу толькі адслужыў у арміі і працаваў брыга­дзірам. Высокі, з пышным чубам валасоў — ён быў марай не адной дзяўчыны.

Куртаўскія хлопцы: першы злева — Франц Курто, першы справа — Альберт Шубелька (1968 год).

— На ўсё лёс, — гаварыў Альберт Іосіфавіч. — Служыў у Казані, быў памочнікам камандзіра ўзвода, пакідалі мяне на далейшую службу. А напісаў пра гэта дадому — мама прыслала слёзнае пісьмо, таму вымушаны быў вярнуцца. Напэўна, у горадзе лягчэй жылося б. Тут жа працай апантаныя.

Калі школу ў Куртах закрылі, Марыя Адольфаўна некаторы час працавала ў бухгалтэрыі былога калгаса імя Мічурына. За некалькі гадоў да выхаду на пенсію перайшла на ферму, дзе была вышэйшая зарплата.

— Цяжкая праца падарвала здароўе, — гаварыла. — Хаджу з палачкай. Часта прыходзіцца лячыцца ў бальніцы. А з гаспадаркай развітацца не можам. Летась прадалі карову, а парасяты, куры ёсць. Як жа без работы? І дзецям дапамагчы хочацца. Адзін сын жыве ў Хацілах, трымае гаспадарку, другі — у Мінску. У горадзе ўсё купляць трэба. Таму агуркі, памідоры, бульба з куртаўскага агарода не бываюць лішнімі. Ды і калі ў бацькоўскім доме збіраюцца, ёсць што на стол паставіць.

Ім тут усё даспадобы

Людміла Фёдараўна (злева) і Таццяна Фёдараўна (справа) з мамай Любоўю Ігнацьеўнай.

Трыццацігадовая Люба пакінула Беларусь у 1960 годзе. Яе Фёдар пасля жаніцьбы паехаў асвойваць цалінныя землі, а затым забраў і маладую жонку з  аднагадовай дачушкай Люсяй. У родную Васілеўшчыну, што на Варапаеўшчыне,  прыязджалі амаль кожны год. Жанчына патаемна марыла пра тое, што некалі вернецца на маленькую радзіму. Выраслі дочкі (малодшая, Таня, нарадзілася ў Казахстане), пастарэлі самі, а муж пакідаць абжытае месца не хацеў і свой вечны спачын знайшоў у чужой старонцы. Хапала праблем са здароўем і ў Любові Ігнацьеўны. Часта казала дочкам: «Каб дыхала беларускім паветрам, то і адчувала б сябе лепш».

Першай на пераезд на Пастаўшчыну рашылася Таня. У Хацілах жыве радня, яна і паклікала бліжэй да сябе.

— Купілі дом у Куртах, — расказвала Таццяна. — Я пайшла настаўнічаць у Целякоўскую школу, цяпер працую ў Хацілах у дзіцячым садку. Абзавяліся гаспадаркай. Усё тут і мне, і мужу, і дачцэ з сынам было даспадобы. Насця наша выйшла замуж у Хацілы. Сын жыве разам з намі. Расказвала сястры пра тое, што жывецца нам тут добра. Яна прыязджала ў госці. Летам 2014 года перавезлі ў Курты маму.

4 тысячы кіламетраў на машыне Любоў Ігнацьеўна перанесла лёгка. Хаця ўрачы не рэкамендавалі такі доўгі пераезд. І цяпер у свае 87 адчувае сябе добра. Старэйшая дачка, Людміла Фёдараўна, пераехала на радзіму ў снежні 2014-га.

— Прынялі нас у Куртах хораша, — гаварыла. — Без бюракратыі аформілі ўсе дакументы, вырашылі многія пытанні. Мы пастаянна любілі Беларусь, ведалі, што тут добразычлівыя людзі, спакойная абстаноўка. У Казахстане паважаюць Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Прыехалі толькі з самым неабходным: асабістымі рэчамі, пасцельнай бялізнай. Пакрыху набывалі мэблю, бытавую тэхніку. Нядаўна выкапалі калодзеж. Распрацавалі ўчастачак зямлі, разбілі клумбы. Пра пераезд у Беларусь пагаворвае дачка з сям’­ёй, а там, можа, і сын надумаецца.

— У Куртах вельмі добрыя, адкрытыя, непатрабавальныя людзі, — гаварыла Таццяна Фёдараўна. — Другое скліканне запар мяне выбіраюць дэпутатам Ярэўскага сельскага Савета. З якім пытаннем ні звярнулася б да вяскоўцаў, мяне зразумеюць і падтрымаюць. І я па магчымасці стараюся выконваць просьбы. Ні аднаго разу не пашкадавала, што прыехала сюды.

Дружок — надзейны сябра

Асноўны штодзённы клопат Ядвігі Іванаўны Кірплюк — сабака Дружок і куры.

— Адпрацавала сваё, — уздыхае. — Мне было 14, як памёр бацька. Засталіся з мамай удзвюх. У 20 выйшла замуж. Нарадзіўся сын, потым дачка. Я працавала даяркай, муж — трактарыстам. Як жа наша пакаленне працавала! Даілі, кармы раздавалі ўручную, на вадапой кароў да ракі ганялі, зімой прабівалі лунку і вёдрамі ваду цягалі ў карыта. Палягчэла, калі набылі даільныя апараты. А дома свая гаспадарка была вялікая. На адпачынак і часу не заставалася. Затое цяпер не ведаеш, чым дзень заняць. Крыху вяжу, перадачы па тэлевізары гляджу і чакаю прыезду дзяцей з Пастаў. Яны бываюць часта.

Не ва ўсіх куртаўцаў я пабывала: хтосьці быў на працы, іншыя ў ад’ездзе, некаторыя на зіму перабраліся да дзяцей. Але падчас гутаркі з тымі, з кім сустракалася, успаміналі паважаных вяскоўцаў Марыю Вітальеўну Курта,  Ядвігу Вікенцьеўну Курта, Генавефу Мікалаеўну Бука, Аліну Валяр’янаўну Курто, Юзэфу Іосі­фаўну Кірплюк. Гэтыя жанчыны цяпер жывуць у дачок, але летам наведваюцца на свае сядзібы, заўсёды рады сустрэчы з суседзямі.

З вёскай і яе жыхарамі знаёмілася Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.